Некалькі думак пра фільм “Майстар і Маргарыта”

Славуты раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта» – гэта не толькі бясспрэчны літаратурны шэдэўр, але і твор вялікага ўплыву на светапогляд чытача. Ёсць шмат сведчанняў, як гэтая кніга станавілася першым крокам да хрысціянства, і наадварот – прыводзіла да рамантызацыі сатанізму. А яшчэ гэта адна з тых кніг, на якіх нібыта ляжыць праклён “неэкранізаванасці”. Кожная новая спроба дакладна перадаць тэкст на экране завяршалася калі не няўдачай, то даволі спрэчным вынікам. У такой сітуацыі найлепшым выйсцем хіба што з’яўляецца далёкі ад літаральнасці фільм-пераасэнсаванне. Менавіта так і падышоў да справы рэжысёр і сцэнарыст Міхаіл Локшын, які сёлета выпусціў сваю адаптацыю рамана.

Падзеі фільма адбываюцца ў савецкай Маскве 1930-х гадоў. Вядомы пісьменнік на ўзлёце сваёй кар’еры апынаецца ў цэнтры літаратурнага скандалу. Спектакль паводле яго п’есы пра Понція Пілата здымаюць з рэпертуару маскоўскага тэатра за крытыку ўлады і прапаганду рэлігійных вучэнняў. Калегі імгненна адварочваюцца ад апальнага пісьменніка, і ў лічаныя дні ён ператвараецца ў ізгоя. Блукаючы ў роспачы па горадзе, пісьменнік сустракае замужнюю жанчыну Маргарыту, якая становіцца яго музай і каханкай. Майстар – так называе яна пісьменніка, – натхнёны яе каханнем і падтрымкай, бярэцца за новы раман пра сябе і сваё асяроддзе. У творы ён выстаўляе ў сатырычным святле сваіх былых калег, а на Маскву насылае Сатану, замаскіраванага пад замежнага кансультанта Воланда. Разам са сваімі падручнымі Князь цемры нясе хаос у жыццё савецкай сталіцы.

Шукаючы новую форму для экранізацыі, аўтары фільма рассыпаюць кнігу на стос старонак, ператасоўваюць іх і перазбіраюць наноў. З трох асноўных ліній рамана фокус тут падае на гісторыю Майстра. Нават больш за тое, пакуль ершалаімская і сатанінская лініі адыходзяць далёка на другі план, лінія пісьменніка падвайваецца. Цяпер гэта і ўласна гісторыя Майстра, якую мы ведаем з рамана, і гісторыя пісьменніка без імя, каторы піша кнігу пра Майстра, – гэтакі абагулены партрэт Булгакава.

Выводзячы яго на сцэну, аўтары даюць волю фантазіі ў паказе футурыстычнай Масквы, дэманструюць падзеі, якія маглі натхніць творцу на напісанне рамана, шчодра напаўняюць карціну гістарызмам. На гэтым сюжэтным узроўні ў аповед укліньваюцца многія дэталі з ранніх чарнавікоў «Майстра і Маргарыты» і ўласна з біяграфіі Булгакава, што ўзбагачае карціну, і надае ёй яшчэ большую глыбіню.

У мяне таксама склалася ўражанне, што Локшын у сваім фільме робіць спробы хаця б часткова парваць з паўвекавой савецкай і постсавецкай традыцыяй трактаваць гэты раман як гісторыю «аб вялікім і чыстым каханні», канцэнтравацца на тым, што «рукапісы не гараць», а Воланда ўспрымаць як суровага, але справядлівага і мудрага суддзю. Не грэбуючы гэтымі тэмамі, аўтар, тым не менш, некалькі збівае лоск з рамантычнай лініі, паказвае трагічнасць «пераходу» Майстра і Маргарыты на той свет, падкрэслівае сутнасць рамана Майстра як «Евангелля ад Сатаны», а самога Воланда больш адкрыта паказвае Князем цемры.

Між іншага, менавіта Воланд у выкананні нямецкага акцёра Аўгуста Дыля з’яўляецца сапраўднай перлінай гэтай адаптацыі. Адно задавальненне глядзець, з якім імпэтам ён прамаўляе, як трапна падмацоўвае словы жэстамі або як іграе аднымі вачыма. Тэмпераментны і жывы, па-свойму мудры, але з вар’яцкім пякельным агеньчыкам у вачах новы Воланд адштурхоўвае і палохае, але адначасова з тым і па-д’ябальску прыцягвае. Такім, мусіць, і ёсць зло – у нечым агідным, але ў той жа час неверагодна стыльным і прыцягальным.

Стах Лысы

для друку для друку