17 — 21 жніўня ў Оршы прайшоў курс «Закхей» для моладзі. Маладыя людзі прыехалі з розных мясцін нашай Бацькаўшчыны. Курс праводзілі айцец Ілля Саўчанка MIC і сястра Таццяна Гмыза SJE. Час быў напоўнены малітвай, канферэнцыямі, працай у групах і гульнямі.
Падчас канферэнцый разважалі на тэмы: «Што значыць быць хрысціянінам», «Пра адказнасць» і «Небяспекі граху».
Таксама шматлікіх узрушыла сведчанне асабістага жыцця і дарогі паклікання, якім падзяліўся айцец Ілля Саўчанка. Разважаць над тэмай дапамагала таксама і праца ў групах, дзе моладзь ставіла сцэнкі і выконвала розныя заданні.
Кульмінацыяй кожнага дня была супольная Святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой кожны мог знайсці супакой і адказы на свае жыццёвыя пытанні.
Вечары праходзілі ў сяброўскай і вясёлай атмасферы, дзе кожны адчуваў сябе як у сям’і. Удзельнікі ад’язджалі з надзеяй вярнуцца зноў у хуткім часе.
Напрыканцы курса моладзь падзялілася сваімі ўражаннямі:
«У гэты раз я перажыла курс “Закхей” зусім па-іншаму ў параўнанні з мінулым наведваннем. Многія катэхезы, падрыхтаваныя выступленні і размовы адкрылі мне вочы на некаторыя рэчы і далі мне выразны знак, які я так доўга чакала, так як больш мелкія я проста адмаўляла і лічыла, што гэта зусім не знак, а нейкі збег абставінаў. Для мяне “Закхей” стаў месцам сустрэчы з Богам, гутарак з Ім, знаходжання адказаў на некаторыя пытанні, на якія я доўга не магла знайсці адказы і спадзявалася, што яны знойдуцца самі сабой, а таксама месца, дзе адчуваеш душэўны спакой.Не абышлося і без унутранай барацьбы: былі моманты, дзе адчувалася ўнутранае спусташэнне, а дзесьці, наадварот, напаўненне Божай любоўю. Таксама ў Оршу прыехала вельмі шмат прыязных, спагадлівых людзей, якія напаўнялі супакоем прабыванне там, з якімі ў нас былі душэўныя размовы, якія крыху змянілі маё бачанне пэўных рэчаў. Час быў распланаваны выдатна, і ў нас заўсёды адбывалася нешта цікавае, за што дзякуй арганізатарам».
Агнэса Меньшыкава , Барысаў
«Дождж спашлі… Спявалі мы на адарацыі і не толькі. Падчас гэтага курсу Бог паслаў на мяне цэлы лівень! Толькі не той, ад якога хочацца схавацца, а цёплы, напоўнены яркімі, рознымі эмоцыямі і ўражаннямі. Я вельмі ўдзячна Богу за такі цудоўны падарунак, за адказы на нялёгкія пытанні, за яго любоў і прысутнасць у маім жыцці. Дадому я вяртаюся з чысцінёй у сэрцы, поўная натхнення і ўдзячнасці. Вялікая хвала Пану за гэты час!»
Марыя Булах, Полацк
«Курс напоўніў меня Хрыстовай і эмацыянальнай, духоўнай радасцю, якой не хапала доўгія часы ў сувязі с вірусамі, вучобай і г.д. Я вельмі дзякую Богу за тое, што ў мяне знайшоўся час прайсці курс, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, пазнаць яшчэ болей Бога, прыступіць да сакрамантаў, паглыбіцца ў праблематыку людей (неяк яны былі вельмі адкрытыя распавядаць пра свае праблемы ніколі вось на такіх падобных сустрэчах такога не бачыў), нават атрымалася даць сведчанне сваёй веры, бо моладзь, на мой погляд, вельмі сумняваецца ў Езусе і ім не да канца зразумела навошта гэта ўсё. Вельмі спадабаўся расклад, бо кожны новы дзень быў непаўторны: ставілі сцэнкі, адпачывалі на пляжы, маліліся, прыбіраліся, гулялі ў футбол. Мне было вельмі камфортна гэта ўсё рабіць (выйшаў з адной зоны канфорта папаў у іншую) Курс можа не дапамог мне «залезці на дрэва» так высока каб убачыць Езуса, але я больш убачыў праблематыку моладзі, курс можа не адказаў на мае пытанні, але я паспрабаваў засведчыць тое, аб чым ведаю сам…»
Аляксандр Пяткевіч , Лынтупы
«Я на «Закхеі» быў ужо трэці раз. Гэта быў найлепшы, таму што ўсе былі шчырыя і адкрытыя. На гэтым курсе я атрымаў добры досвед і зрабіў шмат высноваў, наблізіўся да Бога, а таксама зразумеў што рабіць далей. Пэўны тупік я пераадолеў, дзякуючы менавіта таму дрэву, на якое трэба было залезці. Цяпер бачу шлях, застаецца толькі ісці па ім. Чакаю наступны раз!»
Павел Галімаў, Магілёў
«Вялікі дзякуй арганізатарам курса і ўсім хто быў з намі і не даваў сумаваць.Я першы раз на курсе “Закхей”, я не ведаю, як мае быць, першы дзень было цяжка, таму што нічога і нікога не ведала, а пасля было цяжка раставацца, я спадзяюся, што гэта быў не першы і не апошні раз.Святая Імша, для мяне гэта быў асаблівы час з Богам, дзякуй групе, якая іграла і спявала.Гэта дапамагала плённа перажыць Святы час. Ніколі не думала, што я траплю ў такі сямейны і ўтульны калектыў, дзе розныя хлопцы і дзяўчаты ўмеюць і хочуць быць разам, і яднае іх усіх вера».
Ангеліна Аверчанка, Шуміліна
С. Таццяна Гмыза SJE
для друку