Намашчэнне, лыжка Крыві Пана і агонія: падрабязны аповед пра апошнія хвіліны жыцця Бэнэдыкта XVI

— Калі я ўбачыў, што ён ужо не можа нармальна дыхаць, спытаў у доктара: «У яго агонія?» Ён сказаў мне: «Так, гэта пачалося, але мы не ведаем, як доўга гэта будзе працягвацца», — успамінае арцыбіскуп Генсвайн.

Арцыбіскуп Георг Генсвайн пра Бэнэдыкта XVI

Мне будзе не хапаць яго асобы, яго дабрыні, цвёрдай веры, яснасці, мужнасці і здольнасці цярпець за веру. Але застанецца таксама яго незабыўнае слова gioia , гэта значыць упэўненасць у тым, што вера дае радасць — такім памятае Бэнэдыкта XVI яго шматгадовы асабісты сакратар. Арцыбіскуп Георг Генсвайн даў першае інтэрв’ю Ватыканскаму радыё пасля смерці Папы-эмерыта.

Калі ён прыйшоў у штаб-кватэру папскай радыёстанцыі, то быў вельмі ўзрушаны. Падчас інтэрв’ю ў яго шмат разоў з’яўляліся слёзы, а голас затрымліваў у горле. Ён прызнаўся, што з чалавечага пункту гледжання вельмі пакутуе, але духоўна добра ўспрымае адыход Папы Бэнэдыкта XVI.

«Я ведаю, што Папа цяпер там, дзе хацеў быць», — сказаў арцыбіскуп Генсвайн. Дзякуючы яго сведчанню мы можам даведацца пра апошнія гадзіны адыходу Папы-сеньёра і яго апошнія словы, якія дазваляюць прачытаць усё яго жыццё: «Пане, я люблю Цябе».

Апошнія хвіліны жыцця Ёзэфа Ратцынгера

Арцыбіскуп Генсвайн нагадвае, што ў панядзелак, 26 снежня, Папа адчуваў сябе добра. Сакратар дапамог яму на інваліднай калясцы дабрацца ў сталовую, дзе яны разам елі. – Я сказаў, што хачу на два дні паехаць да сям’і, а ён падбадзёрваў: «Едзь, едзь». Я спытаў у лекара, ці магчыма гэта, і ён пацвердзіў, — успамінае арцыбіскуп. На наступны дзень арцыбіскуп Генсвайн з’ехаў.

А потым на досвітку патэлефанавала адна з валанцёраў суполкі Memores Domini, члены якой апекаваліся Бэнэдыктам, што ноч была цяжкай і што з Папам быў лекар. – Я папрасіў даць тэлефон Святому Айцу і сказаў, што прыеду неадкладна, першым жа рэйсам, – кажа ён.

У сераду апоўдні ён ужо быў у кляштары Mater Ecclesiae. Некалькімі гадзінамі раней Папа Францішак паведаміў на агульнай аўдыенцыі, што Бэнэдыкт XVI вельмі хворы і папрасіў суправаджаць яго ў малітве. – Я яшчэ не быў там, калі пасля аўдыенцыі Святы Айцец прыехаў у кляштар, памаліўся з Бэнэдыктам XVI і благаславіў яго, – успамінае ён.

Намашчэнне хворых і апошняя Імша

Ноч з 28 на 29 снежня была цяжкай, але раніцай у чацвер (29 снежня) адбылося нечаканае паляпшэнне здароўя Папы-эмерыта. Але потым стан паступова пагаршаўся. – Я адразу сказаў: «Святы Айцец, я ўдзялю табе намашчэнне хворых, а потым будзем тут цэлебраваць святую Імшу». Ён тады быў яшчэ прытомны і свядомасці, хацеў гэтага. Ён не канцэлебраваў Імшу, а ляжаў у ложку. Затым я даў яму святую Камунію маленькай лыжачкай у выглядзе sub specie sanguinis, або Крыві Хрыста. Вельмі мала, бо не еў двое сутак. Ён усё яшчэ ведаў, што адбываецца, кажа папскі сакратар.

Наступная ноч і дзень прайшлі спакойна. У апошнюю ноч перад смерцю (30/31 снежня) Бэнэдыкта даглядаў медбрат. – Калі я прыйшоў у пакой раніцай, ён сказаў мне, заліты слязьмі, што каля 3 гадзін ночы Папа сказаў апошнія словы: «Пане, я люблю цябе».

Агонія і апошні ўздых Бэнэдыкта XVI

Арцыбіскуп Генсвайн кажа, што апошні час яны маліліся ля ложка Папы. Так было і ў апошні дзень, калі ён прапанаваў прачытаць малітву ўслых і каб Святы Айцец духоўна далучыўся да яе. «Яму ўжо было немагчыма маліцца ўслых, ён вельмі стаміўся. Ён крыху расплюшчыў вочы — зразумеў пытанне — і кіўнуў. Так я пачаў», — успамінае ён. Каля 8 гадзіны раніцы Бэнэдыкт XVI пачаў дыхаць усё цяжэй. Два прысутныя лекары сказалі ў той час: «Мы баімся, што цяпер настане час, калі яму давядзецца правесці свой апошні бой на зямлі». Папскі сакратар патэлефанаваў жанчынам з інстытута Memores Domini, якія апекаваліся Бэнэдыктам, і сястры Біргіт Вансінг, якая перапісвала яго тэксты, і сказаў ім прыйсці, бо пачынаецца апошняя дарога.

