Любі бліжняга, як самога сябе

“Любі бліжняга, як самога сябе” – гэтыя словы сталі і назвай сённяшняга артыкула, і падмуркам для маёй штодзённай працы. Як мудра стварыў Бог чалавека і якія прадуманыя Яго запаведзі! Яны шматстайныя, здольныя адкрывацца і даваць чалавеку на розных узроўнях новую інфармацыю. Кожнаму па магчымасцях, здольнасцях і патрэбах.

Вось і “любі бліжніх…” можна разглядаць як абвінавачванне ў эгаізме (накшталт, усё роўна ты толькі чалавек, толькі сябе любіць і можаш, то тады ўжо, калі ласка, палюбі бліжняга, хоць як сябе!).

А можна і інакш, глыбей (чым я і захапляюся). Справа ў тым, што чалавек, які не любіць сябе, не можа палюбіць іншага. Парадаксальна? Не, наадварот, усё проста.

Калі ты патрабуеш ад сябе бездакорнасці, табе цяжка прымаць памылкі іншых. Калі ты ўвесь час працуеш, не дазваляючы сабе расслабіцца нават на выхадных, тады іншых захочацца асуджаць за ляноту, за бяздзейнасць ды марнаванне часу. Калі сварышся на сябе за любую ўвагу да сваёй асобы, то іншыя ўспрымаюцца табой адназначна як эгаісты.

Несвядома мы пачынаем чакаць ад людзей столькі ж, колькі аддаём самі. Чулі пагардлівае стаўленне старэйшых жанчынаў да маладзейшых: “Я траіх дзяцей выгадавала і без дапамогі, а яна з адным справіцца не можа?” Ці такое: “Раней і пральных машын не было і пыласмокаў, усё рукамі, а цяпер поўная хата тэхнікі, а яны ўсё скардзяцца, што цяжка!” Ці мужчыны да хлопцаў у войску: “Нічога! Нас і на больш забіралі, і грошай не было, і бацькі не прыязджалі – далёка! Пацерпіш”. Дрэннае стаўленне да сябе прыводзіць да жорсцкасці, знікнення эмпатыі. Перастаючы шкадаваць сябе, мы забіваем здольнасць шкадаваць іншых.

І наадварот, калі ты з пакорай прымаеш сваю недасканаласць, ведаеш, што можаш прымаць няправільныя рашэнні, часам не вытрымліваць спакусаў, то ты і іншым будзеш даваць права на памылку. Больш спачуваць і ахвотней прабачаць. Прабачаць чалавеку значна прасцей, калі табе самому прабачалі, калі ты сам сабе прабачаў.

Такім чынам, паспрабуйце не канцэнтравацца на сваіх памылках, а лепш падумаць, што можна зрабіць наступны раз, каб такога не паўтараць. Усё. Гэтага дастаткова. Не трэба сварыцца на сябе. Асуджэнне выклікае страх, а страх не найлепшы дарадца для любові!

Дзякуй за ўвагу! Любіце бліжніх, як сябе!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі