Дзякуючы ініцыятыве Папы, бедныя, бяздомныя, бежанцы і мігранты наведаюць турнір «Golden Gala» – спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, якія 31 мая 2018 г. пройдуць на рымскім Алімпійскім стадыёне.
Ініцыятыва будзе рэалізавана ў супрацоўніцтве паміж Апостальскай элемазінарыяй – структурай Святога Пасада, якая ад імя Пантыфіка, займаецца дапамогай самым бедным, і Італьянскай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, якая прадставіць «беднякам Святога Айца» месцы на трыбунах.
Спецыяльныя госці прыбудуць на стадыён у суправаджэнні валанцёраў дзвюх дабрачынных арганізацый: Супольнасці св. Эгідзія і «Cooperativa Auxilium», а таксама супрацоўнікаў структур Апостальскай Сталіцы, якія ўваходзяць у склад лёгкаатлетычнай каманды «Athletica Vaticana».
Як адзначаюць арганізатары, мэта ініцыятывы ў тым, каб праз папулярны від спорту падарыць бедным вечар, прасякнуты атмасферай свята і сяброўства, а таксама звярнуць увагу на каштоўнасці гасціннасці і салідарнасці.
«Папа Францішак неаднаразова нагадваў, што бедныя маюць патрэбу не толькі ў ежы, вопратцы і месцы для начлегу, але і ў сяброўскім слове, усмешцы, нагодзе для радасці і здаровых забаў», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі.
Асобы, якія прыбудуць на турнір па запрашэнні Святога Айца, змогуць павячэраць прама на тэрыторыі Алімпійскага стадыёну, у сектары, які звычайна займаюць заўзятары футбольнага клуба «Roma».
Міжнародны турнір «Golden Gala» праходзіць у Рыме штогадова з 1980 г. За час яго правядзення было ўстаноўлена восем сусветных рэкордаў.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
