1 снежня 2018 года, першы зімовы дзень і апошняя субота перад Адвэнтам, сабралі маладых людзей з усёй Віцебскай дыяцэзіі ў Глыбокім. Больш за 210 чалавек вырашылі разам сустрэцца, каб радасна і з карысцю правесці час перад радасным чаканнем на прыйсце Збаўцы.
Вось ужо чацвёрты раз Глыбоцкая парафія запрашае моладзь не толькі сваю, але з усёй вобласці на “запусты”. Гэтым разам да арганізатараў “Андрэек” актыўна далучылася Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі.
На самым пачатку арганізатар “Андрэек”, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч шчыра прывітаў моладзь і запрасіў перажываць гэтую радасць з Госпадам і па-хрысціянску, бо “радасць – гэта дар душы і дар сэрца” – адзначыў святар.
Аніматары ДДМ, які праводзілі першую частку праграмы, а менавіта творча-актыўную, паразважалі з прысутнымі над тэмай сустрэчы і вылучылі некалькі суперздольнасцяў хрысціяніна: прыналежнасць да супольнасці, малітва, міласэрнасць, апостальства. Для лепшай асацыяцыі кожная здольнасць была прадстаўлена розным чынам: сведчанне, апытанне, відэаролік, сцэнка.
На заканчэнне творча-актыўнай часткі моладзь запрасілі падсілкавацца, а пасля ўсе накіраваліся ў канцэртную залу, дзе іх чакаў канцэрт гурта “Talitha kum” – моладзі з Віцебскай парафіі Св. Барбары. Іх кіраўнік а. Тамаш Міка ОР падчас канцэрта распавёў сваё ўласнае сведчанне, як быў яшчэ маладым хлопцам і якое вёў жыццё, пра сваё навяртанне і цяперашнія “суперздольнасці” іх супольнасці.
Затым удзельнікаў запустаў чакала дыскатэка з інтэграцыйнымі танцамі і сучаснай музыкай.
“Андрэйкі” ў Глыбокім сталі добрай традыцыяй для моладзі з усёй дыяцэзіі, якая ўжо на наступны год пажадала сустрэцца зноў на гэтым месцы.
Вялікі фотарэпартаж ТУТ>>
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа
