Малады Хорхе Берголіа практыкаваў начную адарацыю

Малады Хорхе Марыа Берголіа практыкаваў начную эўхарыстычную адарацыю. Для гэтага ён адмыслова ездзіў са свайго перыферыйнага раёна Флорэс у базыліку Найсвяцейшага Сакраманта ў цэнтр Буэнас-Айрэса.

Гэта пацвердзіў сам Пантыфік у лісце, напісаным уласнаручна, да рэдакцыі іспанскага каталіцкага штотыднёвіка Alfa y Omega, ад якой атрымаў фотакопію спісу асоб, якія прымалі ўдзел у адарацыі ў 1954-1955 гадах. У брацтве начной адарацыі Хорхе Марыа Берголіа меў нумар удзельніка 9195. Ён праводзіў на малітве ў базыліцы суботнія ночы, адпачываючы ў пакоі на першым паверсе, дзе знаходзілася зала з месцамі для сну. Будучы Пантыфік ездзіў на адарыцыю разам з братам Оскарам і адным з суседаў Ганзала Баргела.

“Адарацыя распачыналася каля дзявятай вечарам пасля казання айца Арысты”, – успамінае Францішак у сваім лісце. Іспанскі духоўнік айцец Хасэ Рамон Арысты быў спаведніком маладога Берголіа і адначасова правінцыялам Кангрэгацыі Айцоў Найсвяцейгага Сакраманта, заснаванай святым Юліянам Эймарам.

Папа ўзгадваў пра яго ў 2014 годзе падчас сустрэчы з духавенствам Рыма як пра славутага ў Буэнас-Айрэсе спаведніка, да канфесіяналу якога ўвесь час стаялі чэргі. Калі ён памёр ў 1996 годзе, Берголіа, ужо будучы дапаможным біскупам у Буэнас-Айрэсе, адарваў на памяць крыжык з ружанца, які быў у далонях памерлага ў труне. Біскуп Берголіа паглядзеў тады на цела а. Арысты і сказаў: “Дай мне палову тваёй міласэрнасці”. “Я адчуў штосьці, што дало мне адвагу гэта зрабіць. А потым я паклаў гэты крыжык у кішэню”, – прызнаўся Папа Францішак, дадаўшы, што “шмат добрага робіць прыклад міласэрнага святара, які набліжаецца да ран” людзей.

Сведкам здарэння пры труне а. Арысты быў яго сабрат а. Андрэс Таборда SI, які памятае, як патлумачыўся тады біскуп Берголіа: “Гэтым ружанцам у далоні ён адпусціў грахі вялікаму мноству грэшнікаў”.

Начная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта трывае ў гэтай базыліцы ад 1917 года.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку