Роўна год таму адбылася значная падзея, якая ўжо ўпісана ў сучасную гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – прызначэнне папам Францішкам трох новых біскупаў – Юзафа Станеўскага, Юрыя Касабуцкага і Алега Буткевіча.
Год – малая і адначасова вялікая колькасць часу, і з таго моманту прызначаныя іерархі не толькі звыкліся з высокім і адказным служэннем, але паспелі асэнсаваць яго і шмат чаго зрабіць. У першую чаргу, прызнаўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, ён стараецца адпавядаць патрабаванням сучаснага часу для біскупаў – быць не функцыянерам, а пастырам. “Наш народ, калі бачыць біскупа, асабліва старэйшыя, староняцца неяк. Калі едзем па парафіям, ідзем і размаўляем з людзьмі, падыходзім да іх. А потым яны кажуць, што з біскупам размаўлялі. Папросту трэба быць сынам гэтай зямлі, сынам гэтай традыцыі. Я ведаю гэты народ, я вырас тут, я ведаю іх радасці, пакуты, праблемы. Таксама ведаю, чаго яны ад мяне чакаюць. І я не спецыяліст па гаспадарчым справам, я павінен даць ім тое Евангелле, тую моц, якую сам атрымаў ад Бога, не захаваць сабе, а падзяліцца. І найлепш гэта рабіць не з аўтамабіля ці з курыі, а быць паміж людзей. Так як папа Францішак казаў: “Быць з імі, каб благаславіць; быць перад імі, каб вясці; быць за імі, каб абараняць”, — адзначыў біскуп Станеўскі ў размове з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.
У тым, што адна з галоўных спраў сучаснага біскупа – самаўдасканаленне, упэўнены дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Прасцей кажучы, праца над сабой, а яшчэ сведченне і імкненне да святасці – вось тыя тры кіты, на якіх павінна трымацца біскупскае служэнне. Не менш важнае пытанне – суадносіны са святарамі, для якіх біскуп не павінен быць кіраўніком, начальнкам, а перш за ўсё братам, сябрам і айцом, адзначыў беларускі іерарх. “Толькі тады, калі мы разам будзем ствараць адзін прэсбітэрый, мы дасягнем плёнаў і будзем кіраваць Божым народам у патрэбным напрамку. Асабліва важна гэта ў Беларусі, дзе нас яшчэ не вельмі шмат. Мы ўвесь час кажам пра адраджэнне Касцёла, а, вядома, разбурыць лягчэй, чым пабудаваць тое, што мы называем Касцёлам, які складаецца з людзей, а таксама духавенства. Галоўная мэта, каб мы дасягнулі адзінства, каб не было фактараў, якія нас падзяляюць, каб мы знаходзілі тое, што нас падзяляе і выкаранялі гэта. Гэта таксама важны напрамак дзейнасці, які павінен быць у нашым Касцёле. Калі мы стараемся падтрымаць адзін аднаго, калі біскуп клапоціцца аб святарах, якія працуюць у розных парафіях, магчыма, няпростых парафіях, святар таксама чалавек, які можа мець свае праблемы, і біскуп павінен адчуваць гэта і быць той падтрымкай, якая дае імпульс для далейшай дзейнасці. Гэта, я лічу, галоўнае, у адносінах біскупаў і святароў”, — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.
Касцёл у Беларусі не так даўно адзначыў 25-годдзе свайго адраджэння, але святкаваць перамогу рана, застаецца яшчэ шмат пытанняў, якія трэба вырашаць сёння і ў будучым. І значная частка – лажыцца на плечы менавіта маладых біскупаў, у тым ліку Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча: ад аднаўлення знешніх структур у паўночнай дыяцэзіі краіны да аднаўлення парафіяльнага жыцця ў самых аддаленных раёнах. Толькі за адзін год працы ўсе праблемы не пераадолець, але галоўнае, як адзначыў віцебскі пастыр пасля свайго прызначэння, памятаць словы папы Францішка аб Касцёле бедным і для бедных. “Благаслаўлёныя ўбогія духам, бо да іх належыць Валадарства Нябеснае. Гэтым чынам Папа падкрэслівае, што Касцёл і сёння не павінен страціць сваёй місіі – весці чалавека да Божага Валадарства. І ў гэтым выпадку матэрыяльныя сродкі Касцёла не могуць быць мэтай, яны могуць быць толькі дапамогай у выкананні асноўнай місіі Касцёла. І ўбогасць– гэта такі стан чалавека, Касцёла, калі ён не разлічвае на матэрыяльны бок жыцця, а карыстаецца тым, што Бог дае ў гэтым свеце. Таму ўбогі чалавек або Касцёл – той, які разлічвае на Божую дапамогу і прадбачнасць, а таксама карыстаецца матэрыяльнымі сродкамі менавіта ў справе выканання свайго задання”, — патлумачыў Біскуп Віцебскі.
У кожнага з біскупаў сваё бачанне, як кажуць, кола пытанняў, якія трэба вырашаць сёння. Зыходзячы нават з тэрытарыяльных асаблівасцяў дыяцэзій, у якіх яны нясуць служэнне. У Віцебскай дыяцэзіі – вялікая спадчына, але маладыя структуры. Гродзеншчына, адзначыў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, славіцца сваімі ўкаранёнымі і вельмі моцнымі каталіцкімі традыямі, але некаторая частка моладзі ў апошні час адыходзіць ад іх, і гэта праблема не толькі гэтага рэгіёна. У Магілёўскай вобласці, якой апякуецца дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі, святары вельмі актыўна ствараюць парафіі і аднаўляюць рэлігійнае жыццё, але ёсць праблема так званых намінальных хрысціян, якія сутнасці веры яшчэ не дасягнулі. “Яшчэ трэба звярнуцьувагу на такіх людзей, трэба працаваць у гэтым напрамку. Магчыма, павінна быць больш катэхізацыі для дарослых, для тых, хто яшчэ не разумее, што жыць з Богам кожны дзень – гэта вельмі прыемна і радасна”, — адзначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Чалавек мусіць ведаць свае карані: дзе ён нарадзіўся, у якую школу і які Касцёл хадзіў. Галоўнае, каб ён не закрываўся, нібыта гэта толькі маё. Мы павінны быць адкрытымі для ўсіх і на ўвесь Касцёл”, — упэўнены дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
На траіх – розныя ўмовы, розныя задачы і адзіная звышмэта – прывесці чалавека да Бога. Праз год пасля прызначэння мы зноў жа жадаем беларускім біскупам плёнаў у працы і сіл у пастырскім служэнні.
Ларыса Абрамчук, Мінск
для друку