Маладыя вернікі гродзенскай парафіі здзейснілі пілігрымку да Чорнай Мадонны – у чэнстахоўскі санктуарый

З 17 па 21 жніўня дзеці і моладзь гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай здзейснілі пілігрымку па святых месцах Польшчы і Славакіі.

Спачатку яны пабывалі ў генеральным доме Кангрэгацыі Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (сарцанак) у Нове-Мяста-над-Піліцай у Польшчы. Сёстры гэтай супольнасці служаць і ў парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай. Пілігрымы падзякавалі манахіням за служэнне і за гасціннасць, з якой тыя іх прынялі.

Наступным пунктам стаў санктуарый бл. Ганарата Казьмінскага ў тым жа горадзе. Гэты благаслаўлёны вядомы тым, што заснаваў 26 манаскіх супольнасцяў (сёння існуе 17), большасць з якіх бесхабітовыя. Пілігрымы звярнуліся да благаслаўлёнага з просьбамі і малітвамі.

Увесь другі дзень пілігрымкі быў прысвечаны прагулцы ў Бяскідах. Па словах вернікаў гродзенскай парафіі, ён даў магчымасць палюбавацца маляўнічымі краявідамі і падарыў цудоўныя пачуцці.

На наступны дзень пілігрымы наведалі сталіцу Славакіі Братыславу. Візіт пачаўся з гістарычнай часткі горада (па словах удзельнікаў пілігрымкі, “кожны будынак тут прыцягвае позірк сваёй унікальнасцю”), у канцы пабачылі панараму Дуная і від на межы з Аўстрыяй і Венгрыяй. Таксама яны пабывалі ў катэдры св. Марціна, дзе мелі магчымасць памаліцца за сваю парафію і Гродзенскую дыяцэзію з нагоды яе 35-годдзя. Пілігрымы кажуць, што гэтая малітва прынесла ім самыя цёплыя эмоцыі.

Апошні дзень пачаўся з прагулкі па Вісле. “З аднаго боку там бачныя жывапісныя домікі, з іншага – адкрываецца від на падножжа гор”, – адзначаюць пілігрымы.

Затым наведалі Гідле (Польшча), пра які распавядаюць так: “У гэтым утульным месцы ў святыні знаходзіцца адзін з самых маленькіх абразоў Багародзіцы, мініяцюрная фігурка Маці Божай Гідльскай. У Сярэднявеччы яна цудоўным чынам была знойдзена селянінам, які араў поле, і пасля гэтага стала крыніцай надзеі і мноства цудаў аздараўлення для многіх пілігрымаў”.

Канцавым пунктам падарожжа стаў санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай (Чорнай Мадонны) у Польшчы. Там маладыя вернікі гродзенскай парафіі разам з іншымі пілігрымамі ўзялі ўдзел у вячэрняй малітве да Панны Марыі. Візіт у санктуарый, дзе кожны год бывае больш за чатыры мільёны пілігрымаў і турыстаў, адбыўся ў час, калі туды прыбываюць тысячы чалавек. Па словах удзельнікаў пілігрымкі, наведванне гэтага месца пакінула ў іх глыбокія ўражанні.

Grodnensis.by

для друку для друку