“Нашыя сэрцы палаюць аднолькава”. З будняў каталіцкай сям’і

Тата моліцца, чытае ўрывак з Евангелля, пасля чаго іншыя чальцы сям’і злучаюцца, адгаворваючы дзясятку Ружанца. Затым ён узгадвае ўсё добрае, што адбылося за мінулы год, і звяртаецца да родных з падбадзёрвальным словам на будучае. Сабраныя дзеляцца аплаткай, складаюць адно аднаму пажаданні, смяюцца. Нарэшце тата сядае за фартэпіяна, і ўсе, ад малога да вялікага, зацягваюць на розныя галасы калядныя песні.

Найлепшая спадчына

Гэтымі ўспамінамі са святкавання Божага Нараджэння дзеліцца Паўліна Гардзіенка, якая паходзіць са шматдзетнай каталіцкай сям’і. Жанчына ўзгадвае, што калядная атмасфера ў яе родным доме была настолькі ўтульнай, што на Божае Нараджэнне да іх заўсёды завітвалі сябры ці сваякі, нават нявернікі, каб проста пабыць побач. “Словы, з якімі да нас звяртаўся тата напярэдадні Калядаў, трымалі мяне на плыву на працягу ўсяго года. Ён нагадваў, каб мы заставаліся каля Бога, нягледзячы на цяжкасці, і заўсёды мелі ўдзячнае сэрца”, – адзначае жанчына.

Тата Паўліны ў сваіх малітвах заўсёды прасіў для дачок мужа-католіка, і сёння Паўліна мае ўжо сваю вялікую сям’ю.“Я была адкрытая на ўсіх. Але, зразумела, калі супадаюць каштоўнасці, то менш складанасцяў будзе ў супольным жыцці. З будучым мужам пазнаёмілася ў “Рыбах” (хрысціянскі музычны праект – заўв. аўт.). Я грала на клавішах, а ён быў гітарыстам. Разам мы ездзілі на рэпетыцыі і вярталіся з іх, – кажа суразмоўца. – Неяк Юрый спытаўся ў мяне, ці хачу я, каб мы сталі парай. І дадаў, што толькі пры ўмове, калі гэта прывядзе да шлюбу. Мне, шчыра кажучы, вельмі спадабалася такая рашучасць і сур’ёзны падыход да адносінаў. Памаліліся супольна Ружанец, і з таго часу больш не расставаліся”.

Колькі Бог задумае, столькі будзем мець дзетак

У сужэнстве Паўліна і Юрый ужо шэсць гадоў. Маюць трох дачок: Моніку, Веру і Марыку. Жанчына падкрэслівае, што быць бацькамі – гэта самае лепшае служэнне, якое мог даць ім Госпад. Аднак разам з тым прызнаецца, што яно не пазбаўленае цяжкасцей і патрабуе шматлікіх лайфхакаў, каб з ім спраўляцца. І першае, на што звяртае ўвагу наша суразмоўца, – гэта не забывацца пераводзіць позірк з дзяцей на свайго сужэнца ці сваю сужэнку. “Дочкі займаюць большую частку часу і думак. Аднак некалі яны вырастуць, мы з мужам застанёмся ўдваіх, і нам трэба будзе пра штосьці размаўляць. Калі мы ўсвядомілі гэта, то пачалі больш прысвячацца адно аднаму. І ведаеце, гадзіна ці дзве, праведзеныя разам, – самыя шчаслівыя ў нашых сямейных буднях. Столькі ёсць усяго абмеркаваць, акрамя дзетак, што, падаецца, жыцця не хопіць”, – распавядае Паўліна.

Час, які сужэнцы праводзяць разам, яны бавяць па-рознаму. Раз на тыдзень пакідаюць вечар для музычнага служэння. Запісваюць аранжыроўку для “Рыбаў” ці кампазіцыю для тэлеграм-канала “Спевы”, дзе размяшчаюць хрысціянскія песні, перакладзеныя на беларускую мову. Любяць і просты адпачынак: выпіць гарбаты са слодычамі ці паглядзець фільм. “Акрамя таго, вельмі важна даваць адпачыць адно аднаму ўвогуле без сям’і. Гэта патрэбна для аднаўлення асабістага рэсурсу. Калі мне хочацца прагуляцца з сяброўкай ці па магазінах, муж з лёгкасцю мяне адпускае”, – дадае Паўліна.

Час, які сям’я Гардзіенкаў праводзіць упяцёх, таксама належыць да найкаштоўнейшых момантаў. “Дзеля гэтага мы шукаем заняткі, якія падабаюцца ўсім. Нядаўна мы зразумелі, што нашая сям’я любіць настольныя гульні, і таму заўсёды намагаемся прыкупіць якую новую і цікавую. Навучыць дзяцей не засмучацца праз паразу – таксама асобны клопат”, – кажа Паўліна.

Разважаючы над спосабамі, якія прыводзяць да балансу ў сямейным жыцці, Паўліна акцэнтуе ўвагу і на неабходнасці падзелу абавязкаў паміж сужэнцамі: “Гатуем мы часта разам. Калі трэба пагуляць з дзецьмі, то няма праблемы зрабіць гэта па чарзе, бо муж працуе аддалена. Ёсць справы, якімі займаюся толькі я. Напрыклад, паходы па паліклініках. Ёсць і тое, за што адказвае выключна Юрый”.

Суразмоўца падкрэслівае і вялікую ролю дару супольнасці ў сямейным жыцці – праекта “Рыбы”. Адышоўшы збольшага ад музычных справаў, удзельнікі гурта захоўваюць цесныя зносіны, сустракаюцца на адмыслова для іх арганізаваных сямейных рэкалекцыях і малітоўных сустрэчах. “Ва ўсіх нас шмат дзетак. Цудоўна, калі мы з мужам маем агульных сяброў, можам падтрымліваць адно аднаго і разам узрастаць у веры”, – заўважае Паўліна.

Сям’я Гардзіенка ў калядны перыяд разам з супольнасцю «Рыбы»

“Мы ведаем Госпада”

За правіламі, паводле якіх функцыянуе сям’я Гардзіенкаў, стаіць моцны духоўны бэкграўнд. І хоць ён не вызваляе ад канфліктаў, але дапамагае не засяроджвацца на іх, прысвячаючы час куды больш важным рэчам. “Калі адчуваю, што ўва мне ўсё кіпіць, звяртаюся па мудрасць да Марыі. Я ўпэўненая, што ў Яе жыцці таксама здараліся моманты злосці і сітуацыі горшыя, чым мае. Заўсёды пытаюся, як бы паступіла Яна? І мне стала спраўляцца лягчэй. Найсвяцейшая Панна сее ўва мне добрыя думкі. Вучыць пакоры. Я раскрыла Яе як Заступніцу жонак і маці”, – дзеліцца Паўліна.

Пару гадоў назад у сям’і Гардзіенкаў з’явілася супольная вечаровая малітва. Спачатку моляцца дзеткі тымі словамі, што склалі самастойна. Пасля хто-небудзь прамаўляе падзякі і кожны далучае сваю інтэнцыю. Затым ідзе дзясятак Ружанца, малітва да Крыві Хрыста і за ненароджаных дзяцей. Падаецца, малітва доўжыцца бясконца, але насамрэч – дзесяць хвілін. “Добрая традыцыя, каб падвесці вынікі дня. Зразумела, спачатку дзяўчатам было складана трываць на малітве. Усё пыталіся, калі мы ўжо скончым. Але цяпер, нават калі мы з мужам забудземся пра малітву праз стомленасць, дзеці без яе спаць не лягуць. І няважна, дзе мы начуем. Гэта неверагодна аб’ядноўвае”, – прызнаецца верніца.

Дзякуючы тэлеграм-каналу “Спевы” Паўліна часта грае дома. Дзяўчаты далучаюцца да яе, акампануюць на інструментах. Шмат песень ім даспадобы, і гэтыя сесіі пераўтвараюцца ў паўгадзінныя малітвы праслаўлення. “Я цешуся, што першыя песні, якія даведваюцца мае дзеці, пра Бога. І яны ў іх у большым прыярытэце, чым сучасная музыка. Неяк у садку дачка заспявала “Ахоўвай нас, Марыя!”, – узгадвае з усмешкай Паўліна. – Евангелізавала прысутных”.

Ствараючы ўласны запавет

Хоць сужэнцы паходзяць з розных куткоў Беларусі, Паўліна са Смаргоні, а Юрый – з Пружанаў, калядныя традыцыі маюць аднолькавыя. І пры гэтым вынаходзяць новыя. “Штогод я раблю адвэнтавы каляндар для дзяцей. Згодна з колькасцю дзён у посце, размяшчаю ў розных формах – канвертах, торбачках – адмысловыя заданні і падарункі. Калі дочкі выконваюць практыкаванне – атрымліваюць сюрпрыз. Заданні самыя розныя: даць пацалункі родным ці прачытаць гісторыю з Евангелля. Такім чынам мы пазнаёміліся з усёй дзіцячай Бібліяй!” – адзначае суразмоўца.

Муж Паўліны сваімі сіламі будуе дом, у які яны мараць у хуткім часе перабрацца і збіраць на Божае Нараджэнне ўсіх родных. Сядаць за вялікі стол, маліцца, пазнаваць Слова. “Толькі пакуль без калядных песень за фартэпіяна, – дадае Паўліна. – Але спадзяюся, гэта неўзабаве”.

 Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі