Парафіяльнае свята адзначылі ў Лёзне

У суботу 25 верасня ў самым усходнім кутку нашай дыяцэзіі, —  парафіі святога айца Піа ў Лёзне — адбылося свята. А нагодаў для святкавання і ўзнясення падзякі Пану Богу было дастаткова. Па першае, гэта быў парафіяльны фэст – Урачыстасць святога айца Піа. Па другое – 20-ці годдзе заснавання парафіі.  Парафія заіснавала ў жніўне 2001 г. Згодна з рашэннем біскупа Уладзіслава Бліна, арганізацыя новай парафіі ў Лёзне была даручана ксяндзу Андрэю Бочару MS, пробашчу парафіі Маці Божай з Ля Салет у Віцебску. І па трэцяе, – 5-годдзе асвячэння касцёла, якое было здзейснена біскупам Алегам Буткевічам 25 верасня 2016 года.

Пробашч парафіі ксёндз Аляксей Ляшко запрасіў узначаліць цэлебрацыю Святой Імшы дэкана Віцебскага дэканата ксяндза доктара Валерыя Марціноўскага, пробашча катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Да святкавання далучыліся шматлікія і ганаровыя госці – ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч (дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь і Caritas Віцебскай дыяцэзіі), ксёндз канонік Віктар Місевіч (канцлер Віцебскай курыі), айцец Кляменцій Верт SJ (эканом Віцебскай дыяцэзіі), айцец Віктар Жук SJ (пробашч парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску), ксёндз Антон Лагуненак (пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску), ксёндз Раман Мурзіч (пробашч парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы), сёстры законныя, якія нясуць паслугу ў Віцебску, а таксама парафіяне з віцебскіх касцёлаў. Урачыстасць упрыгожваў спеў хору віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага.

Казанне падчас урачыстасці прамовіў ксёндз доктар Валерый Марціноўскі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на жыццё святога айца Піа, якое было цесна звязана з Евангеллем. Іншымі словамі кажучы, Евангелле стала жыццём айца Піа. Гэта было бачна ў тым, як айцец Піа цэлебраваў Святую Імшу, як яднаў грэшнікаў з Богам у сакраманце святой Споведзі, як размаўляў з людзьмі, як рабіў справы міласэрнасці.

Пасля Святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і ўсе прысутныя памаліліся Літаніяй да святога айца Піа, просячы яго заступніцтва, і прадстаўляючы яму свае падзякі і просьбы. Дзякавалі вернікі перад усім за дар веры, за дар парафіяльнай святыні, а таксама за дар святароў, якія неслі душпастырскую паслугу ў лёзненскай парафіі.

На заканчэнне парафіяльнай урачыстасці адбылося пасвячэнне фігуры Маці Божай, якое здзейсніў ксёндз канонік Віктар Місевіч і які таксама, ад імя біскупа Алега, выказаў асаблівыя словы падзякі парафіянам Івану Ходышу і Мікалаю Красаўцаву за актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці.  Фігура Маці Божай ўсталявана парафіянамі звонку святыні, як знак падзякі Пану Богу за 20 гадоў існавання парафіі, якая з’яўляецца месцам асаблівай малітвы на ўсходнім ускрайку дыяцэзіі. Па шматгадовай традыцыі, пасля набажэнства ўсіх прысутных чакаў смачны пачастунак.

Вікторыя Арфеева, тэкст
Іван Каташук, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі