4 сакавіка ў касцёле св. Казіміра ў Лепелі адбылося спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі.
Святой Імшы папярэднічала малітва і адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце.
Біскуп Алег Буткевіч на самым пачатку прывітаўшы прысутных, падзякаваў пробашчу кс. Уладзіміру Заянчкоўскаму за гасціннасць і падрыхтоўку да гэтага дня. Іерарх таксама адзначыў, што “традыцыйна збіраемся ў гэтай парафіі, каб адсвяткаваць успамін св. Казіміра, просячы заступніцтва Каралевіча, які сваім жыццём, пабожнасцю і адданасцю Богу, для нас з’яўляецца прыкладам і заступнікам”.
Гамілію іерарх прысвяціў асобе св. Казіміра і заахвоціў асабліва «звяртаць увагу на сферы нашага жыцця, бо калі спыняемся на духоўным узросце, то пачынаем жыццё сваё і іншых руйнаваць».
Пасля Імшы адбылася канферэнцыі для ксяндзоў і манахінь. Кс. доктар біблійнай тэалогіі Валерый Марціноўскі засяродзіўся разам з сёстрамі над метадамі Біблійнай інтэрпрэтацыі ў касцёле і заахвочваў у розных справах і жыццёвых абставінах трымацца Божай мудрасці, як у Кнізе Мудрасці Сіраха. Для святароў а. Аляксандр Жарнасек МІС казаў пра адзінства ў супольнасці і як да яго імкнуцца.
Агульнымі дыяцэзіяльнымі аб’явамі на бліжэйшы час і супольным абедам скончылася сустрэча.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


















