Пальмовая нядзеля: Святы Айцец здзейсніў нечаканы візіт на плошчу Святога Пятра

Папа Францішак здзейсніў нечаканы візіт на плошчу Святога Пятра, каб прывітаць 40 тысяч вернікаў, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстай Літургіі Пальмовай нядзелі.

Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, 13 красавіка 2025 года Папа нечакана з’явіўся на ватыканскай плошчы, звярнуўшыся да вернікаў з пажаданнем: “Добрай Пальмовай нядзелі і добрага Вялікага тыдня!” Пасля гэтага ён правёў на плошчы каля дзесяці хвілін, размаўляючы з прысутнымі.

Гэта нечаканае прывітанне стала яшчэ адным сюрпрызам ад Пантыфіка, які праходзіць рэабілітацыю пасля шпіталізацыі з двухбаковай пнеўманіяй. У мінулыя дні ён ужо прымаў удзел у Юбілеі хворых і медыцынскіх работнікаў, а таксама здзейсніў неанансаваныя візіты ў ватыканскую базіліку і Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ.

Літургію Пальмовай нядзелі па даручэнні Папы Францішка ўзначаліў кардынал Леанарда Сандры. Ён заклікаў вернікаў несці крыж не толькі на шыі, але і ў сэрцы, спачуваючы тым, хто пакутуе побач з імі.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку