Пра з’яўленне абраза Маці Божай Браслаўскай у гданьскім душпастырстве распавёў ксёндз Пётр Врубель, які апякуецца мясцовымі беларусамі-католікамі.
На супольную Эўхарыстыю ў партовым горадзе Гданьск католікі беларускага паходжання пачалі збірацца яшчэ ў 2019 годзе.
Кожную нядзелю яны моляцца ў касцёле святога Юзафа пры кляштары айцоў аблатаў. Паслугу мясцовым католікам з Беларусі нясуць два святары: ксёндз Анджэй Бульчак і ксёндз Пётр Врубель, якога ў 2023 годзе Мітрапаліт Гданьскі прызначыў душпастырам беларусаў Гданьскай архідыяцэзіі.
У верасні 2023 года вернікі арганізавалі першы «парафіяльны» фэст. Заступніцай мясцовых беларусаў-католікаў абралі Маці Божую Браслаўскую. З’яўленне яе абраза ў душпастырстве стала справай часу.
Сёлета 15 верасня адбыўся другі каталіцкі фэст беларусаў Памор’я. Дапаможны біскуп Гданьскай архідыяцэзіі Пётр Пшыборэк асвяціў абраз Маці Божай Браслаўскай, апякункі душпастырства.
Нягледзячы на тое, што жыццё сучасных жыхароў горада не звязана з працай на вадзе, выбар абраза быў не выпадковым. Ён падкрэслівае жаданне душпастырства захаваць гістарычную і рэлігійную памяць, свае духоўныя і культурныя карані, звязаныя з Беларуссю. Для вернікаў гэта важны сімвал іх ідэнтычнасці.
Ксёндз Пётр Врубель, які апякуецца мясцовымі беларусамі-католікамі, распавёў пра з’яўленне абраза Валадаркі Азёраў у гданьскім душпастырстве.
Мы абралі абраз Маці Божай Браслаўскай, таму, што яна абараняе людзей на вадзе. Гданьск знаходзіцца на беразе Балтыйскага мора і суседнічае з кашубскім рэгіёнам, які нагадвае Браслаўшчыну сваімі азёрамі і лясамі.
Падчас апошняй рэстаўрацыі з абраза знялі шаты і зрабілі фота. На падставе тых здымкаў, якія нам перадалі сёстры-эўхарысткі, быў выкананы абраз для нашага душпастырства.
Мы звярнуліся да прафесійнай мастачкі сястры Евы Бялецкай OV з Жэшува. Яна калісьці працавала ў Беларусі. Вялікую частку свайго жыцця сястра прысвяціла стварэнню абразоў, таму пагадзілася ўзяцца за гэтую замову. Мастачка захавала арыгінальныя памеры абраза – 50х70 см. Працэс заняў больш чым паўгады. Рушнік, які ўпрыгожвае абраз, быў зроблены ўручную. Адна з нашых актывістак — этнамузыколаг Вольга Барышнікава, зрабіла на ім прыгожую вышыўку.
Айцы аблаты, якія апякуюцца касцёлам святога Юзафа і кляштарам, дзе моляцца беларусы, дазволілі павесіць абраз Маці Божай на сцяну. Падчас святой Імшы мы пераносім да алтара, дзе ён стаіць на спецыяльнай падстаўцы.
Нашы вернікі падрыхтавалі карткі, на якіх з аднаго боку абраз, а з другога – малітва. Кожны можа асабіста памаліцца каля абраза.
Літургія ў нашым душпастырстве ёсць толькі ў нядзелі і ўрачыстасці, асобных набажэнстваў няма. Большасць людзей з нашага душпастырства – сужэнцы. Ім каля 30-40 гадоў. У многіх ёсць дзеці, шмат абавязкаў. На святую Імшу з’язджаюцца з розных гарадоў. Некаторым трэба ехаць 20-30 кіламетраў. З прычыны ўсіх вышэй пералічаных абставін пакуль мы не задумваемся аб набажэнствах у буднія дні. Ружанец і іншыя малітвы імкнемся спалучыць з нядзельнай Літургіяй. Пасля нядзельнай Імшы супольнасць моліцца праз заступніцтва Маці Божай Браслаўскай.
Аднак абраз павінен быў з’явіцца, як сімвал веры і надзеі, як нешта, што будзе захоўваць сувязь вернікаў з Радзімай, нагадваць ім пра тое, кім яны ёсць.
Гісторыя абраза
На сайце санктуарыя Маці Божай Браслаўскай можна даведацца, што абраз спачатку знаходзіўся на востраве Неспіш у Браслаўскім раёне. На пачатку XVI стагоддзя ў Браславе быў заснаваны праваслаўны манастыр, які пазней перанеслі на адзін з 15 астравоў возера Неспіш. У 1596 годзе манастыр далучыўся да Берасцейскай уніі з Рымам, а ў 1744 годзе быў уключаны ў спіс святыняў з цудадзейнымі абразамі. Ужо ў тыя часы ён быў вядомы сваімі цудамі і прыцягваў вялікую колькасць вернікаў, якія збіраліся на беразе, каб убачыць яго падчас урачыстасцяў.
У жніўні 1832 года кляштар быў знішчаны агнём, верагодна ад маланкі. Будынкі згарэлі, але абраз застаўся цэлым. Паводле паданняў, абпалены абраз знайшлі на іншай выспе ўжо на наступны дзень.
За шэсць гадоў да пажару пачалося будаўніцтва новага касцёла ў Браславе. Пасля таго, як абраз застаўся без храма, было вырашана перанесці яго ў новы касцёл. Аднак, паводле легенд, абраз неаднаразова цудоўным чынам вяртаўся на востраў, дзе яму прыносілі пашану стагоддзямі.
Для мясцовых жыхароў адным з галоўных цудаў Маці Божай Браслаўскай у XX стагоддзі стала тое, што ў савецкі час касцёл тут амаль не зачыняўся. Нават у 1950-я гады, калі забаранялі набажэнствы, рэлігійнае жыццё ў Браславе працягвалася. Улады вярнулі касцёл парафіянам пасля таямнічых падзей. Ахоўнікі сцвярджалі, што бачылі нейкія прывіды каля касцёла і стралялі ў іх.
Сёння абраз Маці Божай Браслаўскай зберагаецца ў алтары касцёла і адкрываецца падчас набажэнстваў. Абпаленыя часткі схаваны за шатамі, а вернікі прыносяць да абраза воты ў знак падзякі за дапамогу і веру ў яе мацярынскую апеку.
Аляксандра Шпілеўская, тэкст
Анастасія Галезнік, Сцяпан Богдан, фота
