Папа ўзначаліў Імшу ў пацярпелым ад паводак рэгіёне Перу

Гэтыя землі маюць евангельскі каларыт і вялікую любоў да Марыі. Будзем жа прасіць, каб Яна ўкрывала нас сваім плашчом і заўсёды вяла да свайго Сына, заклікаў Папа перуанскіх вернікаў 20 студзеня падчас св. Імшы ў гонар Найсвяцейшай Марыі Брамы Неба у прыморскім горадзе Уанчака, што за 11 км ад Трухільё, куды Пантыфік прыляцеў з Лімы ў другой палове дня.

Напаўняць жыццё Евангеллем і дазваляць Пану Богу намашчваць алеем свайго Духа заклікаў Францішак шматтысячны натоўп, каб у вырашальны момант быць гатовымі да сустрэчы з Хрыстом, нібы тыя мудрыя пяцёра паннаў з Евангельскай прыпавесці, што выйшлі насустрач жаніху са светачамі, напоўненымі алеем (Мц 25, 1-13).

Непасрэдная блізкасць мора дазваляе лепш зразумець паўсядзённае жыццё апосталаў, якія зараблялі на хлеб штодзённы рыбалоўствам і зведалі страх быць заспетымі ў непагадзь далёка ад берага. “Як і апосталы, вы ведаеце моц прыроды і перажывалі яе ўдары”, — падкрэсліў Папа, нагадаўшы пра нядаўні прыбярэжны Эль-Ніньё – кліматычны феномен, які выклікае вельмі моцныя праліўныя дажджы, паводкі і апоўзні.

Святы Айцец настойліва запрасіў вернікаў Перу не ставіць веру пад сумнеў, калі здараецца перажываць страты, боль і адчай, але яднацца з Езусам. “Ён ведае боль і выпрабаванні; (…) Езус укрыжаваны хоча быць побач у кожнай балючай сітуацыі, каб дапамагаць нам узнімацца”, — запэўніў Папа.

Пантыфік выказаў захапленне салідарнасцю, згуртаванасцю і шчодрасцю, якую праявілі мясцовыя жыхары ў змаганні з нядаўняй прыроднай стыхіяй. Менавіта здольнасцю аб’ядноўвацца перад абліччам цяжкасцяў і пагроз, каб падрымаць жывой надзею, і вымяраецца душа супольнасці. “Падобным стаўленнем вы даеце найвялікшае евангельскае сведчанне”, — сказаў Францішак, нагадаўшы фрагмент з Евагелля паводле св. Апостала Яна: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13,35)”.

Арганізаваныя злачынствы, недахоп магчымасцяў для адукацыі і працы, адсутнасць бяспечнага жылля для сем’яў, што жывуць у нестабільных зонах, і шмат іншых “стыхій” жыцця пагражаюць “падарваць узаемны давер, так неабходны для будаўніцтва сеткі падтрымкі і надзеі”, прызнаў Папа і дадаў, што няма лепшага спосабу выстаяць перад іх націскам, чым Евангелле, чым Езус Хрыстус.

У Езусе маем моц Духа, каб не мірыцца са злом, што высушвае душу і выкрадае надзею; у Ім мае Духа, які нас яднае і робіць супольнасцю вернікаў, якая спадзяецца і таму змагаецца за аднаўленне і перамяненне ў абліччы шматлікіх нягод. “З Езусам душа жыхароў Трухільё здолее працягваць называцца “горадам вечнай вясны”, бо з Ім усё становіцца падставай для надзеі”, — заключыў святы Айцец.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі