Нямецкі «шлях» Каталіцкага Касцёла… Ці прывядзе ён да расколу?

Напачатку сакавіка гучнай навіной прайшло паведамленне пра тое, што Каталіцкі Касцёл у Германіі будзе бласлаўляць аднаполыя шлюбы. У гэтым тэксце мы спрабуем разабрацца ў тым, як да такіх рашэнняў дайшлі нямецкія католікі і як да гэтага ставяцца ў Ватыкане.

Станам на канец 2021 года 26% жыхароў Германіі, або 21,6 млн чалавек, былі католікамі. Пры гэтым доля тых, хто наведвае нядзельную Імшу, рэгулярна скарачалася: у 2009 годзе, напрыклад, яна складала толькі 13%.

Разам з тым дзяржава абавязвае ўсіх зарэгістраваных вернікаў плаціць падатак у 8-9% свайго даходу на Касцёл, незалежна ад таго, ці наведваюць яны набажэнствы. Гэта зрабіла Касцёл Германіі адным з самых багатых у свеце. Але адначасова паставіла перад ім цяжкае пытанне: як утрымаць зарэгістраваных вернікаў (то бок – падаткаплатнікаў). Напрыклад, толькі за 2019 год сышло 216 тыс. вернікаў і яшчэ 402 тыс. у 2020-м. Агулам, паводле апытанняў, на такі крок гатовыя да траціны нямецкіх католікаў, у тым ліку дзеля таго, каб не плаціць падатак.

Погляды ж тых, хто працягвае яго плаціць, досыць спецыфічныя. Апытанне 2021 года паказала, што 70% нямецкіх католікаў ухваляюць бласлаўленне аднаполых пар, 80% прымаюць сумеснае жыццё нежанатых пар і 85% лічаць неабходным дазволіць браць шлюб святарам.

Нямецкія рэформы

На гэтым фоне ў 2019 годзе нямецкі Касцёл запусціў «Сінадальны шлях» – серыю канферэнцый для абмеркавання шэрагу сучасных багаслоўскіх і арганізацыйных пытанняў. Кіруе «Сінадальным шляхам» Сінадальная асамблея, куды ўваходзяць як біскупы, прадстаўнікі законных супольнасцяў, гэтак і свецкія з Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў. Апошнія яшчэ ў 2015 годзе прагаласавалі за бласлаўленне аднаполых саюзаў.

Першыя рашэнні «Сінадальнага шляху» былі агучаныя ў лютым 2022 годзе. Большасць прысутных, некаторыя з якіх выставілі сцягі ЛГБТ, падтрымалі наступныя прапановы:

  • Ватыкан мусіць дазволіць пасвячэнне жанчын;
  • Уплыў свецкіх на абранне біскупаў павінен быць большым;
  • Гомасэксуальныя саюзы могуць прайсці публічную цырымонію блаславення;
  • Варта рэфармаваць вучэнне Катэхізісу, каб перастаць класіфікаваць гомасэксуальныя палавыя акты як грахоўныя паводзіны;
  • Варта дазволіць святарам жаніцца.

У лістападзе 2022 года Касцёл Германіі дазволіў біскупам і ксяндзам заяўляць пра сваю гомасэксуальнасць. А ў касцельных установах цяпер могуць працаваць тыя, хто заключыў аднаполыя саюзы. Таксама не пазней за сакавік 2026 года плануецца заснаваць з удзелам свецкіх Раду Сінода, якая б, як і ў выпадку з Лютэранскай царквой, фактычна кіравала б дыяцэзіяй замест біскупа.

У сакавіку 2023 года «Сінадальны шлях» ухваліў бласлаўленне аднаполых саюзаў, казанне свецкіх, «канкрэтнае паляпшэнне для інтэрсэкс- і трансгендарных вернікаў» і просьбы перагледзець бясшлюбнасць духавенства. Увядзенне адаптаванай літургіі для бласлаўлення аднаполых параў падтрымалі 93% удзельнікаў форуму, у тым ліку каля 38 нямецкіх біскупаў. 12 біскупаў устрымаліся і толькі 9 былі супраць. Намеснік старшыні нямецкага епіскапату біскуп Франц-Ёзэф Бодэ нават запрасіў вернікаў сваёй дыяцэзіі звяртацца ў парафіі па літургічнае блаславенне іх аднаполых партнёрстваў. Таксама «Сінадальны шлях» назваў неміласэрнай і дыскрымінацыйнай адмову бласлаўляць аднаполыя партнёрствы, бо, маўляў, яна не можа быць «пераканаўча абгрунтаванаю ў тэалагічным плане».

Падобнымі былі вынікі «Сінадальных шляхоў» у Аўстрыі, Нідэрландах і Швейцарыі. Віталі рашэнне нямецкіх калегаў і некаторыя біскупы з-за мяжы, як, напрыклад, Эрыё Кастэлучы з Італіі.

Аднабаковасць і зацыкленасць

Тым не менш, казаць пра поўнае аднадумства ў згаданых пытаннях сярод нямецкіх католікаў не даводзіцца. Гэтак, яшчэ на самым пачатку ад пасадаў у Сінадальных форумах адмовіліся багаслоў Мар’яна Шлосэр і біскуп Дамінік Швадэрлап, якія былі нязгодныя з «зацыкленасцю на пасвячэнні» жанчын і поглядамі на сэксуальную мараль, што супярэчаць вучэнню Касцёла. А біскуп Рэгенсбурга Рудольф Водэрхальцэр у адкрытым лісце раскрытыкаваў сам механізм працы «Сінадальнага шляху» і яго «аднабаковае біблейскае багаслоўе».

Біскуп Штэфан Остэр з Пасаў заяўляў, што на пасяджэнні «Сінадальнага шляху» «ніхто» з меншасці не адчуваў сябе «абароненым», а «галоўныя дзейныя асобы ў прэзідыуме» пастаянна фармулявалі патрабаванні і чаканні рэформ. Некаторыя біскупы прапаноўвалі вярнуцца да таемнага галасавання, бо адчувалі ціск з боку большасці, але прэзідыум адхіліў іх просьбу.

«Братэрскую заклапочанасць» выказалі польскі епіскапат і Канферэнцыя біскупаў Скандынавіі. А чатыры кардыналы і больш як 80 біскупаў напісалі «братэрскі адкрыты ліст», у якім выказалі занепакоенасць, што нямецкі «Сінадальны шлях» можа падарваць аўтарытэт і лідарства Касцёла.

Ватыкан супраць

З крытыкай нямецкіх новаўвядзенняў выступіў і Ватыкан. Яшчэ ўлетку 2019 года Папа Францішак у 28-старонкавым лісце заявіў пра «эрозію» і «падзенне веры» ў Германіі і заклікаў вернікаў да навяртання, да малітвы і посту. На думку Святога Айца, удзельнікам «Сінадальнага шляху» не хапае Святога Духа.

У верасні 2019 года кардынал Марк Уэле, прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, у лісце да Канферэнцыі нямецкіх біскупаў заявіў, што арганізацыйная структура «Сінадальнага шляху» несапраўдная і не можа прымаць абавязковых для выканання рашэнняў. 21 ліпеня 2022 года Святы Пасад нават абнародаваў адмысловую дэкларацыю, дзе заявіў, што «Сінадальны шлях» у Германіі «не мае паўнамоцтваў абавязваць біскупаў і вернікаў прымаць новыя спосабы кіравання і новыя ўстаноўкі дактрыны і маралі». Тое ж самае Ватыкан паўтарыў і ў студзені 2023 года.

Аўстралійскі кардынал Джордж Пэл, былы прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, у артыкуле на сайце National Catholic Register увогуле заявіў, што ў гісторыі Касцёла не было «прэцэдэнтаў актыўнага ўдзелу былых католікаў і антыкатолікаў у такіх арганізацыях».

24 лістапада 2022 года свае крытычныя заўвагі апублікавалі кардынал Уэле і кардынал Луіс Ладарыя Ферэр, прэфект Дыкастэрыі веравучэння. Яны заявілі, што нямецкія католікі ідуць на «саступкі» ва ўмовах «вельмі моцнага культурнага і медыйнага ціску». А самі прапановы «адкрыта супярэчаць вучэнню, зацверджанаму ўсімі папамі з часоў Другога Ватыканскага Сусветнага Сабору».

