Час ляціць вельмі хутка. Здаецца, зусім нядаўна пачалося лета, а ўжо прайшла яго большая частка. Бацькоў чакае наступны важныя перыяд – новы навучальны год. Наперадзе шмат клопатаў і абавязкаў. Што рабіць бацькам школьнікаў, каб не пакінуць справы па падрыхтоўцы да першага верасня на апошні дзень? Разгледзім пяць простых парадаў.
- Таймінг-план
Пакуль да верасня засталося яшчэ шмат часу, варта сесці і распланаваць усе неабходныя справы. Для пачатку проста запішыце іх: ад буйных (зрабіць рамонт, купіць неабходныя рэчы, аформіць медыцынскую даведку і г.д.) да самых дробных.
Гэта дапаможа маме ўбачыць цалкам усю карціну і вырашыць, што трэба зрабіць тэрмінова, а якімі справамі можна заняцца пазней.
- Паразмаўляйце з дзецьмі
Дзеці – самыя галоўныя ўдзельнікі навучальнага працэсу, таму іх чакае не толькі фізічная, але і псіхалагічная нагрузка. Асабліва, калі вы – мама першакласніка або, напрыклад, дзіця скончыла пачатковую школу і пойдзе ў пяты клас.
Паразмаўляйце з вашым школьнікам, абмяркуйце разам, што яго чакае. Паспрабуйце засяродзіцца на пазітыўных момантах: сустрэча з сябрамі, новыя знаёмствы, новыя магчымасці, любімыя прадметы.
Таксама вельмі важна зразумець і абмеркаваць, што хвалюе дзіця. Гэта могуць быць рэчы, якія даросламу чалавеку здаюцца дробязямі, а вось маленькаму школьніку – вялікай праблемай. Знайдзіце разам шляхі выйсця з такіх сітуацый, а галоўнае – пераканайце: мама і тата побач, заўсёды выслухаюць, заўсёды зразумеюць і падтрымаюць.
- Паступовае вяртанне ў працоўны рэжым
Лета цягнецца тры месяцы, а верасень надыходзіць нечакана. Вельмі часта перыяд канікулаў – гэта падарожжы, доўгія вечаровыя гульні і прагулкі, а потым – салодкі сон да абеду. Але наперадзе – школа, таму варта ўжо ў апошнія тыдні паступова клапаціцца не толькі пра колькасць гадзін сну, але і пра вяртанне да канкрэтнага часу, калі дзіця будзе класціся спаць і прачынацца.
Таксама трэба пакрысе планаваць і вяртаць у рэжым дня дзіцяці гадзіны заняткаў, адпачынку і харчавання. Гэта дапаможа спакойна і з мінімальным стрэсам увайсці ў навучальны рэжым і дзецям, і іх бацькам.
- Працоўнае месца вучня – творчая справа
Шмат часу ваш школьнік будзе праводзіць на сваім працоўным месцы, таму варта разам паклапаціцца і пра яго ўпарадкаванне і афармленне.
Паклапаціцеся загадзя пра мэблю і адпаведнае асвятленне. Таксама важны этап – арганізацыя месца, дзе будуць захоўвацца школьныя прылады. Вырашыце разам з дзіцём, якім чынам яму будзе зручна размеркаваць падручнікі, сшыткі, канцылярскія прылады, іншыя неабходныя рэчы. Варта, каб на прыбіранне і захаванне парадку на працоўным месцы школьнік траціў мінімум часу і рабіў гэта самастойна.
Даверце вашаму школьніку афармленне важных для яго элементаў дэкору, напрыклад, малюнкі, налепкі, расклад заняткаў. Важна, каб працоўнае асяроддзе было ўтульным і прыемным менавіта для самога дзіцяці.
- Пазашкольныя заняткі
Перад пачаткам навучальнага году неабходна разам абмеркаваць, чым будуць займацца дзеці апроч школьных заняткаў. Якія гурткі, спартыўныя секцыі, факультатывы яны будуць наведваць у новым навучальным годзе. Тут трэба ўлічваць жаданні дзіцяці, але таксама размеркаванне нагрузкі, расклад урокаў.
Прыслухоўвайцеся да вашых школьнікаў, карыстайцеся бацькоўскай мудрасцю, і няхай новы навучальны год будзе спакойным і плённым для ўсёй вашай сям’і!
Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
