Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў свой родны горад – Ваўкавыск. Камельдулы – малараспаўсюджаная каталіцкая кангрэгацыя з найбольш строгім ладам жыцця. Сустрэць манахаў гэта ордэна амаль немагчыма – яны пакідаюць кляштар толькі ў выключных выпадках і жывуць адасобленым жыццём. Усяго ва ўсім свеце цяпер толькі каля 50 камельдулаў, і адзін з іх – айцец Ян з Беларусі.
Гэта выхадзец з каталіцкай парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску. Яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў ён прыйшоў у ордэн, у 2020 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.
55-гадовы айцец Ян жыве ў кляштары камельдулаў у польскім Кракаве. І толькі цяпер ён атрымаў магчымасць прыехаць у родную парафію, каб 28 красавіка 2024 года цэлебраваць тут прыміцыйную (першую пасля таго, як стаў святаром) святую Імшу.
Шлях манаскага жыцця а. Ян абраў пасля таго, як трапіў у сур’ёзную аўтакастрофу, але выжыў – тады ён адчуў вялікую любоў Бога і пакліканне да манаства. Больш пра яго распавесці не можам – праз закрыты характар ягонага жыцця.
Камельдулы (або камедулы, камальдулы) – гэта адзін з самых суровых, ізаляваны ад свету ордэн, якому ўжо звыш 1000 гадоў. Манахі жывуць па старажытным статуце святога Бенедыкта і ў адпаведнасці з суровымі патрабаваннямі пустэльніцкага жыцця па прыкладу святога Рамуальда.
Асноўнымі асаблівасцямі статута з’яўляюцца строгія пасты, адасоблены лад жыцця, зарок маўчання, практыка начнога чытання Літургіі гадзін. Харызмай айцоў з’яўляецца малітва за тых, хто наогул не моліцца і не думае пра Бога.
Дзень у кляштары пачынаецца ў 3:30, распарадак уключае не толькі малітву, духоўныя чытанні, але і фізічную працу па гаспадарцы. Праца, малітва, чытанне, разважанне, пакаянне, пост, адзінота і пастаяннае маўчанне служаць для поўнага яднання з Богам на шляху выратавання сябе і іншых.
Кожны брат выконвае зарок маўчання і жыве ў сваёй пустэльніцкай келлі (або ўласным асобным доміку), пакідаючы яе толькі для агульнай малітвы. Ежу камельдулы таксама, як правіла, прымаюць у сваіх келлях, не ядуць мяса. Размаўляюць выключна ў выпадках крайняй неабходнасці. У кляштары няма радыё, тэлебачання, гаджэтаў, не практыкуецца выхад за межы тэрыторыі кляштара, не прадугледжаныя вакацыі і наведвання родных .
Усё гэта манахі робяць па сваёй волі з любові да Бога. Безумоўна, гэты выключны шлях служэння і ахвярнасці падыходзіць не кожнаму, таму нагадаем тым, хто цікавіцца манаскім жыццём, што ў свеце, у тым ліку ў Беларусі, існуе мноства манаскіх кангрэгацый, якія вядуць больш адкрыты лад жыцця, апостальскую дзейнасць – францішкане, дамінікане, салезіяне і іншыя.
Паводле katolik.life
для друку