Каля трох тысяч чалавек узялі ўдзел у мужчынскім ружанцы на вуліцах Быдгашча, які прайшоў 6 лістапада. З мужчынамі разам маліліся біскуп Кшыштаф Влодарчык і душпастыр супольнасці «Воінаў Марыі» кс. Дамінік Хмялеўскі.
Мужчыны, падзеленыя на шаснаццаць груп прыкладна па 200 чалавек, прайшлі пешшу ад Старой Рыначнай плошчы да вул. св. Вінцэнта дэ Поль.
— Я хацеў бы, каб мы пачалі з цішыні, якая так патрэбна, каб пачуць голас Бога (…) Бога, які хоча прывесці нас да таго, каб знайсці нашы мужчынскія сэрцы ў адносінах з Ім, каб прывесці нас да нашых жонак, дзяцей, каб мы маглі ўсім сэрцам будаваць Божае Валадарства ў сваіх дамах, — звярнуўся кс. Хмялеўскі і дадаў, што Езус з’яўляецца адзіным узорам мужнасці.
Разважанні для ўдзельнікаў сустрэчы праводзіў біскуп Кшыштаф Влодарчык.
— Багародзіца молячыся, ты вучыш нас схіляць калені перад Госпадам і Збаўцам, вучыш нас нанова трымаць ружанец, зброю для барацьбы са злом, сатаной і грахом; зброя, якая дапамагае перамагчы ўнутрана, духоўна. Ты даеш нам гэтую зброю нанова сёння, на тэрыторыі Быдгашча, каб мы маліліся аб асабістым навяртанні сэрца, каб мы цалкам належалі Езусу як Пану і Збаўцу, каб праз Твае рукі заклікалі да навяртання ўсіх нашых сясцёр і братоў, якіх мы ведаем і не ведаем, — сказаў іерарх.
Біскуп таксама падзякаваў за прысутнасць мужчын на малітве ў Быдгашчы: “Дзякуй за ваша сведчанне (…), за адзінства ў малітве на ружанцы, за тое, што былі сведкамі моцы малітвы на ружанцы сёння, сведкамі глыбокага даверу да Твайго заступніцтва. Дзякуючы гэтаму сведчанню мы павінны нараджаць новых хрысціян, асабліва сярод тых сясцёр і братоў, якія ахрышчаны, але знаходзяцца недзе на перыферыі, страчаныя, мяцежныя. Дапамажы нам быць іх сведкамі, у даверлівай малітве і ў мужнасці сказаць, хто ёсць нашым Панам, сведчыць, не настаўляць, не маралізаваць, але дзяліцца тым, што Хрыстус Пан зрабіў з намі”.
Мужчыны, молячыся на ружанцы, пакінулі Стары рынак і групамі пайшлі далей па вуліцах да базылікі. Там кс. Дамінік Хмялеўскі правёў канферэнцыю пра чысцец. Пасля перапынку адбылася святая Імша, а таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
Ружанец і сустрэча ў базыліцы былі часткай агульнанацыянальнай сустрэчы Воінаў Марыі, каталіцкай супольнасці, прысвечанай фармаванню мужчын у добрых мужоў і бацькоў. Ружанец быў «адкрыты» для ўсіх мужчын, а сустрэча ў касцёле была прысвечана людзям, якія ўжо належалі да супольнасці.
Супольнасць арганізоўвае ружанцовыя працэсіі кожную першую суботу месяца — дзень, прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ўзнагародзе Беззаганнага Сэрца Марыі за прычыненыя ёй крыўды.
У лістападзе ў працэсіі ўдзельнічалі толькі мужчыны, але на першую суботу снежня “Воіны” плануюць малітву за сем’і і ўсіх ахвотных жыхароў. — Снежаньскі ружанец для сем’яў з дзецьмі мы, хутчэй за ўсё, пачнем са Старога Рынку, але пераход будзе карацейшым, — кажуць яны.
Па матэрыялах tygodnikbydgoski.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч
