Мець высокую ацэнку і добрую адзнаку. Як правільна па-беларуску?

Сярод слоў, дакладнасць ужывання якіх часта парушаецца, асаблівую ўвагу прыцягваюць назоўнікі ацэнка і адзнака. Яны дастаткова частотныя ў штодзённай камунікацыі, іх пастаянна выкарыстоўваюць і вучні, і іх бацькі, і, безумоўна, настаўнікі. Пры гэтым нярэдка згаданыя лексічныя адзінкі ўжываюцца памылкова, што можа ствараць пэўны моўны дыскамфорт. Якраз пра падобную сітуацыю піша чытачка “Каталіцкага Весніка” Ганна С. з Вілейшчыны. Спадарыня Ганна не называе непасрэдна сваю прафесію, але можна здагадацца, што род яе дзейнасці звязаны ці са сферай адукацыі, ці з галіной культуры. “Выступленне заслугоўвае самай высокай адзнакі! Або З такімі ацэнкамі няма чаго і марыць пра паступленне ва ўніверсітэт!, – прыводзіць сп-ня Ганна прыклады недакладных, на яе погляд, словаўжыванняў. І прапануе прысвяціць адзін з выпускаў нашай моўнай старонкі аналізу асаблівасцяў выкарыстання менавіта названых двух назоўнікаў. Таму сёння мы гэта і робім.

Назоўнік ацэнка найчасцей выкарыстоўваецца ў значэнні “думкі, меркавання пра якасць, годнасць каго-небудзь ці чаго-небудзь” (Выступленню нашай спявачкі журы дало высокую ацэнку; Вынікі працы калектыву на працягу года патрабуюць належнай, аб’ектыўнай ацэнкі). Мы бачым, што слова ацэнка непасрэдна матывуецца дзеясловам ацэньваць (ацаніць): даць ацэнку каму-небудзь, чаму-небудзь, выказаць сваю думку пра што-небудзь, а таксама вызначыць ролю, характар каго-небудзь ці чаго-небудзь. Пару кантэкстаў з мастацкай літаратуры з дзеясловам: Смутак можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць (Кузьма Чорны); Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі: хай ацэняць цудоўны кілім мастакі (Уладзімір Дубоўка). Тут ацаніць абазначае “даць ацэнку”, гэта значыць, аб’ектыўна ўзважыць вартасці, дасягненні, заслугі.

Назоўнік адзнака ў нашай мове мае больш разгалінаваную сістэму значэнняў. Гэта, у прыватнасці, “метка, знак, пастаўленыя з мэтай абазначыць што-небудзь (адзнака на дрэве); знак, які застаўся пасля чаго-небудзь на якой-небудзь паверхні (Абапал дарог віднеліся адзнакі нядаўніх баёў – чорныя варонкі, скарожаныя машыны. Іван Мележ); знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што-небудзь (Прывычка гаварыць сам з сабою у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Кузьма Чорны); асаблівасць, рыса, якімі асоба ці прадмет адрозніваюцца ад іншых асобаў ці прадметаў (Кандрат Крапіва дбайна збярог традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Янка Казека). І нарэшце найбольш істотнае для нашага артыкула значэнне: “агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў” (У школе па ўсіх прадметах у хлопца былі толькі добрыя адзнакі; Набліжаліся канікулы, настаўнікі ўжо паставілі адзнакі за чвэрць. Віктар Барысевіч). Можна сказаць, што адзнака – гэта лічбавае выражэнне ацэнкі ведаў, калі мы гаворым пра школьнікаў ці студэнтаў. Але прыгадаем таксама, што ёсць у мове і спалучэнне дыплом з адзнакай.

Такім чынам, словы ацэнка і адзнака ўсё ж адрозніваюцца паводле значэння і свайго сінтагматычнага, ці інакш спалучальнага патэнцыялу. Вяртаючыся да прыведзеных напачатку кантэкстаў, скажам, што правільна па-беларуску было б “Выступленне заслугоўвае самай высокай ацэнкі! І З такімі адзнакамі няма чаго і марыць пра паступленне ва ўніверсітэт!

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай і неабыякавы да культуры роднага слова.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку