У чарговым выпуску моўнай старонкі “Каталіцкага Весніка” гаворка пойдзе пра некаторыя асаблівасці ўтварэння і ўжывання ў беларускай мове дзеепрыслоўяў. Тэму нам падказаў ад нядаўняга часу чытач газеты Уладзімір П. з Глыбоччыны.
У лісце да аўтара рубрыкі спадар Уладзімір, у прыватнасці, піша: “Нядаўна адкрыў для сябе “Каталіцкі Веснік”. Атрымалася гэта выпадкова, убачыў газету на стале ў доме сваёй знаёмай. І сярод іншага вельмі зацікавілі матэрыялы моўнага характару. А паколькі можна, як аказалася, задаваць пытанні, то і я хацеў бы. А пытанне маё датычыць слоў тыпу беручы, несучы, палячы, молячы і падобных. Ці варта іх выкарыстоўваць у літаратурнай мове? Бо на практыцы мы з імі ўсё ж сустракаемся нячаста. Буду ўдзячны за тлумачэнне гэтага актуальнага для мяне пытання”.
Мы шчыра дзякуем сп-ру Уладзіміру і за канкрэтнае пытанне, і за цікавасць да газеты, сталым чытачом якой, будзем спадзявацца, ён стане. Да таго ж, на нашу думку, узнятая праблема можа быць важнай і для шырокага кола карыстальнікаў беларускай мовы. Бо насамрэч час ад часу даводзіцца чуць меркаванні, што дзеепрыслоўі выклікаюць пэўныя цяжкасці пры іх утварэнні і ўжыванні ў канкрэтнай маўленчай сітуацыі. Таму паспрабуем разабрацца.
Дзеепрыслоўе – гэта нязменная форма дзеяслова, якая абазначае дадатковае дзеянне і паясняе асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам: Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь (Міхась Лынькоў). Тут дзеепрыслоўе назбіраўшы абазначае дадатковае дзеянне (назбіралі) і паясняе асноўнае дзеянне, выражанае дзеясловам-выказнікам (расклалі калі, назбіраўшы сушняку).
Дзеепрыслоўі, як паказвае ўжо сама назва, маюць асаблівасці дзеяслова і прыслоўя. Яны ўтвараюцца ад дзеясловаў, захоўваюць з ім агульнасць асновы і лексічнага значэння: хвалявацца – хвалюючыся, імкнуцца – імкнучыся, прынесці – прынёсшы і г.д. Заўважым таксама, што не ўсе незваротныя дзеепрыслоўі маюць адпаведныя зваротныя. Бываюць толькі незваротныя (ідучы, бегучы, ходзячы, седзячы і г.д.) або толькі зваротныя (смеючыся, сумняваючыся, спрачаючыся, каючыся і г.д.)
У моўнай плыні дзеепрыслоўі найчасцей ужываюцца з паясняльнымі словамі, утвараючы дзеепрыслоўнае словазлучэнне, што выступае адным членам сказа: Саломку выгнуўшы дугою, / Звісае колас над зямлёй (Якуб Колас). Тут вылучаная тлустым канструкцыя з’яўляецца акалічнасцю спосабу дзеяння.
Дзеепрыслоўі могуць быць закончанага і незакончанага трывання. Дзееепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць незакончанае дадатковае дзеянне, якое адбываецца ці адбывалася адначасова з асноўным дзеяннем, што выражанае дзеясловам-выказнікам: Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы ніводным лістам (Якуб Колас). Дзеепрыслоўі закончанага трывання абазначаюць закончанае дадатковае дзеянне, якое адбылося раней за асноўнае, выражанае дзеясловам-выказнікам: Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам задумалася, аслабіла рукі (Іван Мележ).
Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу дзеясловаў першага спражэння з дапамогай суфіксаў –учы (-ючы), ад дзеясловаў другога спражэння – з дапамогай суфіксаў –ачы (-ячы): пішуць – пішучы, ідуць – ідучы, бяруць – беручы; косяць – косячы, бачаць – бачачы, ходзяць – ходзячы. Праўда, ад некаторых дзеясловаў другога спражэння дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў –учы (-ючы), а не –ачы (-ячы): баяцца – баючыся, крычаць – крычучы, спаць – сплючы.
Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асновы інфінітыва або асновы прошлага часу з дапамогай суфіксаў –ўшы (пасля галосных) і –шы (пасля зычных): раскінуць – раскінуўшы, прачытаць – прачытаўшы, прынесці – прынёсшы, абтрэсці – абтросшы.
У мове існуюць пэўныя заканамернасці ўжывання дзеепрыслоўяў. Нельга ў адным сказе выкарыстоўваць дзеепрыслоўе і дзеяслоў-выказнік, якія абазначаюць дзеянні розных асобаў або розных прадметаў. Да прыкладу, наступны сказ няправільны: Сям-там, праязджаючы па гасцінцы, нам трапляюцца вялізныя клёны і дубы. Тут дзеяслоў трапляюцца адносіцца да дзейнікаў клёны і дубы, а дзеепрыслоўе праязджаючы да гэтых дзейнікаў дачынення не мае. Таму сказ патрабуе перабудовы: Калі мы праязджалі па гасцінцы, нам трапляліся вялізныя клёны і дубы.
Яшчэ варта адзначыць, што дзеепрыслоўе нярэдка з’яўляюцца цэнтральнай граматычнай часткай пэўных устойлівых спалучэнняў, прыказак, прымавак: Не хваліся сеўшы, а хваліся з’еўшы; Гуляючы, розуму не прыдбаеш.
Такім чынам, можам смела сцвярджаць, што дзеепрыслоўі з’яўляюцца неад’емнай і надзвычай важнай часткай беларускай лексікі. Яны дапамагаюць перадаць найдрабнейшыя граматычныя адценні ў розных сітуацыях маўлення, дазваляюць канкрэтызаваць думку, удакладніць семантычнае адценне адпаведнай канструкцыі. А адказваючы на пытанне нашага чытача сп-ра Уладзіміра адносна мэтазгоднасці рэгулярнага выкарыстання дзеепрыслоўяў у беларускай мове, заўважым, што іх можна смела ўжываць. Безумоўна, з улікам асаблівасцяў, выкладзеных намі вышэй.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!