На масту? На масце? На мосце? Як будзе правільна па-беларуску?

Апошнім часам мы ўсё часцей атрымліваем пытанні адносна правільнасці ўжывання тых ці іншых слоў або словаформаў. І гэта не можа нас не цешыць, паколькі выразна сведчыць пра неабыякавасць чытачоў “Каталіцкага Весніка” не толькі да беларускага слова ўвогуле, але і да асаблівасцяў яго ўжывання.

Гэтым разам паспрабуем асвятліць некаторыя аспекты выкарыстання назоўнікаў у месным склоне. Гаворка пойдзе пра назоўнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку (другое скланенне). Бо акурат у названай форме праблемы назіраюцца досыць часта. А падказала нам тэму спадарыня Надзея з Паставаў. Яна пытае, у прыватнасці, пра ўжыванне канструкцый са словам “мост”. “Заўважыла, – піша наша чытачка, – што і на радыё, і на тэлебачанні гавораць, напрыклад, стаяць на масту, стаяць на масце і на мосце. Ці ехаць па масту або ехаць па масце ці па мосце. Здавалася б, дробязь. Якая розніца, калі сэнс усё роўна не зменіцца? Але хацелася б усё ж ведаць, як павінна быць на ўзорнай беларускай мове”.

Мы дзякуем спадарыні Надзеі за агучаную праблему і паспрабуем больш шырока паглядзець на асаблівасці выкарыстання назоўнікаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам у месным склоне адзіночнага ліку.

У месным склоне названыя назоўнікі могуць мець канчаткі , —ю, -ы, -і. -е. Выбар канчатка залежыць ад лексічнага значэння слова і характару апошняга зычнага асновы – цвёрды ён ці мяккі.

  1. Канчатак —у будзе нормай для агульнаасабовых назоўнікаў (гэта значыць, якія абазначаюць чалавека), уласных імёнаў з асновай на зацвярдзелы зычны, а таксама на г, х, якія не чаргуюцца з з, с: друкарпры друкару, Мележ – пры Мележу, дырэктар – пры дырэктару, Багушэвіч – пры Багушэвічу, хлопец – пры хлопцу, драматург – пры драматургу, псіхолаг – пры псіхолагу, конюх – пры конюху. Канчатак у заўсёды ўжываецца, калі аснова назоўніка заканчваецца на к. Тут не мае значэння, асабовы назоўнік ці неасабовы: будаўнікпры будаўніку, узлесак – на ўзлеску, Віцебск – у Віцебску.

3 гэтым жа канчаткам традыцыйна выкарыстоўваецца ў нашай мове даволі значная група ўласнабеларускіх і добра асвоеных мовай назоўнікаў з асновай на г, х: моху імху, дух – у духу, рух – у руху, дах – на даху, мех – у мяху, пірог – у пірагу, мурог – на мурагу, жах – у жаху і інш.

Канчатак —у маюць таксама назоўнікі неславянскага паходжання з асновай на г, х, якія не чаргуюцца з з, с: Гамбургу Гамбургу, Ганконгу Ганконгу, Цюрыху Цюрыху, маналогу маналогу, блогу блогу і г.д.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да пашырэння сферы выкарыстання словаформ з канчаткам —у і ў асабовых назоўніках з цвёрдай асновай: сынпры сыну, братпры брату, студэнтпры студэнту і інш. Сёння варта лічыць абедзве формы правільнымі – з канчаткамі —е і —у: пры сыне і пры сыну, пры браце і пры брату, пры студэнце і пры студэнту.

  1. Канчатак —ю маюць асабовыя назоўнікі з асновай на мяккі: Васільпры Васілю, Андрэйпры Андрэю, кавальпры кавалю, геройпры герою.
  2. Згодна з патрабаваннямі літаратурных нормаў, канчатак —ы выкарыстоўваецца ў неасабовых назоўніках з асновай на зацвярдзелы зычны: бору бары, трактар – на трактары, рубеж – на рубяжы, нож – на нажы, кірмаш – на кірмашы, продаж – у продажы, дубец – на дубцы.

Дастаткова частотны ў штодзённай камунікацыі назоўнік двор мае розныя канчаткі ў залежнасці ад лексічнага значэння. Так, канчатак —ы будзе нарматыўным, калі слова двор абазначае «месца каля будынкаў»: у двары дома, на ўніверсітэцкім двары, у двары школы. Калі ж рэалізуецца значэнне «на свежым паветры, не ў памяшканні”, то ўжываецца флексія —э: на дварэ сёння сонечна, на дварэ дождж, на дварэ жнівень.

  1. Канчатак —і маюць неасабовыя назоўнікі з мяккай асновай: агоньна агні, конь – на кані, бой – у баі, край – у краі, дзень – пры дні, аўтамабіль – на аўтамабілі.
  2. 3 канчаткам ўжываюцца неасабовыя назоўнікі (гэта значыць, якія не абазначаюць чалавека) з асновай на цвёрды зычны, а таксама з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з, с: дубна дубе, сход – на сходзе, голас – у голасе, кажух – у кажусе, бераг – на беразе, луг – на лузе. Даволі пашыраныя ў маўленчай практыцы формы кашталту на кусту, на млыну, у куту, на масту трэба адназначна лічыць памылковымі. Нарматыўным тут таксама з’яўляецца канчатак -е: на кусце, на млыне, у куце, на мосце. І, як можна меркаваць, мы маем адказ на пытанне нашай чытачкі спадарыні Надзеі: правільна па-беларуску будзе стаяць на мосце, ехаць па мосце. І толькі так!

Адначасова трэба памятаць, што фіналь —у выкарыстоўваецца ў складзе спалучэнняў кшталту на хаду, на бягу, на віду, на ляту.

Таксама заўважым, што з канчаткам —е варта выкарыстоўваць у месным склоне ўласны назоўнік Пецярбург, паколькі слова ўжо даўно асіміляванае беларускай мовай: у Пецярбурзе. Форма ў Пецярбургу лічыцца пакуль варыянтнай.

Такім чынам, пры выбары канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку ў месным склоне неабходна, перш за ўсё, кіравацца лексічным значэннем слова, таксама беручы пад увагу характар апошняга зычнага асновы – цвёрды ён ці мяккі. Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа пазбегнуць недакладнасцяў пры карыстанні нашай мілагучнай мовай і будзе садзейнічаць павышэнню агульнай культуры маўлення.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку