У Лядску, што ў Шчучынскім раёне, у парафіі св. Станіслава, біскупа і мучаніка, служыць кс. Алег Пятрашка. Сёння святар расказаў пра свой шлях да святарства.
Ксёндз Алег нарадзіўся ў 1980 годзе ў Вільнюсе ў простай савецкай сям’і. Пра веру ў сям’і святар згадвае наступнае: “Мае бабулі і дзядуля, якога памятаю, былі пабожныя, аднак вера ў маёй сям’і не была на першым месцы. Не памятаю нават, ці вісеў у нас дома крыж або абраз. Такія святы, як Божае Нараджэнне або Вялікдзень, святкаваліся, але моцнага рэлігійнага ўхілу яны не мелі. Мая сям’я не была атэістычнай. Хутчэй за ўсё такім чынам спецыфічна разумелі рэлігійнасць асабліва тыя сем’і, што жылі ў гарадах”.
У дзяцінстве хлопчык прыязджаў да бабулі ў Астравецкі раён, дзе бачыў пацёрты ружанец і “замызганы” ад выкарыстання і часу малітоўнік. Гэта былі яго першыя сустрэчы з нечым незразумелым.
Святар успамінае: “Бабуля заўсёды малілася… А мяне мама вучыла гаварыць “пацеры” перад сном. Я не задаваў шмат пытанняў на гэтую тэму. Раз так трэба, значыць трэба. Хаця часам пытаўся: “А ці бачыць мяне Бог, калі фіранкі ў пакоі завешаныя?”
Разважаючы над сваім пакліканнем, кс. Алег заўсёды ўспамінае адзін цікавы момант, своеасаблівую сустрэчу з Богам, які тады яго паклікаў: “Гэта было ў маім родным Вільнюсе. Мы з мамай вярталіся ў свой спальны раён ад яе сястры, якая жыве і дагэтуль недалёка ад цэнтра, а менавіта ад Вострай Брамы. Тады зайшлі ў касцёл. Памятаю, як вялікімі вачыма я глядзеў на міністрантаў, што прыслугоўвалі і званілі ў званочак. Увогуле, гэта было вельмі глыбокае, пазітыўнае ўзрушэнне. І яшчэ пройдзе не адзін год, пакуль засеянае слова Бога пачне прарастаць …”
У студзені 1991 года сям’я святара пераязджае жыць у Гродна. Хлопчыка запісваюць на падрыхтоўку да Першай Камуніі. Чарговы раз у яго з’яўляецца жаданне стаць міністрантам: “Заходжу ў касцёл, гэта была гродзенская катэдра, якая ўражвае сваёй прыгажосцю і велічнасцю. І зноў абуджаецца гэтае пачуццё… Як у 12-ці гадовага Езуса, Які застаўся ў Іерусаліме, Які скажа бацькам: “Хіба Я не павінен быць там, у тым доме, што належыць Майму Айцу?” Зноў з’яўляецца моцнае жаданне стаць міністрантам. Але спачатку трэба прыступіць да Першай Камуніі. Падрыхтоўка не была доўгай: тры летнія месяцы – і ўрачыстасць сустрэчы з Езусам у Святой Камуніі і споведзі”.
Потым быў рост і падзенні, узроставыя цяжкасці… Але хлопчыка заўсёды вабіў касцёл. Пасля школы ён кідаў партфель, сядаў на тралейбус ці аўтобус – і ён ў цэнтры: “Вось за амбонай біскуп Гродзенскі, вось усе ўрачыстасці з яго ўдзелам. Шмат святароў, а кожную нядзелю – натоўпы клерыкаў, што прыходзілі на галоўную Імшу ў касцёл”.
“Потым адбылася першая важная размова з бацькамі. Гэта быў клас шосты, магчыма, сёмы. Яны пачулі такія словы: “Я думаю пайсці ў семінарыю”. З іх боку не было жалю або папрокаў. Здаецца, яны прынялі гэта вельмі спакойна. У той час яны ўжо ўдзельнічалі ў кожнай нядзельнай Імшы”, – гаворыць святар.
Вялікі ўплыў аказалі на выбар хлопца душпастыры, што служылі ў тыя гады ў яго парафіі. Настаяцелем тады быў кс. Юзаф Трубовіч, а перад паступленнем юнака ў семінарыю – цяперашні біскуп Антоній Дзям’янка. У канцы 90-х гадоў прыходзілі на службу святары, выпускнікі Гродзенскай семінарыі.
“Вядома, кожны ўклаў сваё, – адзначае кс. Алег. – Былі і такія моманты, калі не заўсёды бачыў годны прыклад. Гэта дапамагала глядзець на свет без ружовых акуляраў”.
Калі хлопец паступіў у семінарыю, адзін са старшакурснікаў задаў клерыкам пытанне, што такое пакліканне да святарства? Тады ўсе падбіралі вельмі прыгожыя словы, і яны былі праўдзівымі. Зараз, калі святар задае сабе гэтае пытанне, то адказвае наступным чынам: “Гэта тое, што дазваляе дзякуючы бязмежнай Любові Хрыста дакрануцца да Яго Любові вельмі незвычайным спосабам. Чаму незвычайным? Таму што Ён, нягледзячы на ўсе мае грахі і нявернасць, увесь час кажа мне: “Ідзі за мной! Я чакаю цябе! Я ад цябе ніколі не адракуся і не адмоўлюся! Я чакаю цябе ля Майго крыжа і Майго пустога гроба! Я табе даю свайго Духа, Параклета!” І ты гэта адчуваеш, чуеш. І як не адказаць на гэтае запрашэнне Езуса?”
Ксёндз Алег лічыць, што пакліканне, як пісаў святы Ян Павел II, – гэта “дар і таямніца”: “Дар, бо ніхто з нас гэтага не заслужыў. Таямніца, таму што і так пакліканне да святарства я буду адкрываць да канца сваіх дзён. Заўсёды нешта новае і бязмежнае. Гэта дае мне сілы жыць у свеце. Хоць для многіх людзей незразумела, як так можна: адмаўляцца ад многага, зямнога. А я ведаю, што ніводзін чалавек не зможа даць мне тое, што я маю ў цішыні свайго святарскага сэрца”.
Гутарыла Ірына Радзевіч
