Дыяцэзіяльны Санктуарый Валадаркі азёраў у Браславе — месца, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай — гэта духоўны цэнтр для шматлікіх вернікаў.
Нядаўна над уваходам у касцёл з’явіўся новы надпіс Basilica minor (малая базіліка).
Што гэта азначае? Спрабуем разабрацца.
Перад усім адкажам на пытанне, што такое базіліка? Базіліка (basilica) — гэта тытул, які надаецца некаторым святыням Каталіцкага Касцёла, каб падкрэсліць іх асаблівую важнасць у духоўным, гістарычным або культурным жыцці.
Слова basilica паходзіць з лацінскай і грэцкай моў і азначае «каралеўскі дом». У старажытным Рыме базілікамі называлі вялікія грамадскія будынкі для сходаў і судоў. Калі хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй, гэты архітэктурны тып перанялі таксама для храмаў. Базіліка ў архітэктуры – гэта выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжанымі радамі калонаў або слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Але сёння базіліка — гэта не проста прыгожая назва і прыгожы рэлігійны будынак, а перад усім – знак высокага прызнання святыні ва ўсім каталіцкім свеце.
У Каталіцкім Касцёле існуюць два асноўныя тыпы базілік:
- Вялікія базілікі (basilica maior) — іх у свеце толькі чатыры, і ўсе яны знаходзяцца ў Рыме (напрыклад, Базіліка святога Пятра ў Ватыкане).
- Малыя базілікі (basilica minor) — гэта тытул, які могуць атрымаць важныя святыні ў розных краінах. Ён надаецца Папам Рымскім як знак асаблівай еднасці з Апостальскай Сталіцай.
За сваю духоўную ролю, гістарычнае значэнне і асаблівую пашану да Маці Божай касцёл у Браславе атрымаў у 2000 годзе статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, а ў 2009 годзе — быў адзначаны каранацыяй абраза папскімі каронамі. У 2024 годзе Святы Пасад прысвоіў браслаўскай святыні тытул малой базілікі (basilica minor). Гэты гонар атрымліваюць толькі тыя касцёлы, якія маюць асаблівае значэнне для духоўнага жыцця і вылучаюцца як цэнтры культу і пілігрымак. У Беларусі, акрамя Браслава, тытул базілікі носяць таксама касцёлы ў Гродне, Пінску і Будславе.
Касцёл, які атрымаў тытул базілікі, мае права выкарыстоўваць спецыяльныя сімвалы: папскія ключы і парасон (umbraculum). Менавіта гэтыя папскія ключы мы бачым над дзьвярыма касцёла. Папскія ключы – два перакрыжаваныя ключы, якія сімвалізуюць уладу святога Пятра і яго пераемнікаў, Папаў Рымскіх. Над дзвярыма таксама бачым папскую тыяру (трыкарону або папскую карону), якая азначае, што гэта святыня мае асаблівую сувязь з Папам Рымскім і ўшанавана тытулам basilica minor.
Малая базіліка мае шэраг прывілеяў, у параўнанні з іншымі храмамі: у ёй, пры пэўных умовах, можа быць дараваны поўны адпуст, служачыя ў малой базіліцы святары маюць права на асаблівае ўбранне, у інтэр’еры выкарыстоўваецца чырвона-жоўты канічны навес – «парасон» (лац. umbraculum).
Такім чынам тытул basilica minor адносна дыяцэзіяльнага Санктуарыя азначае, што:
- Браслаўскі касцёл прызнаны асабліва важным у Касцёле ў Беларусі;
- Ён мае права на ўжыванне спецыяльных літургічных знакаў (напрыклад, сімвала папскага ключа);
- Гэта святыня з’яўляецца месцам асаблівай еднасці з Папам Рымскім і ўсім паўсюдным Касцёлам.
- Гэта адна з галоўных святыняў Віцебскай дыяцэзіі, дзе захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай. Храм стаў цэнтрам шматлікіх пілігрымак, месцам, куды кожны год прыбываюць вернікі з усёй Беларусі і з замежжа.
Касцёл у Браславе не толькі прыгожы архітэктурны помнік, але і міжнародна прызнаны цэнтр духоўнасці, дзе Маці Божая Браслаўская застаецца апякункай і заступніцай вернікаў.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

