Спачылы напярэдадні новага 2023 года Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI згуляў важную ролю і ў развіцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Яна вылучаецца перадусім дзвюма важнымі з’явамі. З аднаго боку – гэта кадравыя змены на чале беларускага Касцёлу, а з другога – паглыбленне стасункаў паміж Ватыканам і ўладамі Беларусі. Пра гэта і не толькі – у нашым артыкуле.
Адстаўкі і прызначэнні
Ужо праз год пасля свайго абрання Папам, 14 чэрвеня 2006 года, Бэнэдыкт XVI прыняў адрачэнне ад кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй кардынала Казіміра Свёнтка, якому на той момант ішоў 92-і год і які 15 гадоў кіраваў сталічнай мітраполіяй. Замест кардынала часова кіраваць архідыяцэзіяй быў прызначаны біскуп Антоній Дзям’янка. А яшчэ праз год, 21 верасня 2007 года, Святы Айцец перавёў з Масквы ў Мінск арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які будзе займаць кафедру ў беларускай сталіцы наступныя 13 гадоў.
У 2012 годзе Папа Бэнэдыкт XVI прызначыць біскупам Пінскім ужо згаданага Антонія Дзям’янку. А 23 лютага 2013-га, усяго за некалькі дзён да сваёй уласнай адстаўкі, Пантыфік прыме адстаўку біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, месца якога праз некалькі месяцаў, ужо пры Папу Францішку, зойме біскуп Алег Буткевіч.
Стасункі з уладамі
Час пантыфікату Бэнэдыкта ХVI адзначыўся таксама ажыўленнем дыпламатычных стасункаў паміж Ватыканам і ўладамі Беларусі ды Беларускай праваслаўнай царквой. Паваротнымі можна лічыць 2008-2009 гады.
Гэтак, 29 мая 2008 года, прымаючы даверчыя граматы новага пасла Беларусі ў Ватыкане Сяргея Алейніка, які з нядаўняга часу ўзначальвае Міністэрства замежных справаў, Пантыфік адзначыў важную ролю нашай краіны ў паяднанні Еўропы і экуменічным працэсе.
А ўжо 18-22 чэрвеня Беларусь наведаў Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіа Бэртонэ. Падчас яго сустрэчаў з кіраўніцтвам краіны і Беларускай праваслаўнай царквы падымаліся важныя пытанні ўзаемадачыненняў, будаўніцтва новых святыняў, суіснавання хрысціянскіх канфесіяў. А таксама ўпершыню было заяўлена пра падрыхтоўку канкардату – пагаднення пра стасункі паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь і пра становішча Каталіцкага Касцёла ў краіне. Выклікаў прыезд кардынала Бэртонэ і ажыўленне сярод беларускіх вернікаў. «Папа вас любіць і моліцца за вас», – распавёў ён на сустрэчы з моладдзю.
А менш праз год, 27 красавіка 2009 года, Бэнэдыкт XVI прымаў у Ватыкане Аляксандра Лукашэнку з малодшым сынам. У 2008 і 2009 года Пантыфіку прынамсі двойчы перадавалі запрашэнне наведаць Беларусь. Праўда, сам візіт так і не адбыўся.
Таксама ў 2009 і 2011 гадах Беларусі наведвалі старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству – кардыналы Вальтэр Каспэр і Курт Кох, якія сярод іншага сустракаліся з Лукашэнкам, праваслаўным мітрапалітам Філарэтам ды бралі ўдзел у шэрагу іншых мерапрыемстваў.
Апроч таго, у часы пантыфікату Бэнэдыкта XVI нашу краіну наведвалі Папскі легат кардынал Ёзэф Томка, старшыня Папскай рады па СМІ арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, сакратар Кангрэгацыі Усходніх цэркваў арцыбіскуп Кірыл Васіль ды іншыя. Апошні, напрыклад, падкрэсліў неабходнасць развіцця структуры Беларускай грэка-каталіцкай царквы, але супраць гэтага выступіў праваслаўны мітрапаліт Філарэт.
Касцельнае жыццё
Але не толькі адміністратыўнымі і міждзяржаўнымі стасункамі запомніўся для Беларусі пантыфікат Папы Бэнэдыкта XVI. Напрыклад, 1 сакавіка 2008 года адбыўся першы тэлемост «Мінск-Ватыкан», падчас якога Святы Айцец звярнуўся да моладзі ў Мінску па-беларуску. Агулам папа Бэнэдыкт XVI рэгулярна прамаўляў па-беларуску, напрыклад, падчас прамоваў Urbi et Orbi на святы Божага Нараджэння і Вялікадня. Гучала беларуская мова на ўрачыстасцях з удзелам Папы Бэнэдыкта XVI і падчас яго візіту ў Польшчу ў 2006 годзе.
А ў 2012 годзе Пантыфік, прымаючы ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча выдадзеныя па-беларуску кнігу Евангелляў і першы том «Літургіі гадзін», «выразіў сваё ўзрушэнне і пазітыўнае стаўленне да развіцця каталіцкай выдавецкай дзейнасці і беларускай тэалагічнай мовы».
Свае ўзнагароды ад Папы за вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі атрымаў шэраг беларускіх вернікаў, у тым ліку, пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Хрысціна Лялько. А ў жніўні 2009 года арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснэр здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.
Менавіта пры Папу Бэнэдыкце XVI у 2011 годзе Касцёл у Беларусі адзначыў сваю прысутнасць у свеце ўсталяваннем мемарыяльнай шыльды з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове ў кляштары Pater Noster у Ерусаліме, якая сталася 163-й сярод шыльдаў на розных мовах свету.
І хоць унёсак Папы Бэнэдыкта XVI у развіццё Касцёла ў Беларусі патрабуе больш грунтоўнага вывучэння, ужо зараз зразумела, што ягоны ўплыў – прынамсі ў палітыцы і адміністраванні – быў вельмі істотным.
Мечыслаў Гапановіч
для друку