Юля і Каця Воранавы – сёстры з Паставаў. У лютым 2022 года абедзве склалі ўрачыстыя абяццанні. Адна – быць вернай жонкай, другая – цалкам прысвяціць сябе Хрысту. Цяпер Юля з мужам гадуе дзіця ў Польшчы, а Каця служыць вернікам у Казахстане. Кожная з іх лічыць свой выбар унікальным на шляху да святасці.
Летняя вера
“Будучы малымі дзяўчынкамі, мы мелі настолькі блізкія адносіны, што, падавалася, нам ніхто больш не патрэбны”, – кажа адна з сясцёр. Абедзве суразмоўніцы пагаджаюцца, што ў дзяцінстве былі сапраўднымі гарэзамі і неаднаразова стваралі клопаты сваёй сям’і.
Юля ўзгадвае выпадак, калі яны з Кацяй вырашылі зрабіць прыемнасць сваёй бабулі напярэдадні Божага Нараджэння і наламаць яловых галінак, каб паставіць у хаце дзеля каляднага настрою. “Мы былі тады першакласніцамі. Памятаю, узялі невялічкую сякерку і пайшлі шукаць елку. Знайшлі самае прыгожае дрэўца – блакітную ялінку. Такія звычайна садзяць каля дзяржаўных установаў. Нашая расла акурат каля банка. Мы яе абскубалі пасярод дня і занеслі дадому. Канешне, у выніку толькі напалохалі бабулю…”, – распавядае з усмешкай дзяўчына.
Блізняты дзеляцца, што менавіта бабулі паказалі ім прыклад каталіцкай веры. Адна мела сапраўдны дух хрысціянскай міласэрнасці, а другая прывяла дзяўчат у касцёл. Аднак, як прызнаюцца суразмоўніцы, яны гэты прыклад не перанялі. Хадзілі ў пілігрымкі дзеля вясёлай кампаніі, а па нядзелях пад прымусам у касцёл. Жывой веры ў сям’і не было.
“Калі мы сталі падлеткамі, пачаліся цяжкасці ў нашых адносінах. Нам нібыта не хапала асабістай прасторы, нават сяброўку не маглі падзяліць. У выніку я знайшла сабе іншую кампанію, і мы аддаліліся адна ад адной”, – падсумоўвае Юля.
“Маё пакліканне да манаства – гэта цуд!”
Узніклая адзінота падштурхнула Кацю да большых разважанняў. Яна прызнаецца, што ў 15 гадоў перажыла навяртанне, якое лічыць сапраўдным дарам. Перамена адбылася раптоўна і, паводле слоў дзяўчыны, стала сапраўднай праявай Божай Міласэрнасці. “Гэта былі трохдзённыя адвэнтавыя рэкалекцыі. Я вырашыла прыступіць да споведзі, чаго не рабіла вельмі даўно. Падчас сакраманту я ўпершыню настолькі блізка сутыкнулася з Богам, што пасля праплакала цягам дзвюх гадзін ачышчальнымі слязамі. Я адчула Яго вялізную любоў і тое, як Ён мяне шукаў і клікаў увесь час. Сустрэўшы Жывога Госпада, я вырашыла, што больш ніколі не пакіну Яго”, – дзеліцца суразмоўніца.
Пасля, праглядаючы кнігі на мамінай паліцы, дзяўчына наторкнулася на “Дзённік св. с. Фаўстыны Кавальскай”. Пачала чытаць. “На той момант я не ўяўляла, што такое кляштар, і не ведала, што існуюць розныя кангрэгацыі. Аднак і мне захацелася таксама цесна сябраваць з Езусам. У маім сэрцы пасялілася мара: стаць як тая сястра”, – распавядае дзяўчына.
Яна пачала часта бываць у касцёле, чытаць Біблію, пазнаваць Бога ўсімі даступнымі ёй сродкамі. Рэзкія перамены заўважылі сямейнікі, але захаплення не падзялялі. Калі ж Каця прызналася, што хоча пайсці ў кляштар, то прадказальна сутыкнулася з крытыкай. “Памятаю, маму спалохала гэтае рашэнне. Яны сварыліся на гэты конт, – кажа Юля. – Аднак я была рада за сястру. Хоць мы і не мелі колішняй блізкасці, я ўбачыла: штосьці прыгожае адбываецца ўнутры яе”.
Неўзабаве Каця далучылася да Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці і ўзяла экзатычнае манаскае імя ў гонар афрыканскай святой – вызваленай рабыні Бакіты. “Яна паказала, як у выпрабаваннях знайсці Хрыста. І таму стала вельмі блізкай мне”, – дадае манахіня.
“Дзякуючы сястры я адкрыла Божую любоў”
Ад’езд адной з блізнят у кляштар у Польшчу стаў пераломным у адносінах паміж сёстрамі. Месца тэлефонных размоваў, якія былі пад забаронай, занялі доўгія шчырыя лісты. Насуперак адлегласці дзяўчаты пачалі збліжацца.
“Юля на той момант звязалася з неадпаведнай кампаніяй. Сустракалася з хлопцам, які ніяк не хацеў прыняць, што яна ходзіць у касцёл. Яна пачала маліцца, каб гэта змянілася. У выніку Юля рассталася з кавалерам, паставіўшы Бога на першае месца. Я як магла падтрымлівала сястру. У нас дагэтуль захавалася цэлая скрыня з перапіскай”, – дзеліцца с. Бакіта.
“Усе нашыя лісты мелі менавіта духоўны характар. Каця шмат распавядала пра любоў і міласэрнасць Бога, дасылала ўрыўкі з Бібліі. Думаю, мне проста патрэбны быў чалавек, які б усё растлумачыў. Я дагэтуль лічу, што наша перапіска – гэта час майго навяртання”, – адзначае Юля. Дзяўчына дадае, што з таго моманту, як Каця атрымала сваё пакліканне, паступова пачала навяртацца ўся іх сям’я. “Спачатку я, пасля мама. Нават тата, які раней у касцёл ні нагой, пачаў хадзіць на св. Імшу і прыступаць да споведзі”, – гаворыць Юля.
Неўзабаве яна сама паехала да сястры ў Польшчу, каб дапамагчы ў дзіцячым садочку, які трымалі манахіні. У выніку дзяўчына правяла на гэтай працы некалькі гадоў – жыла і працавала побач з Кацяй і іншымі сёстрамі.
“Ані манаства, ані адзінота – не для мяне”
У блізкасці да духоўных асобаў Юля пачала разважаць, ці не кліча і яе Бог да манаства. “Аднак з часам я зразумела, што служыць Богу можна на любой жыццёвай сцежцы. Няма ніякіх абмежаванняў. Я захацела сям’ю”, – узгадвае дзяўчына. “Я бачыла, як Юля шукала адпаведнага чалавека, але ўсё штосьці не атрымлівалася. Бачыла таксама мужнасць сястры: як старалася, як высільвалася, каб зарабіць грошы за мяжой. Кожнага дня я малілася ў яе інтэнцыі, – распавядае с. Бакіта. – І калі Юля сустрэла Сашу, я была шчаслівая, бо ён вельмі моцна яе пакахаў. Часам званіў мне і распытваў, што можа прынесці радасць Юлі. Я падказвала, а ён купляў падарункі”.
З будучым мужам Юля пазнаёмілася падчас працы на плантацыі: яны разам збіралі буякі. Спачатку яна і не думала, што можа штосьці атрымацца, але хлопец аказаўся спрытным і рашучым – зрабіў прапанову рукі і сэрца праз паўгода пасля знаёмства.
Акрамя ўдалага шлюбу, Юля мае цікавую прафесію – яна фатограф. Дзяўчына прызнаецца, што да моманту навяртання ніколі не задумвалася над жыццёвым пакліканнем. А цяпер усведамляе, як важна надаваць усяму сэнс, развівацца і не пераставаць шукаць.
Аднолькава годныя
Калі размаўляеш з Юляй і Кацяй па тэлефоне, такое пачуццё, што гаворыць той самы чалавек, настолькі ідэнтычна гучаць іх галасы. Паўтараюць тое самае і ў сэнсах, толькі кажучы пра розныя рэчы. “Манаства для мяне – гэта нястомнае ўзрастанне ў любові. Тут я вучуся пастаянна прымаць Яго план: нават калі дзеля спаўнення Яго волі трэба перакрэсліваць усе свае рашэнні і надзеі. Я жыву для Божай славы і веру, што куды б Ён ні паслаў, там найлепшае месца,– дзеліцца с. Бакіта. – Думаю, сямейнае кола было б для мяне надта цесным. У кляштары я магу адкрыць сваё сэрца на шматлікіх людзей”.
“У многіх складваецца ўражанне, што пакліканне – гэта толькі пра духавенства”
Я лічу, што ў пэўнай ступені сямейнае жыццё – куды большае наканаванне, – сцвярджае Юля. – У сужэнстве адбываецца моцная праца над сабой. Бо менавіта ў адносінах з блізкімі вылазяць усе недахопы. Таму вучышся змагацца з імі і адпаведна любіць чалавека, які побач. Сям’я для мяне – гэта таксама месца, дзе я магу выхаваць яшчэ адну асобу так, каб яна стала светачам для іншых”.
Свой шлюб Юля мела ў Варшаве, а Каця прынесла вечныя абеты ў Кракаве. Так склалася, што на ўрачыстыя падзеі блізнятаў не змог прыехаць ніхто з іх сям’і ў Беларусі. “Сястра была адзіным блізкім чалавекам на маёй цырымоніі. І наадварот”, – кажа с. Бакіта.
Тое, што блізняты мелі свае шлюбы ў адзін год і месяц, адбылося незапланавана. Каці прызначылі дату загаддзя. А Юля і Саша падстройваліся пад святара-беларуса, які мог павянчаць толькі ў акрэслены ім час. “Мне падаецца, гэта ёсць сведчанне нашай з сястрой сувязі, – падкрэслівае Юля. – Нават сёння, калі мы вельмі далёка адна ад адной, я адчуваю, калі ёй цяжка, і як яна мяне любіць”.
Ангеліна Марцішэўская
