«Падводная частка айсбергу». Як у Будславе рыхтуюцца да фэсту

Да ўрачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай застаецца ўсяго дзесяць дзён, і мы скіраваліся ў Нацыянальны санктуарый, каб на месцы паглядзець, як ідуць апошнія прыгатаванні да фэсту, што распачнецца 5 ліпеня.

Штаб, жаўнеры і ўзнагароды

Перш за ўсё, звяртае на сябе ўвагу бурная дзейнасць «штабу падрыхтоўкі». «Галава» ў ім, як і належыць, — новапрызначаны будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік, які ўпершыню рыхтуе фэст у гэтай якасці. Сястра Таццяна Стасюкевіч, назарэтанка — «шыя», якая скіроўвае позірк «галавы» ў розныя кірункі. «Рукі і ногі» — старшыня касцёльнага камітэту Ян Пятроўскі, якому вопыту ў гэтай справе не займаць, а «сувязны» — кс. Аўгуст Калясінскі, вікарый будслаўскай парафіі, стваральнік і распрацоўшчык абноўленай інтэрнэт-старонкі Нацыянальнага санктуарыя, дзе можна знайсці ўсю патрэбную інфармацыю.

Як адбываецца ўзаемадзеянне паміж рознымі часткамі? — У цэлым, прадуктыўна, хоць часам абстаноўка накаляецца, як у сапраўдным баявым штабе.

«На вайне як на вайне», — жартуе ксёндз Аўгуст.

Будслаўскі «штаб» вызначае «баявыя заданні» для цэлага войска «жаўнераў» — мясцовых жыхароў, большасць з якіх так ці інакш задзейнічана ў падрыхтоўцы да свята.

Як сапраўдныя патрыёты, а не найміты, усе, хто працуе пры падрыхтоўцы ўрачыстасцяў, могуць за дзень працы атрымаць не заробак, а «баявую ўзнагароду».

Яе ролю выконвае прыгожы мастацкі выраб — драўляны магніцік з выяваю Будслаўскага санктуарыя на фоне блакітнага неба і абрысу Беларусі. Вядома, такая ўзнагарода ўпрыгожыць не грудзі «ветэрана», а яго лядоўню. Падчас фэсту набыць такія прыгожыя сувеніры з Будслава змогуць усе жадаючыя.

Акрамя таго, «камандзір» сам рупліва працуе на сваім «пасту». Узяць хоць бы выраб васковых «ватыўных свечак», у якім пробашч бярэ непасрэдны ўдзел, і гэта яшчэ далёка не ўсё, да чаго ён у гэтыя дні прыкладае галаву і рукі. Пры гэтым на першым месцы заўсёды застаецца малітва — інакш усе намаганні будуць марнымі.

Падрыхтоўка «плацдарму»

Перадусім «штабу» неабходна паклапаціцца пра «плацдарм» будучых дзеянняў, а менавіта пра пляцоўку, на якой змогуць праходзіць урачыстыя цэлебрацыі з удзелам дзясяткаў тысяч гасцей і пілігрымаў.

Колькі іх усяго чакаюць сёлета? — «Шмат», — адрывіста і даволі абстрактна адказвае пробашч, хоць з падрыхтоўкі відаць, што разлічаюць прыняць тысяч 25 і нават больш.

Дзеля гэтага загадзя было абкошана больш за шэсць гектараў поля каля базылікі, а таксама спілавана некалькі старых дрэваў у месцах, дзе яны пры падзенні маглі б прычыніць шкоду людзям. Вядома, што на пачатку ліпеня у Будславе часта здараюцца навальніцы з моцным ветрам, таму з улікам гэтага вопыту не лішне паклапаціцца пра бяспеку і нават крышачку перастрахавацца.

Найбольш адказная частка — падрыхтоўка палявога алтара, на якім падчас фэсту разгортваюцца асноўныя літургічныя дзеянні. Яго зборка адбываецца пад пастаянным асабістым кантролем і пры непасрэдным удзеле Яна Пятроўскага. Ён як дасведчаны і спрактыкаваны кіраўнік распараджаецца зборкай платформы, што складаецца з васямнаццаці асобных металічных фермаў.

«Калісьці ад фэсту да фэсту іх захоўвалі ў крыпце — падзямеллі пад базылікай, адкуль даставаць фермы, а потым зноў іх складаць было значна цяжэй. Цяпер месцам захавання металічных канструкцый стаў стары калгасны гараж, адкуль у некалькі рэйсаў на трактары можна перавезці ўсе часткі», — распавядае спадар Ян.

Ён добра памятае, як у 2013 годзе моцная навальніца за секунды «склала» падрыхтаваны алтар разам з дэкарацыяй перад самым пачаткам урачыстасцяў.

З улікам таго горкага вопыту канструкцыі цяпер выкарыстоўваюць толькі свае, надзейныя і выпрабаваныя. Пасля зборкі іх чысцяць і падфарбоўваюць. Апошнім «штрыхом» стане тэматычная дэкарацыя, выгляд якой пакуль трымаюць у сакрэце.

