У выніку перамогі ў ІІІ Парафіядзе дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі ў мінулым годзе, прадстаўнікі Глыбоцкай парафіі атрымалі ў падарунак удзел у 30 Міжнароднай парафіядзе для дзяцей і моладзі ў Варшаве і двухтыднёвы адпачынак на моры.
8 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё 30 Міжнароднай парафіяды на варшаўскіх Сякерках у Санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі. “Парафіяда — ідэальны час, каб праверыць сябе. Але каб пераканацца ў гэтым, патрэбен шаблон, святло. Гэтае святло — Езус”, — з гэтымі словамі біскуп Марыян Флорчык, дэлегат канферэнцыі польскага епіскапату, душпастыр спартоўцаў заклікаў аўдыторыю да поўнага і плённага перажывання пачатка Парафіяды.
З панядзелка распачаліся спаборніцтвы ў трох намінацыях: стадыён, святыня, тэатр. Кожны дзень распачынаўся святой Імшой. На працягу дня праходзілі розныя спаборніцтвы, конкурсы, заняткі, а перад вячэрай было ўзнагароджванне за бягучы дзень. Узнагароды былі ў трох узроставых катэгорыях, а таксама апекуны паміж сабой спаборнічалі ў розных відах спорту. Чарговы дзень заканчваўся інтэграцыйным вечарам і супольнай малітвай.
Урачыстае закрыццё Парафіяды адбылося 13 ліпеня, падчас якой па агульнай суме набраных балаў былі вызначаны дзве лепшыя каманды: Даліна (Украіна) і Ольштын (Польшча). Затым усе ўдзельнікі прайшлі вялікай калонай ад Кампуса да касцёла Провіду Божага, дзе пахаваны а. Юзаф Ёнц SP, заснавальнік Парафіяды. У гэтай святыні адбылася ўрачыстая св. Імша на заканчэнне.
30 Міжнародная парафіяда ў лічбах:
- 7 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Германія, Польшча),
- 1491 удзельнік,
- 1150 канкурсантаў і 170 апекуноў,
- 56 замежных і 31 польская каманды;
- 80 валанцёраў.
Прадстаўнікі Віцебскай дыяцэзіі занялі 7 прызавых месцаў:
- Кацярына Рабкоўская – 1 месца – шахматы (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Кацярына Рабкоўская – 1 месца – шашкі (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Марыя Іваноўская – 1 месца — летні біятлон (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Марыя Іваноўская – 2 месца — стральба (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Дар’я Іваноўская – 2 месца — конкурс малюнка “Дары Духа Святога” (сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
- Марына Сінкевіч – 1 месца – кіданне мяча (жанчыны, апекуны).
- Марына Сінкевіч – 1 месца – штурханне ядра (жанчыны, апекуны).
Трэба адзначыць, што глыбоцкія хлопцы і дзяўчаты актыўна прымалі ўдзел у розных конкурсах і спаборніцтвах, а калі не займалі прызавыя месцы, то ў 10-ку лепшых уваходзілі і паказвалі добры вынік.
Пасля Парафіяды юныя глыбачане накіраваліся на двухтыднёвы адпачынак у Лэбу, што на Балтыйскім моры. Летнік праходзіў пад дэвізам “Яднае нас Польшча”. У доме адпачынку разам адпачывалі 6 груп: Мінск, Глыбокае, Санкт-Пецярбург, Міцкуны (Літва), Стары Тракай (Літва), Лентварыс (Літва), у агульнай колькасці 102 асобы. На гэтыя два тыдні была падрыхтаваная адмысловая праграма: праходзілі заняткі па вывучэнню польскай мовы, плаванне на караблі па моры, сплыў на байдарках, “знаёмства” з марскімі коцікамі і марскімі львамі, пейнтбол, сустрэча з Маршалам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім і кіраўніцтвам Парафіяды.
Падчас летніка праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы на фігуры з пяску на пляжы, гульні, інтэграцыйныя танцы і дыскатэкі.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
