Некалькі велікодных паштовак з БССР

Забарона рэлігійнай прапаганды ў СССР ахоплівала ўсе кірункі і датычыла таксама друкаванай прадукцыі. Ніякія выданні, якія маглі б садзейнічаць рэлігійнасці насельніцтва, не друкаваліся для шырокіх масаў, і, адпаведна, не з’яўляліся ў продажы. Разам з гэтым рэлігійныя традыцыі працягвалі захоўвацца ў асяроддзі вернікаў і духавенства ўсіх канфесій. Адпаведна захоўваліся традыцыі і жаданне павіншаваць родных, блізкіх, сяброў і знаёмых з найважнейшымі святамі больш прыгожа, чым проста лістом.

Традыцыйна для пісьмовых віншаванняў выкарыстоўваліся паштоўкі. Паколькі тэматычных паштовак не было, заставаліся два шляхі: выкарыстаць наяўныя, прыгожа аздобленыя і нейтральныя адносна календара, альбо заняцца творчасцю і стварыць уласныя.

І такім першым шляхам – выкарыстання наяўных паштовак – пайшла беларуская паэтка Ларыса Геніюш у сваім ліставанні з ксяндзом Міхалам Варанецкім СМ, які ў пасляваенны час працаваў у Ружанах.

Напрыклад, у 1977 г. паэтка выкарыстала паштоўку з букетам летніх кветак, якую падпісала наступным чынам “Zelwa 1977. Wielebny Ojcze! Zasyłamy Ojcu serdeczne życzenia Wesołych Swiąt! Wielkanoc, największe święto Słowian niech będzie Ojcu radosnym i pełnym jasnych nadziei! Z szacunkiem Geniuszowie. (Вялебны Ойча! Дасылаем Айцу сардэчныя пажаданні Радасных Святаў! Вялікдзень, найвялікшае свята славян, няхай будзе Айцу радасным і поўным ясных спадзяванняў! З пашанай, Геніюшы” (фота 1, 1а).

У 1978 г. Ларыса Геніюш віншавала кс. Міхала Варанецкага з Вялікаднем паштоўкай з выявай хрызантэмаў. Надпіс на адвароце быў наступны:“Zelwa 1978. Serdecznie winszujemy drogiego Ojca ze Świętem Pańskiego Zmartwychwstania! Z miłością do Ojca i glębokim szacunkiem. Geniuszowie. (Сардэчна віншуем дарагога Айца са Святам Уваскрасення Пана! З любоўю да Айца і глыбокай пашанай, Геніюшы)”. Віншаванні дадаваліся і ў лісце, прыкладзеным да паштоўкі, дзе паэтка пісала: “Życzymy Ojcu Wesołych Świąt! Dobrego zdrowia, radości z pracy szlachetnej i wzniosłej, pogody ducha w dzień Pańskiego Zmartwychwstania i zawsze! (Дарагі Ойча! Жадаем Айцу Вясёлых Святаў! Добрага здароўя, радасці з працы шляхетнай і ўзнёслай, добрага настрою ў дзень Уваскрасення Пана і заўсёды!)”.

У 1981 г. віншавальная паштоўка традыцыйна была з кветкамі. Ларыса Геніюш зычыла кс. Міхалу: “Zelwa, 12/IV.1981 r. Drogi i wielebny Ojcze! Witam Ojca ze świętem Pańskiego Zmartwychwstania. Wesołych Świąt życzę Ojcu i dobrego zdrowia. (Дарагі і вялебны Ойча! Віншую Айца са святам Божага Уваскрасення! Радасных святаў жадаю Айцу і добрага здароўя)”.

Паштоўкай з выявай кветак віншавала паэтка святара і ў 1982 г. Яна падпісала паштоўку так: “Zelwa 1982. Serdecznie witam drogiego Ojca Michała ze wspaniałym świętem Wielkanocy! Wesołych Świąt, wielebny Ojcze! Niech te święta przyniosą radość i duchowe ozdrowienie wszystkim ludziom pragnącym pokoju, prawdy i łaski Bożej najświętszej ze wszystkich łask! Хрыстос Уваскрос! Л. Геніюш (Сардэчна віншую дарагога Айца Міхала з цудоўным святам Вялікадня! Вясёлых святаў, вялебны Ойча! Няхай гэтыя святы прынясуць радасць і духоўнае аздараўленне ўсім людзям, якія прагнуць супакою, праўды і ласкі Божай, найсвяцейшай з усіх ласкаў! Хрыстос Уваскрос! Л. Геніюш)”.

Другім шляхам – стварэння ўласных паштовак – пайшлі некаторыя святары. Адным з іх быў ксёндз Чэслаў Барвіцкі, які працаваў у Лучаі ў 1944 – 1948 гг., быў арыштаваны, знаходзіўся ў лагерах і пасля вызвалення ў 1956 г. вярнуўся ў Лучай. Там не змог атрымаць рэгістрацыі і выехаў у Польшчу ў 1958 г. Кс. Барвіцкі быў мастаком, і таму не дзіўна, што паштоўкі праз іх адсутнасць у продажы ствараў уласныя. Прыклад адной з іх далучаны да публікацыі. Можна казаць, што паштоўка стваралася з гумарам, і меркаваць, што святар зрабіў некалькі копій гэтай паштоўкі для таго, каб дасылаць знаёмым. У парафіяльным архіве ў Лучаі захоўваецца непадпісаны варыянт.

Яшчэ адна паштоўка, створаная ўласнымі рукамі, належыць ксяндзу Казіміру Валентыновічу (1899 – 1984). Пачынаючы з 1944 г., ён працаваў у Мсцібаве. Паштоўку стварыў і даслаў у Польшчу, у Беласток, ксяндзу Станіславу Галадку. Віншаванні, змешчыныя на адвароце, гучалі наступным чынам: “Najserdeczniejsze życzenia spokojnych i radosnych Świąt Zmartywychwstania Pańskiego zdrowia i owocnej wychowawczej pracy przesyła ks. K. Walentynowicz, 1981 r. Mscibów (Самыя шчырыя пажаданні спакойных і радасных святаў Уваскрасення Пана, здароўя і плённай выхаваўчай працы дасылае кс. К. Валентыновіч, 1981 г., Мсцібаў)” (фота 6,6а).

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы парафіяльнага архіва ў Лучаі, Архіва ксяндзоў-місіянераў у Кракаве, Архідыяцэзіяльнага архіва ў Беластоку.

Лісты Ларысы Геніюш да кс. М. Варанецкага апублікаваны Р. Зянюк у альманаху “Асоба і час”, 2018 №8.

Раіса Зянюк

для друку для друку