Матэрыяльная частка

Каб прыняць такую колькасць людзей, якая ў дзясяткі разоў перавышае лічбу мясцовых жыхароў, трэба добра паламаць галаву над тым, як забяспечыць усе іх патрэбы, перадусім натуральныя.

Хоць у Будслаў едуць у першую чаргу за духоўным спажыткам, аднак і хлеб штодзённы спатрэбіцца тут у вялікіх колькасцях.

Нават славутай гасціннасці будслаўскіх вернікаў не хопіць, каб накарміць усіх галодных. Традыцыйна ў гэтым дапамагаюць прадпрымальнікі з наваколля. Маем надзею, што і сёлета шашлыкоў, ілаўскіх прысмакаў, бліноў, квасу і капуцынскай кавы з печывам хопіць на ўсіх жадаючых. Дарэчы, па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, удзельнікі фэсту вызвалены ад абавязку устрымання ад мясных страваў у пятніцу.

Пра належныя гігіенічныя ўмовы тут таксама паклапаціліся. У распараджэнні ўдзельнікаў фэсту будзе 26 новых асобных туалетных кабінак і яшчэ дзесяць спецыяльна абсталяваных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Побач размесцяцца палявыя рукамыйнікі, як і ў папярэднія гады.

У век высокіх тэхналогій патрэба ў электронных прыладах таксама становіцца даволі надзённай. Ужо не першы год падчас фэсту адзін з беларускіх аператараў мабільнай сувязі (якога мы не называем, каб не рабіць рэкламу) размяшчае ў мястэчку дадатковае абсталяванне, што дазваляе пазбегнуць «тэлефоннага калапсу» і забяспечыць мабільнай сувяззю вялікую колькасць людзей, сабраных у адным месцы.

Таксама сёлета ў Будславе па-новаму будзе арганізавана відэатрансляцыя ўрачыстасці.

Замест аднаго вялікага экрана тут усталююць два: меншых па памерах, але лепшых па якасці.

Адзін з іх будзе размешчаны як звычайна, а другі — пры ўваходзе ў базыліку, каб сабраныя на плошчы перад святыняй удзельнікі ўрачыстасці маглі добра бачыць тое, што адбываецца на палявым алтары.

Раскватараванне і абмундзіраванне

Вядома, у невялікім мястэчку немагчыма рассяліць па дамах усіх пілігрымаў і гасцей урачыстасці, большасць з якіх праводзіць тут каля сутак і патрабуе хоць некалькі гадзін сну. Адкрыты нядаўна ў Будславе «Дом пілігрыма», а таксама гасцінна адчыненыя дамы мясцовых жыхароў — гэта падчас фэсту ўсяго толькі маленькая кропля ў вялізным моры.

Падчас адкрыцця «Дом пілігрыма». Фота Міколы Гракава.

Акрамя пілігрымаў, большасць з якіх усталёваецца на час фэсту ў намётавым гарадку на старым аэрадроме, у Будславе неабходна размясціць на начлег духавенства і цэлы шэраг людзей, якія «абслугоўваюць» урачыстасці, пачынаючы ад літургічнай службы алтара і сканчваючы супрацоўнікамі парталу Catholic.by і іншых каталіцкіх СМІ. Гасцявыя пакоі для іх загадзя падрыхтавалі  ў парафіяльным доме працавітыя будслаўскія дзяўчаты.

Хлопцы, звярніце увагу: на даскатэцы ў клубе наўрад ці знойдзеш добрую будучую жонку, а вось у атмасферы, прасякнутай малітвай і працай — акурат.

Вядома, гэтая заўвага не датычыцца духоўных асобаў, якіх на ўрачыстасці ў Будславе збярэцца не адна сотня. Але святочных залацістых арнатаў тут толькі сто, бо не ўсе прысутныя святары адначасова ўдзельнічаюць у канцэлебрацыі. Многія з іх і падчас святых Імшаў застаюцца ў канфесіяналах у базыліцы і на адкрытым паветры, таму што жадаючых прыступіць да споведзі ў Будславе заўсёды вельмі шмат.

Але і сто арнатаў, а да таго ж некалькі дзясяткаў альбаў памыць і папрасаваць перад фэстам — справа нялёгкая, што патрабуе часу і працы. І з усім гэтым спраўляецца сястра Вольга Данькоўская, назарэтанка. Сціплая сястра Вольга за гады свайго служэння пры Нацыянальным санктуарыі пазнаёміла з Будславам не адну тысячу турыстаў, якія прыбываюць сюды круглы год.

Падрыхтоўка да ўрачыстасцяў — гэта тая скрытая пад вадою, нябачная для большасці ўдзельнікаў частка вялізнага «айсбергу», з якім можна параўнаць фэст Маці Божай Будслаўскай, унесены нядаўна ЮНЕСКА у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. І ад таго, наколькі гэтая «падводная» частка будзе паспяховай, залежыць тое, наколькі ўдала пройдзе само свята, якога цэлы год так чакаюць вернікі ва ўсёй Беларусі.

Мікола Гракаў, тэкст
 кс. Аўгуст Калясінскі, фота
Catholic.by

для друку для друку