10 ліпеня на лясных могілках каля вёскі Пратасаўшчына, што ў Пухавіцкім раёне, падчас адпустовай святой Імшы, адбылося ўстанаўленне новага крыжа.
Тутэйшыя мясціны адораны прыгожымі краявідамі і таямнічай гісторыяй. Тут, сярод высокіх дрэў, захаваліся рэшткі капліцы-ўсыпальні роду Шастоўскіх.
Вакол капліцы, якая носіць імя св. Бэнэдыкта, з цягам часу ўзніклі могілкі. Гледзячы на прыгажосць таго што засталося – можна зрабіць выснову, што людзі, якія будавалі гэтую невялічкую святыню мелі добры густ і вялікі Божы дар супакою і цішыні.
Атэістычны перыяд нашай гісторыі зрабіў сваю справу: замест некалі велічнага будынку засталіся толькі пяціметровыя сцены былой усыпальні, рэшткі брамы, а таксама магілы і дрэвы.
10 ліпеня а 17 гадзіне тут была адпраўлена Літургія ў гонар св. Бэнэдыкта, які з’яўляецца апекуном гэтай невялічкай святыні.
Пасля Святой Імшы адбылося ўстанаўленне крыжа.
Належыць зазначыць, што гэты крыж 27 мая быў асвечаны біскупам Юрыем Касабуцкім падчас апостальскай візітацыі ў Мар’інай Горцы.
Дубовы брус на крыж ахвяраваў парафіянін з Мар’інай Горкі, Віктар Сабалеўскі. Ён актыўна цікавіцца гісторыяй былых маёнткаў Пухавіцкага раёна і з захапленнем дзеліцца сваімі ведамі з астатнімі. Калісьці пан Віктар працаваў тут кіраўніком калгаса.
Таксама актыўным ініцыятарам і ўдзельнікам гэтай падзеі быў Аляксандар Ахсеневіч – ляснічы Вецярэвічскага лясніцтва, на тэрыторыі якога знаходзіцца капліца і могілкі. Перад Аляксандрам на гэтай пасадзе працаваў яго тата, католік – Браніслаў Ахсеневіч.
Разам з устанаўленнем крыжа, былі забяспечаны ад далейшага разбурэння фрагменты каменнай брамы. На чатыры каменныя слупы, пасля ачышчэння іх ад смецця, былі ўсталяваны бляшаныя прыкрыцці (штосьці накшталт шапак).
Пад спевы арганіста і людзей (якіх, дарэчы, было дастаткова шмат), мужчыны падымалі амаль 7-метровы дубовы крыж, які непахісна і мужна, як наша вера, узвышаўся сярод галін, што калыхаліся ад ліпеньскага ветру.
Марта Янушкевіч, тэкст і фота
