У лучайскай парафіі святога Юды Тадэвуша, Апостала ў першую нядзелю пасля Вялікадня — нядзелю Божай Міласэрнасці — святая Імша была ў інтэнцыі пробашча кс. Мікалая Ліпскага. Справа ў тым, што святар сёлета адзначае 10 год святарскай паслугі.
Узгадваецца Вялікдзень 2007 года, калі ва ўшачскім касцёле святога Лаўрэна яшчэ зусім юны Мікалай Ліпскі атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Уладзіслава Бліна. Нам, землякам, пашчасціла назіраць за гэтай гістарычнай падзеяй. Ужо тады, гледзячы на новапрэзбітара — міжволі кожны з нас задаваў сабе пытанне «А якім жа святаром будзе ксёндз Мікалай?». Прарочымі аказаліся словы віншавання, калі адзін з лучайскіх парафіянаў пажадаў, каб ксёндз Мікалай праславіў Лучай, як ксёндз Юзаф Булька праславіў Мосар. Варта ўзгадаць, што ў святой Імшы прымаў удзел спачылы пробашч з Мосара. Менавіта ён заўважыў у будучым святару задаткі гаспадарлівасці і марыў, каб пасля святарскіх пасвячэнняў ксёндз Мікалай стаў яго пераемнікам у Мосары. Але лёс распарадзіўся іначай. Яшчэ падчас дыяканату Мікалай Ліпскі быў накіраваны ў лучайскую парафію і адразу распачаў працу з добраўпарадкавання могілак і прыкасцельнай тэрыторыі. Спаўняў паслугу дыякана, а ў нядзелю і святы ў Лучай прыязджаў святар з Паставаў, каб адправіць святую Імшу.
За 10 год служэння ў Лучаі з маладога, крыху няўпэўненага ў сабе, ксёндз Мікалай ператварыўся ў сапраўднага пробашча-гаспадара. Дзякуючы яму, вёска ў 98 хат, стала вядомай на ўсю краіну. Лучай мае свой брэнд -«паланэз над блакітнымі азёрамі» або «пярліна Віцебскай вобласці». Сюды прыязджаюць вернікі, госці, турысты з усіх куточкаў Беларусі. Лучай уключаны ў турыстычны маршрут.
Цяжка пералічыць усе заслугі лучайскага пробашча. Здаецца, іншаму і жыцця не хопіць, каб зрабіць тое, што за 10 год зрабіў ксёндз Мікалай у Лучаі. Каб павіншаваць з юбілеем святарства і памаліцца за яго, прыбылі вернікі землякі з Шаркаўшчыны. Дарэчы, за апошнія 7 год ні адно свята не адбылося без прысутнасці шаркаўчан. Мала маліцца аб пакліканнях у парафіі, трэба яшчэ і падтрымліваць тых, хто ўжо ідзе па святарскім шляху. Ксёндз Мікалай адзіны з святароў, ураджэнцаў з Шаркаўшчыны, хто найбліжэй — у Віцебскай дыяцэзіі. Таму падтрымліваюць яго словам, учынкамі і малітвай.
З нагоды 10-годзя святарства паэтка Кацярына Сосна прысвяціла гэтай знакавай падзеі чарговы верш-пажаданне. Мясцовыя вернікі таксама маюць паэтычны талент, таму ў вершаванай форме павіншавалі свайго пробашча.
Скончылася свята канцэртам у сцянах святыні. Беларускі бард, перакладчык, паэт, кампазітар Аляксей Жбанаў распачаў канцэртную праграмму з Лучайскага гімну, сааўтарам словаў і кампазітарам якога з’яўляецца. Музыкант выканаў для слухачоў яшчэ некалькі твораў. А вось беларуская спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава падаравала прысутным некалькі песен на словы Генадзя Бураўкіна, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі. У выкананні цудоўнай спявачкі прагучалі хрэстаматыйныя творы «Магутны Божа», «Авэ, Марыя», «Малітва», «Касцёл святой Ганны».
Лучайская парафія запрашае гасцей 21 мая на адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі.
Па матэрыялах luchai.by
