28 лістапада ў сваім родным горадзе Мэхорада-дэль-Кампа пад Мадрыдам памёр «Дон Хуста» Гальега Марцінес — стваральнік т.зв. катэдры са смецця. З 1961 года будаваў касцёл у асноўным сваімі рукамі. Незадоўга да смерці ён перадаў свой вялізны будынак арганізацыі дапамогі Mensajeros de la Paz, якая ўзялася завяршыць справу яго жыцця.
Хуста Гальега Марцінес (Justo Gallego Martínez) нарадзіўся 20 верасня 1925 года ў Мехорада-дэль-Кампа, прыкладна ў 20 км ад цэнтра Мадрыда, у сям’і фермера. Ва ўзросце 27 гадоў ён паступіў у кляштар трапістаў у Санта-Марыя-дэ-Уэрта ў правінцыі Сорыя (на поўнач ад Мадрыда), але не склаў там вечных абяцанняў, бо ў 1961 годзе захварэў на сухоты і вымушаны быў пакінуць манастыр, каб не заразіць сваіх братоў. Падчас хваробы ён прысягнуў Богу і Найсвяцейшай Маці, што калі вылечыцца, то пабудуе храм у Яе гонар.
Ён хацеў пабудаваць дом Божы
Сапраўды, калі «вымаліў» здароўе, ён не пайшоў у манастыр, а вярнуўся дадому і пачаў будаваць Божы дом на ўчастку, які атрымаў у спадчыну ад бацькоў. У яго быў прынцып: «Спачатку служы Богу, потым бліжняму і, нарэшце, сабе». Рабіў гэта амаль выключна сваімі рукамі, не маючы ні вучобы ў гэтай галіне, ні будаўнічага, ні сталярнага досведу. Без будаўнічых планаў і эскізаў, без крана і іншай спецтэхнікі, больш за тое, ён нават вымушаны быў пакінуць пачатковую школу з-за таго, што ў яго краіне ў 1936 годзе пачалася грамадзянская вайна. Не меў ён і падтрымкі з боку каталіцкай царквы. Будаўнічым матэрыялам былі толькі другасныя матэрыялы і адходы.
Пасля яго смерці не было знойдзена ніякіх планаў або праектаў для працы, таму што Хуста Гальега сцвярджаў, што «ўсё ў галаве». Сам ён расказваў наведвальнікам, што неабходныя веды набыў са старых кніг пра катэдры і замкі, некаторыя з іх нават былі напісаны на лацінскай мове.
Катэдра са смецця
Большая частка выкарыстаных будаўнічых матэрыялаў была перапрацавана. Выкарыстоўваў як прадметы штодзённага побыту, так і матэрыялы, забракаваныя будаўнічымі арганізацыямі і суседняй цагельняй. Гэта былі, напрыклад, старая, зношаная цэгла, выпраўлены профнасціл, пластыкавыя бутэлькі і аўтазапчасткі. Запоўненыя дажджавыя жолабы ён перапрацоўваў на прыступкі для ўваходу ў храм, бочкі з маслам і старыя бензінавыя кантэйнеры — у формы для калон або бетонных бардзюраў. У якасці будаўнічага або дапаможнага матэрыялу ён выкарыстоўваў, між іншым старыя рэкламы з ускраіны стадыёна Рэал Мадрыд. Таксама ён сам распрацоўваў усе элементы, аконную мазаіку з каляровых расплаўленых гранул, розныя складаныя канструкцыі.
У 2005 годзе ён зняўся ў тэлерэкламе кампаніі па продажы напояў Aquarius, за што атрымаў 30 тысяч еўра, але на працягу трох дзён ён не мог працаваць над сваёй працай.
Паколькі будаўніцтва хутка паглынула ўсю яго спадчыну, а таксама грошы, якія ён зарабіў ад продажу часткі спадчыннай маёмасці, Гальега разлічваў амаль выключна на сябе і на ахвяраванні. Час ад часу яму дапамагалі пляменнікі, якіх у яго было шэсць, і гэтак жа спарадычна розныя добраахвотнікі. На летніх канікулах з’явіліся студэнты і вучні, а таксама мясцовыя жыхары. У крайнім выпадку наймаў спецыялістаў, якім сам аплачваў. Акрамя таго, ахвяраванні для яго збіралі энтузіясты з Польшчы і замежжа. Спецыяльную выставу яму прысвяціў Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку.
Будаваў больш за 50 гадоў
Усе гады сваёй працы ён быў засяроджаны толькі на ёй і не любіў размаўляць. «Пакладзіце што-небудзь у скрынку», — мармытаў наведвальнікам, калі яны падыходзілі да яго і маглі перапыніць працу. Ён скардзіўся, што людзі заўсёды хацелі пагаварыць. Увесь час казаў, што ён павінен сказаць тое, што праектуе, фарбуе і будуе. Яго натхніла рымская базыліка св. Пятра і еўрапейскія замкі і касцёлы, пераважна сярэднявечныя. Ён абраў раманскі стыль, таму што ведаў, што яго жыццё занадта кароткае для вычварных барочных ці гатычных упрыгожванняў. Сваімі рукамі маляваў простыя вітражы, надаючы інтэр’еру гэтага апакаліптычнага будынка незвычайны, цёплы шарм.
Да смерці Гальега жыў з сястрой каля свайго сабора.
Ён увесь час казаў сабе, што «шлях робіцца, калі ідзеш». Больш за 50 гадоў ён уставаў у 4.30 раніцы і быў у сваім касцёле да шасці вечара. Мясцовыя жыхары называлі Галі Марцінеса «El Loco», што азначае «вар’ят» або крыху больш ласкава: Дон Хуста. У красавіку гэтага года ён атрымаў Медаль Умілаванага Сына (Hijo Predilecto) роднага горада.
Ён хацеў быць пахаваны ў сваім касцёле
Даўжыня яго работы 50 метраў, шырыня 20 метраў, а вышыня жалезнага купала амаль 40. І хоць сцены храма зачыненыя, а 12 вежаў ужо ўзвышаюцца над нефам, дон Хуста на нейкі час зразумеў, што ўжо не ў стане скончыць сваю працу сам.
Нягледзячы на перадачу маёмасці арганізацыі дапамогі, невядома, якой будзе будучыня недабудаванага храма. Дазволу на будаўніцтва ў яго ніколі не было, і пасля дзесяцігоддзяў поўнай імправізацыі наўрад ці будзе магчымы рэгулярны агляд будынка. Нават пад’ём па лесвіцы патрабуе асцярожнасці і практыкаванняў нават для здаровых людзей.
Дык ці прыедуць сюды ў будучыні паломнікі ці экскаватары? — дзівіцца ў сваёй перапісцы нямецкае каталіцкае агенцтва KNA. У той жа час адзначым, што дон Хуста хацеў быць пахаваны ў сваім касцёле.
Па матэрыялах aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч