7 снежня ў капліцы аграгарадка Навасёлкі (Лучайская парафія) адбылася святая Імша, цэлебраваў якую імяніннік – ксёндз Мікалай Ліпскі.
Каб памаліцца за свайго святара ў дзень нябеснага заступніка, ды і сустрэцца пасля з самім святым Мікалаем, сабралася надзвычай вялікая колькасць веруючых рознага ўзросту.
Павіншаваць з імянінамі свайго земляка прыбылі вернікі з Шаркаўшчыны. Лічыцца, што малітва – лепшы падарунак, таму ў гэты дзень 7 удзельніц малітоўнага руху «Апостальства Маргарыткі» склалі прысягу да канца свайго жыцця маліцца ў інтэнцыі ксяндза Мікалая. Пасля святой Імшы вернікаў чакала катэхэза. Мясцовы настаўнік рэлігіі, спадар Віктар Даўжук, цікава распавёў пра асобу святога Мікалая і пра набліжаючае свята – Нараджэння Пана Езуса. А пасля ў каплічку завітаў святы Мікалай. Усіх дзетак чакалі салодкія пачастункі.
Цудоўным заканчэннем свята стала цыркавое прадстаўленне ў Навасёлкаўскім Цэнтры культуры, для ўсіх хто чакае казку і верыць у цуды! Якія ж шчаслівыя дзеткі з Лучая, Навасёлак і навакольных вёсак, бо маюць пробашча, які падобна святому Мікалаю, дзеліцца дабрынёй, любоўю, радасцю з іншымі!
Алена Клімза-Колтан, luchai.by