«У той момант ён быў яшчэ ў свядомасці. Я загадзя падрыхтаваў перадсмяротныя малітвы, і мы маліліся каля 15 хвілін, усе разам, пакуль Бэнэдыкт XVI дыхаў цяжэй. Калі я ўбачыў, што ён больш не можа нармальна дыхаць, я спытаў доктара: «Ён у агоніі?» Лекар сказаў мне: «Так, гэта пачалося, але мы не ведаем, як доўга гэта будзе працягвацца», — успамінае арцыбіскуп Генсвайн. І дадае:

Мы там былі. Затым усе маліліся ў цішыні, і ў 9.34 [Папа-эмерыт] выдыхнуў. Потым мы працягвалі маліцца не за паміраючых, а за памерлых. На заканчэнне мы праспявалі «Alma Redemptoris Mater». Ён памёр у актаве Божага Нараджэння, яго любімай літургічнай пары, у дзень смерці аднаго са сваіх папярэднікаў – св. Сільвестра, папы пры імператары Канстанціне.

Папа Францішак развітваецца з Папам на пенсіі

Папскі сакратар паказвае, што ён быў першым, хто паведаміў Папе Францішку аб смерці Бэнэдыкта XVI. «Патэлефанаваў яму, і ён сказаў: «Я зараз прыйду!«. Потым прыйшоў, я завёў яго ў спальню, дзе памёр Бэнэдыкт XVI, і сказаў прысутным: «Заставайцеся». Папа прывітаўся, я прапанаваў яму крэсла, ён сеў каля ложка і памаліўся. Ён удзяліў благаслаўленне і вярнуўся ў свой дом, успамінае арцыбіскуп Генсвайн.

Сільвія Крыцэнбергер у сваім інтэрв’ю Ватыканскаму радыё таксама спытала яго пра самае моцнае пасланне Пантыфікату Папы Бэнэдыкта.

– Яго сіла ў дэвізе, які ён абраў, калі стаў арцыбіскупам Мюнхена: Cooperatores veritatis, або «Супрацоўнікі праўды», што азначае, што праўда — гэта не тое, пра што думаюць, але гэта асоба: гэта Сын Божы. Бог увасобіўся ў Езусе Хрысце, у Езусе з Назарэта, і гэта Яго пасланне: не ідзі за тэорыяй аб праўдзе, але ідзі за Панам. «Я — шлях, праўда і жыццё». Гэта яго паведамленне. Пасланне, якое не з’яўляецца цяжарам: хутчэй, гэта дапамога несці ўвесь цяжар кожны дзень, і гэта радасць. Ёсць праблемы, але чым мацнейшая вера, тым больш за яе павінна быць апошняе слова, лічыць арцыбіскуп Генсвайн.

10 гадоў з дня адстаўкі 

Сакратар прызнаецца, што папа-эмерыт не думаў, што пражыве так доўга. — Тры месяцы таму я сказаў яму: «Святы Айцец, мы набліжаемся да дзесяцігоддзя майго біскупства, якое я атрымаў ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 2013 года. Мы павінны святкаваць».

Але гэта таксама азначае дзесяць гадоў ад адрачэння. Некаторыя казалі мне: «Як ён адрокся, сказаўшы, што не мае больш сіл, а потым яшчэ пражыў дзесяць гадоў?». І ён адказаў: «Я павінен сказаць, што я першы здзіўляюся, што Гасподзь даў мне больш часу. Я думаў, што гэта будзе максімум год, але Ён даў мне дзесяць! І 95 гадоў — добры ўзрост, але гады і старасць таксама маюць значэнне, нават для папы на пенсіі.

Ён працягнуў: «Я прыняў гэта і стараўся выконваць тое, што абяцаў: маліцца, прысутнічаць і, перш за ўсё, суправаджаць малітвай свайго наступніка». Арцыбіскуп Генсвайн прызнаецца, што ў рашэннях Бэнэдыкта XVI ніколі не было разліку, ён прымаў тое, што даў яму Бог, і дзякаваў Яму за ўсё.

«Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе»

Папскі сакратар прызнаецца, што найвялікшым урокам іх сумеснага жыцця з’яўляецца тое, што вера — гэта не проста тое, пра што толькі казаў і прапаведаваў Бэнэдыкт XVI, але тое, чым ён жыў кожны дзень.

– Ён быў чалавекам, глыбока перакананым, што ў любові Пана ніколі не памыляюцца, нават калі робяцца шматлікія чалавечыя памылкі. І гэтае перакананне дало яму спакой, пакору, а таксама яснасць. Ён казаў: «Вера павінна быць простай, не спрошчанай, а простай. Таму што ўсе вялікія тэорыі, усе вялікія тэалогіі грунтуюцца на падмурку веры. І гэта ёсць і застаецца адзінай ежай для сябе і для іншых”, — засведчыў папскі сакратар.

У размове ён таксама прызнаўся, што калі пачуў апошнія словы: «Пане, я люблю Цябе», ён падумаў пра гамілію, якую тагачасны кардынал дэкан Калегіі кардыналаў Ратцынгер прамовіў на пахаванні Яна Паўла ІІ.

Калі цытаваць Евангелле св. Ян тройчы пытаецца ў Пана: «Ці любіш ты мяне?» і – пачуўшы “Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе” – запрашэнне Езуса: “Ідзі за Мною”. Гэта было ўсё яго жыццё — кажа арцыбіскуп Генсвайн.

Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку