Манахі і алкаголь, або Як у Беларусі ў каталіцкіх манастырах піва варылі

Эдуард Груцнэр. Тры манахі снедаюць. 1885г.

Часопіс “Беларускі гістарычны агляд” апублікаваў артыкул даследчыцы Раісы Зянюк пра традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях два стагоддзі таму. Гісторык распавядае пра кляштарнае піваварэнне, густы манахаў і культуру піцця. Мы сабралі для вас галоўнае і самае цікавае.

Які алкаголь выраблялі

У асноўным манастыры выраблялі піва, мёд і гарэлку для ўнутранага спажывання і на продаж. У тыя часы піва ў каталіцкай традыцыі не адносілася да катэгорыі алкагольных напояў, бо працэнт алкаголю, які ў ім утрымліваўся, быў вельмі нізкі (2–3%). Гэта было піва верхняй ферментацыі, жывое і слабае.

Трэба разумець, што на момант далучэння да Расійскай імперыі на беларускіх землях дзейнічала больш за дзвесце рымска-каталіцкіх манастыроў. Практычна пры кожным з іх існаваў уласны бровар, а ў большасці выпадкаў – і не адзін. Часцей за ўсё ў іх працавалі сяляне ці нанятыя півавары, а ўласна манахі займаліся гэтым радзей.

Аб’ёмы вытворчасці ўражваюць. Напрыклад, у манастыры цыстэрцыянцаў у Вістычах для піваварэння выкарыстоўваліся 8 кадушак і 20 піўных бочак, а ў 1829 г. у базыльянскім манастыры ў Беразвеччы захоўвалася 160 вёдзер гарэлкі, 120 вёдзер пітнога мёду і 20 гарцаў французскага віна.

Навошта манахі ўжывалі алкаголь?

Піва, мёд, віно, гарэлку ды іншыя напоі ўжывалі не толькі ў мужчынскіх, але і ў жаночых манастырах. Піва, напрыклад, выкарыстоўвалася як напой ці як складовая частка пры гатаванні страў (у прыватнасці, піўных супоў-полівак). Супы на піве тады ўваходзілі ў звычайны рацыён людзей. Гэты папулярны напой замяняў таксама не найлепшай якасці ваду.

Захаваліся нататкі пра тое, які алкаголь і якім чынам ужываўся ў сярэдзіне 19 ст. у манастыры трынітарыяў у Вільні. У справаздачы яго прыёр адзначаў: “Гарэлка даецца па кілішку перад абедам і вячэрай. Манахам, якія не п’юць гарэлку, раніцай [даецца] гарбата, а часта перад абедам – кілішак віна. У святы і на пахавальных абедах – дубальтовае піва, а часам пунш з добрым ромам”. Відавочна, што між іншым алкаголь ужываўся для лепшага стрававання.

Піва пілі ў духоўных семінарыях як выкладчыкі, так і навучэнцы. У 1844 г. выканаўца абавязкаў рэктара Мінскай духоўнай семінарыі выслаў біскупу рапарт, у якім адзначыў, што “адзін з асноўных прадуктаў харчавання ў семінарыі – піва, якое, асабліва падчас посту, спажываецца ў даволі значных колькасцях, аднак пры цяперашніх на яго коштах яго набыццё значна абцяжарвае бюджэт семінарыі”. З гэтай нагоды ён прасіў дазволу заснаваць уласны бровар пры семінарыі дзеля эканоміі сродкаў.

Раіса Зянюк прыводзіць прыклад, што ў статуце Магілёўскай семінарыі кожнаму клерыку павінна было выдавацца па бутэльцы піва на абед і на вячэру. Разам з гэтым усім “катэгарычна забараняліся гарэлка і іншыя спіртныя напоі, акрамя сапраўднай патрэбы”.

Ці існаваў алкагалізм?

Даследчыца канстатуе – так, з’ява была, але не больш чым сярод іншых сацыяльных груп. Назіраліся выпадкі алкагалізму ў асобных манахаў, пагаршэнне жыцця ў супольнасці таго ці іншага манастыра. Зрэдку здараліся выпадкі самагубстваў праз празмернае ўжыванне алкаголю.

У любым выпадку гэта сфера кантралявалася. Аканомы манастыроў дэтальна занатоўвалі аб’ёмы спажывання розных напояў, даты адкрыцця чарговых бочак. Семінарыстаў, у сваю чаргу, заклікалі пазбягаць прывычкі, “вельмі шкоднай для святара”. “Калі б каторы быў заўважаны і папярэджаны два разы і не выправіўся, пра такога неабходна нам данесці”, – пісалася ў адным з семінарыйных статутаў тых часоў.

Былы бровар братоў-баніфратраў у Гродне. Сёння ў будынку знаходзіцца пошта

Як заняпалі традыцыі мясцовага манастырскага броварства

Пасля паўстанняў у 19 ст. пачаліся хвалі закрыцця манастыроў. Разам з гэтым у сярэдзіне 19 ст. унутры Касцёла распачалася антыалкагольная кампанія і нават паўставалі брацтвы цвярозасці. Таксама ў 1811 і 1861 гг. кляштарныя бровары абкладаліся акцызным зборам за піваварэнне. Манахі спрабавалі абыходзіць дадатковыя падаткі і ў выніку сутыкаліся з праблемамі. Дзяржаўная праверка выкрыла бернардзінцаў у Крэтынзе на незаконным вырабе піва. Вырашаючы праблему і звяртаючыся да губернатара, мясцовы біскуп пазней пісаў: “монахи, все почти преклонных уже лет, вдруг лишенные употребления пива, нашлись в довольно затруднительном положении”.

Да канца 19 ст. на тэрыторыі Беларусі з амаль двухсот каталіцкіх манастыроў застаюцца тры. Разам са знішчэннем манаскіх ордэнаў і кляштараў была знішчаная і традыцыя кляштарнага піваварэння. Гэтая старонка нашай гісторыі назаўжды сышла ў нябыт.

Напісана паводле: Раіса Зянюк, “Традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў рымска-каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях (1772–1914)” // Беларускі гістарычны агляд. – Том 29. – Сшыткі 1-2. – Снежань 2022. – С. 57–74

Арцём Ткачук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі