Моладзі ўсё менш, Праваслаўная Царква не аддае каталіцкія святыні: як жыве Касцёл у Грузіі

Нана Нэбіэрыдзэ

Грузія – традыцыйна праваслаўная краіна. Католікі тут заўсёды былі меншасцю, на сённяшні дзень каталіцкая супольнасць складае каля двух працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва – гэта каля ста тысяч чалавек. Каталіцкія святыні тут можна сустрэць толькі ў буйных гарадах, такіх, як Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Пра тое, як жыве Касцёл у Грузіі, нашая карэспандэнтка, што цяпер жыве ў Батумі, пагутарыла з Нанай Нэбіэрыдзэ, верніцай з Кутаісі, сябрам касцельнага камітэта і прадстаўніцай prolife-арганізацыі “Iner-Georgia”.

“Пануе ўяўленне: калі ты грузін, то мусіш быць праваслаўным”

 – Нана, распавядзіце, калі ласка, як сёння выглядае жыццё каталіцкай парафіі ў Кутаісі?

– У нас вельмі праблемная сітуацыя. Мы не маем святыні як такой, бо яе забралі праваслаўныя. Як і ў Батумі, зрэшты. Мы з вамі цяпер размаўляем у новапабудаваным касцёле, а старая прыгожая неагатычная святыня ў старым горадзе належыць праваслаўным. Такая ж сітуацыя ў Кутаісі і ў некаторых іншых грузінскіх мясцовасцях – Горы, вёсцы Удэ (там быў вялікі касцёл і яго забралі). Усяго ў грузінскіх католікаў забралі пяць касцёлаў.

У некаторых гарадах пабудавалі новыя святыні, але ў Кутаісі – не. Касцёл выкупіў у цэнтры горада двухпавярховы будынак, там жывуць нашыя айцы, і на першым паверсе там зрабілі каплічку.

– Колькі ў Кутаісі цяпер вернікаў?

– Напрыканцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзяў у нашым рэгіёне – Імерэтыі – было шмат католікаў . Але дзесяцігоддзі Савецкага Саюза, а потым – прапаганда праваслаўных супраць католікаў зрабілі сваю справу. Цяпер у нас засталося каля ста чалавек, якія рэгулярна прыходзяць. У Батумі яшчэ менш і нават парафіі няма – служба праводзіцца толькі па нядзелях.

У нас амаль не засталося дзяцей і моладзі. З Грузіі ўвогуле вельмі вялікая міграцыя: моладзь з’язджае, асабліва з такіх невялікіх гарадкоў, як Кутаісі. Едуць у сталіцу ці за мяжу. Мая дачка таксама жыве ў Нямеччыне, і сын хоча з’язджаць.

Акрамя таго, пануе ўяўленне, што, калі ты грузін, то мусіш быць праваслаўным – ідзе моцны ціск з боку Праваслаўнай Царквы.

Грузіны вучацца на святароў у Італіі ці Казахстане

 – Нана, ці спрабавалі католікі Грузіі размаўляць з уладамі, з Праваслаўнай Царквой, каб вярнуць сабе свае святыні?

– Магу сказаць пра наш касцёл у Кутаісі. Яго цалкам зачынілі саветы ў 1930-я гады. Але пакінулі там арган, са святыні зрабілі канцэртную залу і ладзілі там выступы. У 1990-я гады, пасля перабудовы, улады аддалі касцёл праваслаўным. Мы спрабавалі размаўляць і з патрыярхам, і ў судзе справа была на пачатку 2000-х гадоў. Але мы не змаглі нічога дамагчыся. Тое самае адбылося ў Батумі – там прыгажэнны касцёл пабудовы пачатку ХХ стагоддзя зрабілі кафедральным праваслаўным саборам, а католікам у 2000-х давялося будаваць сабе новую святыню.

Праваслаўны кафедральны сабор у Батумі, былы касцёл

– Як я бачу, у Батумі з Кутаісі прыязджае служыць ксёндз-італьянец, і біскуп у Грузіі таксама італьянец. А ці ідуць мясцовыя жыхары ў духавенства?

– У Кутаісі італьянцы прыехалі ў 1990-х гадах. Старэйшаму – айцу Луіджы – ужо 94 гады. Ён стварыў італьянска-грузінскі, грузінска-італьянскі, а таксама лацінска-грузінскі слоўнікі, граматыку грузінскай мовы для італьянцаў. Айцец Габрыэль цяпер у нас служыць, у Батумі ездзіць. Біскуп Джузэпэ Пазота, таксама італьянец, адзіны біскуп у Грузіі. Таксама ў нас у Кутаісі дзве сястры-манахіні ёсць з Італіі.

Але грузіны таксама ідуць у святары. У нас ёсць некалькі маладых святароў з Самцхэ-Джавахеці, Ахалцыхэ, дзе каталіцызм заўсёды быў больш распаўсюджаны. Яны служаць у тым жа рэгіёне ў вёсках.

– Дзе вучацца грузіны, якія хочуць стаць святарамі?

– У Грузіі няма семінарыі. Некаторыя вучацца ў Рыме ці ў Казахстане – туды едуць тыя, якія могуць навучацца на расейскай мове. У Грузіі ёсць толькі каталіцкі ўніверсітэт Сулхан-Сабы Арбеліані ў Тбілісі, там ёсць тэалагічны факультэт. Туды нават праваслаўныя ідуць вывучаць тэалогію. Універсітэт мае дзяржаўную акрэдытацыю, заснаваў яго наш біскуп Джузэпэ Пазота.

“У цяжкія часы каталікі шмат дапамаглі грузінам”

– Нана, распавядзіце, калі ласка, пра сябе. Вы выраслі ў сям’і католікаў ці каталіцтва – гэта быў ваш свядомы выбар?

– Я не з дзяцінства каталічка, мяне хрысцілі ў Праваслаўнай Царкве. Я нарадзілася ў Батумі, жыла тут. Мая бабуля была вельмі шчырай верніцай і вадзіла мяне ў царкву. Але яна мяне не вучыла, мы з ёй толькі свечкі ставілі, часам распавядала штосьці, але там было шмат мешаніны рэлігіі з забабонамі.

Потым я выйшла замуж за хлопца з Кутаісі з вельмі вядомай каталіцкай сям’і. У Кутаісі католікі вылучаліся сваёй адукаванасцю, у іх быў кантакт з Еўропай, яны выязджалі туды, вывучалі розныя спецыяльнасці. У выніку сярод католікаў было шмат лекараў, інжынераў, увогуле наватараў. Яны прывозілі з сабой усё новае, што бачылі ў Еўропе, і замацоўвалі ў Кутаісі. Яны былі ўсе вядомымі людзьмі. Ад сям’і свайго мужа я атрымала першыя веды пра каталіцтва.

Касцёл Святога Духа ў Батумі пабудовы канца 1990-х гадоў

Калі ў Кутаісі прыехалі айцы-італьянцы, да нас у сям’ю прыходзіў пазнаёміцца падрэ Джузэпэ, тады ён яшчэ не быў біскупам. Яго пасвяцілі пасля візіту Яна Паўла ІІ у Грузію ў 2000 годзе.

У нашай каталіцкай супольнасці адразу пачалося шмат розных актыўнасцяў. Нашая суполка ў тыя цяжкія гады моцна дапамагала ўсяму гораду лекамі – стварыла амбулаторыю, якая дагэтуль працуе, падтрымлівала вопраткай, прадуктамі – усё, што прывозілі з Еўропы, раздавалі мясцовым. Я ўсё гэта чула, бачыла, мне гэта падабалася. Потым я трапіла на кампус-школу для сем’яў, якую вёў паляк айцец Ежы. Я была ў захапленні ад таго, што мне распавядаюць пра Бога, пра гісторыю Хрыста, і так я пачала хадзіць у касцёл. І ён стаў для мяне другім домам.

“Хацелася б супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой”

– Што вы цяпер робіце ў Касцёле?

– Працую ў арганізацыі, якую мы стварылі разам з сястрой-італьянкай Ганнай-Марыяй – Iner-Georgia. Мы працуем з маладымі сем’ямі, жанчынамі, самотнымі, шматдзетнымі, сацыяльна неабароненымі, цяжарным дапамагаем. Выкладаем метад натуральнага распазнавання фертыльнасці, каб жанчыны ведалі свой біялагічны рытм і не цярпелі ад кантрацэпцыі і абортаў, а самі рэгулявалі колькасць цяжарнасцяў і дзяцей. На жаль, у Грузіі да дванаццаці тыдняў дазволеныя аборты, а паводле паказанняў – і да дваццаці двух тыдняў, і мы спрабуем з гэтым змагацца.

Мы праводзілі вялікія маршы за жыццё. Рэгулярна ўносім у парламент нашыя прапановы, у тым ліку па паляпшэнні становішча жанчын у дэкрэтным адпачынку.

Сястра Лурдэна ў Батумі кіруе “Карытасам” у Заходняй Грузіі – у іх ёсць прытулак для бяздомных, рэабілітацыйны цэнтр пад Батумі для залежных ад алкаголю і шмат іншых кірункаў дзейнасці.

– Якія цяжкасці, выклікі ў грузінскім Касцёле вам хацелася б вырашыць у першую чаргу?

– Нам хацелася б супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой. Мы сустракаліся з айцамі праваслаўнымі, знаёмілі з нашай дзейнасцю. Але ўсё роўна часта чуем, напрыклад, ад жанчын, якіх запрашаем на нашыя курсы распазнавання фертыльнасці: праваслаўны настаўнік ім кажа, што да нас ісці нельга.

У Праваслаўнай Царкве не хочуць вянчаць праваслаўнага з католікам, яны прымушаюць католіка наноў хрысціцца ў праваслаўе, не прызнаюць хрышчэнне ў Касцёле, і гэта стварае шмат праблем маладым. Гэта ўсё нас вельмі засмучае.

Касцёл у Грузіі: кароткая гісторыя

Каталіцызм у Грузіі прадстаўлены Рымска-Каталіцкай і Армянскай Каталіцкай Цэрквамі. Найбольш католікаў у вялікіх гарадах і на поўдні краіны.

Католікі заўсёды былі меншасцю ў Грузіі, але ў той жа час сярод іх было шмат знакамітых людзей: пісьменнік, навуковец і палітычны дзеяч Сулхан-Саба Арбеліані (1658-1725), у гонар якога цяпер названы ўніверсітэт; святар, навуковец, царкоўны гісторык, грамадскі дзеяч, доктар тэалогіі, прафесар Міхаіл Тамарашвілі (1858-1911); кампазітар, аўтар гімна Грузіі і шматлікіх опер Захар Паліашвілі (1871 – 1933); прадпрымальнікі і мецэнаты браты Зубалашвілі, якія жылі напрыканцы ХІХ – у першай палове ХХ стагоддзяў, на іх сродкі ў 1903 годзе быў пабудаваны касцёл у Батумі, каторы цяпер з’яўляецца праваслаўным кафедральным саборам; тэатральны мастак Пётр Ацхелі (1907-1937).

У ХІХ стагоддзі былі пабудаваныя каталіцкія святыні ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. У 1921 годзе, з прыходам улады бальшавікоў, на католікаў пачаўся ціск. Шмат якіх каталіцкіх святароў арыштавалі. Касцёлы зачынялі. Застаўся толькі адзін дзейны касцёл – Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Тбілісі. Да пачатку 1990-х гадоў дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Грузіі амаль цалкам спынілася.

24 траўня 1992 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ заснаваў Апостальскую адміністратуру для Грузіі, якая напрыканцы 1993 года была ператвораная ў Апостальскую адміністратуру Каўказа і аб’яднала Азербайджан, Арменію і Грузію. З 1997 года функцыі Апостальскага адміністратара пачаў выконваць святар Джузэпэ Пазота. У 2000 годзе ён быў пасвечаны ў біскупы.

Св. Імшу цэлебруе біскуп Джузэпе Пазота

8 лістапада 1999 года Грузію з пастырскім візітам наведаў Ян Павел ІІ. 30 верасня 2016 года ў Грузіі быў Папа Рымскі Францішак.

Сёння ў Грузіі дзейнічае адна Апостальская адміністратура Каўказа. Працуюць 27 парафіяў.

У 2012 годзе ў горадзе Ахалцыхэ ў адноўленым касцёле Маці Божай Ружанцовай быў адкрыты першы ў Грузіі каталіцкі кантэмпляцыйны манастыр, у якім жывуць чатыры сястры-бэнэдыктынкі з Італіі.

Размаўляла Марыя Карловіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі