Навошта экзарцысты пытаюцца ў дэманаў імёны?

Aleteia ўзяла інтэрв’ю ў экзарцыста са Швейцарыі. З яго мы даведваемся, між іншым, што д’ябал прысутнічае не ўсюды, але таксама, на ўсякі выпадак, не варта яго шукаць.

У нашай сучаснай ментальнасці тэмы экзарцызму і апантанасці дэманамі звычайна выклікаюць рэакцыю паміж захапленнем і адкрытым нявер’ем. Мы бачым гэтыя рэчы ў фільмах, але яны таксама прымушаюць нас задумацца.

Аднак для Каталіцкага Касцёла пытанне экзарцызму рэгулюецца кнігай рытуалаў De exorcismis et supplicationibus quibusdam (Абрад экзарцызму і малітвы пры асаблівых абставінах, прыняты ў 1998 годзе замест папярэдняй, старэйшай версіі, якой можна карыстацца і цяпер) і падпарадкоўваецца пэўным умовам і правілам.

Матывацыя прымянення гэтых строгіх правілаў караніцца ў Святым Пісанні і тэалогіі. Гэта далікатная справа, якой павінны абачліва займацца адпаведна падрыхтаваныя і эмацыйна ўраўнаважаныя святары («пабожныя, кампетэнтныя, разважлівыя і праведныя»), якія маюць спецыяльны дазвол ад свайго біскупа.

Aleteia ўзяла інтэрв’ю ў айца Цэзара Трукі, экзарцыста дыяцэзіі Кур у Швейцарыі і дакладчыка на курсе «Экзарцызм і малітва аб вызваленні» ў Папскім інстытуце Атэнэум «Regina Apostolorum» у Рыме (менавіта гэты курс натхніў на здымкі фільма «Абрад» з Энтані Хопкінс у галоўнай ролі).

К’яра Сантаміера: З якім злом мы сутыкаемся падчас экзарцызму?

Айцец Цэзарый: З персаніфікаваным злом. Павел VI сказаў: «смурод сатаны». Гэта не проста «privatio bonis», гэта значыць «адсутнасць дабра», якое апісвае філасофія, але зло, якое з’яўляецца эфектыўным. Гаворка ідзе пра прысутнасць злога. Толькі вера, а не навука, можа сказаць нам, што гэта за дрэнная істота. Хрысціянская вера гаворыць нам пра існаванне духоўных істот: добрыя — гэта анёлы, а злыя — дэманы.

— Ці не цяжка нам прыняць зло як істоту, якая фізічна валодае чалавекам?

— Так, гэта праўда, таму што мы звычайна не маем такога вопыту ў нашым штодзённым жыцці. Але з-за служэння, якое я нясу шмат гадоў, я меў магчымасць сустракацца з гэтымі людзьмі, і мне лягчэй паверыць, што існуюць пэўныя з’явы.

— Як вы пачыналі?

— Гэта быў Божы Провід. Калі 12 гадоў таму я атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, я наведваў курсы ў святароў-экзарцыстаў, такіх як кс. Бамонтэ або кс. Аморт. Там быў прадстаўлены выпадак 40-гадовага француза. Ён быў апантаны сатаной і меў патрэбу ў экзарцысце, але кс. Бамонтэ не размаўляў ні па-ангельску, ні па-французску. Таму яны папрасілі мяне аб дапамозе.

— Што адчуваеш, сутыкаючыся з адкрытым злом?

— Пачуцці мяняюцца з часам. На першых сеансах экзарцызму, на якіх я прысутнічаў, больш за ўсё мяне ўразіла адчувальнае пацверджанне таго, што Евангелле, якое я чытаў і над якім разважаў, праўдзівае. У Евангеллі Езус змагаўся з дэманамі, якія называлі сябе рознымі імёнамі: «Мяне завуць Легіён», «Мяне завуць Сатана». У Старым Запавеце, у кнізе Тобія, ёсць дэман па імені Асмадэй. Я чуў, як дэманы вымаўляюць гэтыя імёны падчас розных сеансаў экзарцызму.

На духоўным узроўні гэта вельмі ўзбагачае вопыт, таму што дазваляе мне адчуць ва ўласным целе праз свае пачуцці рэчаіснасць, пра якую казаў Езус.

— Адчувальна?

— У выпадку з гэтым французам, я памятаю, што, калі з’явіўся дэман, у мяне было адчуванне, што гонар акружае яго, нібы гэта быў дым або туман. Цяжка растлумачыць, але гонар здаваўся нечым, да чаго можна дакрануцца, ён напоўніў пакой. Экзарцыст спытаў яго імя, і ён адказаў: «Я Рэкс». Не існуе дэмана па імені Рэкс, г.зн. кароль. Экзарцыст настойваў на «скажы мне сваё імя», і нарэшце дэман адказаў: «Я сатана, князь гэтага свету».

— Чаму вы пытаецеся імя дэмана?

— Рытуал патрабуе гэтага для пэўнай мэты. Назваць што-небудзь ці ведаць імя — значыць мець над гэтым уладу. У рэшце рэшт, Бог дае Адаму ўладу называць рэчы. У той момант, калі дэман адкрывае сваё імя, ён паказвае, што аслабеў. Калі ён не скажа, ён усё яшчэ моцны.

— Ці ёсць тыповыя прыкметы апантанасці?

— Тыя, што згадваюцца ў Рытуале. Іх чатыры: агіда да святых рэчаў, размова на невядомых або мёртвых мовах, надзвычайная сіла, якая перавышае чалавечую прыроду, веданне схаваных або таемных рэчаў.

— Ці могуць людзі падвяргаць сябе небяспецы?

— Так. Усё, што звязана з магіяй, акультызмам, варажбой або картамі. Калі мы ідзем на Імшу, молімся, ідзём да споведзі — гэта набліжае нас да Бога, дапамагае ўзрастаць у святасці, то аналагічна чорныя імшы, сатанінскія абрады, фільмы і такая музыка фактычна набліжаюць нас да д’ябла.

Займаўся справай жанчыны, якая пачала чытаць карты Таро, як і многія, дзеля забавы. За выключэннем яе выпадку, яна насамрэч адгадвала мінулае і сучаснасць людзей, а ў некаторых выпадках і іх будучыню. І, вядома, яна дасягнула вялікіх поспехаў. У нейкі момант яна зразумела, у чым яе поспех, і перастала гэта рабіць, але было позна: яна была апантаная.

— Як можна кагосьці пракляць?

— Гэтак жа, як я мог даць камусьці заданне забіць кагосьці, так я магу папрасіць дэмана нанесці шкоду. Але, калі ласка, памятайце: большасць рытуалаў, якія выконваюць меркаваныя ведзьмы або чараўнікі, з’яўляюцца махлярствам без эфекту.

— Ці дастаткова аднаго экзарцызму, каб вызваліць апантанага?

— Гэта вельмі цяжка. Звычайна патрабуецца шмат экзарцызмаў.

— Гэта як тэрапія?

— Так. Экзарцызм — гэта сакраманталій, а не сакрамант. Сакрамант эфектыўны сам па сабе. Калі на споведзі адпускаюць грахі, то яны сапраўды дараваныя. Экзарцызмы, наадварот, з’яўляюцца эфектыўнымі ў залежнасці ад святасці святара, веры асобы, якая падвяргаецца экзарцызму, і веры ўсяго Касцёла.

— У чым розніца паміж экзарцызмам і малітвамі аб вызваленні?

— У іх адно і тое ж прызначэнне: яны спрабуюць вызваліць чалавека ад уплыву зла або ад апантанасці. Фактычна экзарцызм — гэта служэнне Касцёла, якое біскуп удзяляе пэўным святарам. Яго могуць выконваць толькі святары, а не свецкія, і толькі тыя, хто мае выразны дазвол біскупа. Малітву аб вызваленні, наадварот, можа выкарыстоўваць кожны: мужчына, жанчына, свецкі чалавек або святар у сілу таго, што ён хрысціянін, таму што Хрыстос сказаў: «Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў» (Мк 16,17).

Экзарцызм — гэта таксама прамы загад, аддадзены д’яблу, у той час як малітва аб вызваленні — гэта зварот да Бога або Дзевы Марыі з просьбай аб умяшанні.

— Колькі людзей, якія звярнуліся да святара, былі сапраўды апантанымі?

— Вельмі-вельмі мала.

— Дык чаму людзі так баяцца?

— Сярод людзей, якія да мяне прыходзяць, я вылучаю тры тыпы спраў: сапраўды апантаныя, неапантаныя і праблемныя выпадкі. Першая і другая групы найбольш простыя: вы ведаеце, што маеце справу з чалавекам, які сапраўды апантаны, таму што ён дэманструе чатыры прыкметы апантанасці і таму, што калі вы прамаўляеце малітвы, такі чалавек упадае ў транс і рэагуе так, як яго распазнае экзарцыст. Вы можаце прыкінуцца, але гэта вельмі складана.

У другім выпадку, маючы досвед святара і спавядальніка, разумееш, калі ты маеш справу з духоўнымі ці псіхалагічнымі праблемамі і калі дэманічны ўплыў можна выключыць.

Праблема ўзнікае, калі вы маеце справу з кімсьці, хто, здаецца, сапраўды апантаны — з-за глыбокай траўмы і рызыкоўных паводзін, такіх як сеансы або чытанне карт Таро — але на самой справе ён не апантаны.

Я сустрэў маладую жанчыну, якую згвалціў нібыта лацінаамерыканскі вядзьмак, які наклаў на яе парклён. Аднойчы ён даў ёй кубак кавы з наркотыкамі і згвалціў яе. Яна была ў свядомасці, але не магла адрэагаваць. Гэтая жудасная траўма прымусіла яе падумаць, што яна апантаная д’яблам праз наркотыкі і гвалт, які яна перажыла.

Я думаў, што яна сапраўды апантаная. Аднак, калі я маліўся і паклаў на яе рукі падчас экзарцызму, яна ніколі не ўваходзіла ў транс і не было іншых прыкмет. Так я зразумеў, што прычына ў іншым. Такім чынам, курс для экзарцыстаў тлумачыць некаторыя медыцынскія і псіхалагічныя станы, якія могуць адыграць пэўную ролю ў гэтых сітуацыях.

— Як жывуць людзі, якія сапраўды апантаныя?

— Яны насамрэч жывуць звычайным жыццём. Д’ябал не працуе праз іх увесь час. Дазвольце мне скарыстацца парадаксальным параўнаннем, каб паспрабаваць растлумачыць гэта. Калі нехта купляе аўтамабіль, гэты аўтамабіль даступны для гэтага чалавека, калі ён ці яна захоча. Ён можа выкарыстоўваць яго, каб даехаць да офіса, а затым павінен яго прыпаркаваць. Тое ж самае адбываецца з апантаным чалавекам. Бываюць выпадкі, калі дэман бяжыць: «сядае ў машыну» і едзе, як хоча; а іншы раз не. У машыны ёсць гаспадар, але не заўсёды гаспадар ім карыстаецца.

— Калі неабходна звярнуцца да экзарцыста?

— Калі тое, што адбываецца, выходзіць за рамкі звычайнага. У Рыме я сустрэў жанчыну, якая была атэісткай: каталічкай, якая была толькі ахрышчана і ні ў што не верыла. Гэта скончылася апантанасцю, хаця я ўжо не памятаю абставінаў. Яна стала чуць галасы, якія пастаянна спрабавалі пераканаць яе забіць мужа і сына і скончыць жыццё самагубствам.

Яна думала, што псіхічна хворая, і звярнулася да псіхіятра, але доктар выявіў, што яна вельмі разумны і паслядоўны чалавек з вельмі выразнымі поглядамі. Псіхіятр не змог яе вылечыць. Аднойчы моль з’ела ўсё яе адзенне, не закрануўшы рэчаў мужа і сына, якія былі ў тым жа гардэробе. А молі дома не было. Гэта было невытлумачальна.

Адзін з сяброў параіў ёй пайсці да кс. Аморта і той выявіў, што яна апантаная. Але яна не верыла ні ў анёлаў, ні ў дэманаў. Цяпер яна практыкуючая хрысціянка. Чаму Бог дапускае такія рэчы? Дзеля таго чалавека.

— Не маглі б вы спытаць каго-небудзь з гэтых людзей, што яна адчувала падчас экзарцызму?

— Я спытаўся ў француза, з якім мы размаўлялі, як ён сябе адчуваў падчас экзарцызму, і ён растлумачыў мне, што адчувае сябе так, нібы ўнутры яго было поле бітвы. З аднаго боку, ён адчуваў дэманаў, якія адчайна бегалі і размаўлялі паміж сабой. З іншага боку, калі святар маліўся, ён адчуваў, што Божае святло выганяе іх, але праз імгненне вяртаецца.

— Якая гісторыя зрабіла на вас найбольшае ўражанне?

— Вопыт нямога дэмана. Пра яго Езус кажа ў Евангеллі, што яго найцяжэй выкінуць, і што выганяецца толькі малітвай і постам. Нямы дэман сустракаецца вельмі рэдка. За 12 гадоў экзарцызму я з ім сутыкнуўся толькі аднойчы.

— Ці святар калі-небудзь баіцца?

— Спачатку мне было страшна, але з часам да некаторых формаў праявы зла прывыкаеш, і ўжо не дзіўна, калі чуеш, як чыйсьці голас мяняецца: жанчына пачынае гаварыць слабым голасам, які потым становіцца гучным, нібы з дна пячоры. Заўсёды трэба быць асцярожным, каб самаму не ўпасці ў апантанасць, бачачы зло паўсюль. Экзарцыст ведае, што д’ябал існуе, але не ўсюды.

Перш за ўсё я зразумеў, што экзарцызм — гэта паслуга міласэрнасці: акт любові да чалавека, які пакутуе. Гэта ўсё.

Па матэрыялах pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку