3 красавіка 2016 года парафія Божай Міласэрнасці ў аг. Пагошча (Браслаўскі р-н) адзначыла парафіяльнае свята.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Славамір Самковіч. На пачатку Эўхарыстыі святар прывітаў кс. Валерыя Орсіка з Оршы, які пераадолеў 340 км дарогі, каб прамовіць Божае слова, гасцей свята і саміх парафіянаў.
Падчас гаміліі, якую прамовіў запрошаны святар, аршанскі дзекан звярнуў увагу на тры звычайныя рэчы, якія патрабуе ад нас Езус: давер, учынкі і малітва.
«Гэта тры кіты, на якіх трымаецца жыццё кожнага з нас:
— Давер. Кажучы штодзённа, што любім Бога, мы павінны пазнаваць Яго праз удзел у Святой Эўхарыстыі, што сталі на крок бліжэй да гэтай Таямніцы. Пазнанне — гэта і ёсць любоў. Бог патрабуе ад нас шчырай адказнасці, каб мы ўсведамлялі, што робім. Чаму мы не ўмеем цаніць тое, што мы маем тут і цяпер, але марым толькі пра будучыню? Варта задумацца, ці я ўсведамляю ў якой таямніцы ўдзельнічаю сёння.
— Учынкі. Трэба дзяліцца тым, што маем. Варта задумацца, ці робім мы ўчынкі міласэрнасці для іншага чалавека. Не заўсёды чалавек патрабуе грошай, але часам звычайнай усмешкі і простых слоў «прабач» і «дзякуй».
— Малітва. Яна павінна быць трывалай. Ці я з’яўляюся духоўным заплеччам для сваіх родных? Запрашаю кожнага з вас да неперастаннай малітвы ў розных інтэнцыях з просьбамі і падзякамі.»
Пасля св. Імшы ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі прайшлі вакол святыні. На заканчэнне быў заспяваны ўрачысты гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».
Па запрашэнні кс. Славаміра, парафіяльную ўрачыстасць у Пагошчы сваім спевам упрыгожыў моладзевы хор з Глыбокага.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

