У кастрычніку і лістападзе 2022 года нямецкія біскупы з адмысловымі візітамі наведвалі Рым. Але, як заяўляў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, яны не вядуць дыялог з Рымам, а толькі абараняюцца. Агулам жа, паводле яго, Святы Айцец і нямецкія біскупы разумеюць пад “Сінадальным шляхам” «два розныя падыходы». Калі для Папы “сінадальнасць” з’яўляецца «духоўнай падзеяй», што мусіць служыць евангелізацыі, то ў Германіі – «гэта гаворка пра структуры».

Неаднаразова выказваў заклапочанасць «Сінадальным шляхам» і Апостальскі нунцый у Германіі арцыбіскуп Нікола Этэравіч. У прыватнасці, ён нагадваў пра перасцярогу Францішка аб небяспецы «парламентарызму» для Касцёла і заклікаў да таемнага галасавання. Падкрэсліваў ён і немагчымасць стварэння «Сінадальнай рады» ды допуску жанчын да святарства. У сваю чаргу прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў кардынал Артур Рошэ адзначыў недапушчальнасць таго, каб свецкія рэгулярна прамаўлялі гаміліі падчас святых Імшаў ці ўдзялялі сакрамант хросту.

Раскол рэальны?

І хоць старшыня нямецкага епіскапату біскуп Георг Бетцынг заяўляе, што «Сінадальны шлях» Касцёла ў Германіі «не шукае расколу і не вядзе да нацыянальнай царквы», шмат хто прытрымліваецца іншай думкі.

Так, кардынал Марк Уэле заявіў, што нямецкі «Сінадальны шлях» выклікае падзелы як у Касцёле, так і паміж біскупамі, сее замяшанне сярод народа Божага. А Луіс Ладарыа Фэрэр па выніках візіту ad limina нямецкіх біскупаў у Рым увогуле заявіў, што нямецкія католікі не адчуваюць сваёй прыналежнасці да Паўсюднага Касцёла.

«У Германіі ўжо ёсць вялікая і цудоўная Лютэранская Царква. Я не хачу іншай, якая не стане такой жа добрай, як гэта. Але я хачу, каб быў Каталіцкі Касцёл, які б жыў у братэрстве з Лютэранскай Царквой», – сказаў Папа 6 лістапада 2022 года і перасцярог ад «этыкі, замаскіраванай пад хрысціянства».

На яго думку, «Сінадальны шлях» у Германіі небяспечна ідэалагізаваны, ім кіруюць «эліты», і ён не заахвочвае «увесь Божы народ».

Былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству нямецкі кардынал Вальтэр Каспер мяркуе, што нямецкія сінадалы не хочуць касцельнага расколу, але, папярэдзіў ён, да такой сітуацыі можа дайсці. Кардынал заклікаў нямецкіх біскупаў сур’ёзна паставіцца да просьбаў іншых біскупскіх канферэнцый на тэму нямецкага шляху.

«Касцёл – гэта не дэмакратыя», – сказаў ён. Нельга «вынаходзіць» новы Касцёл. Пры гэтым кардынал прызнаў, што «Касцёл перажывае эпахальнае ўзрушэнне» і «не можна проста жыць, як раней».

Як мяркуе старшыня Папскай акадэміі святога Тамаша айцец Серж-Тама Баніно, «Сінадальны шлях» у Германіі выкрыў глыбокія падзелы і стварыў рызыку вялікага расколу. На яго думку, атака на папскую энцыкліку Humanae vitae і вучэнне Яна Паўла ІІ аб фундаментальных маральных і біяэтычных пытаннях, радыкальны выклік традыцыйнаму вучэнню Касцёла аб гомасэксуалізме ці святарстве можа прывесці да таго, што частка тэолагаў і вернікаў не зможа пагадзіцца на такія змены. Яны б азначалі сапраўдны разрыў з традыцыяй і стваралі б уражанне, што Касцёл памыляўся стагоддзямі.

Старшыня Папскай акадэміі адзначыў, што каталіцкая тэалогія павінна распазнаваць знакі часу, але ў тым, што адбываецца ў межах нямецкай рэфарматарскай ініцыятывы, цяжка ўбачыць, дзе мы маем справу з падпарадкаваннем духу свету, а дзе з сапраўдным жаданнем слухаць Духа Святога.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку