Крыж вяртаецца ў французскі ландшафт. Унікальная місія грамадскіх актывістаў

Ілюстрацыйнае фота

Крыж ля дарогі. Фігура на скрыжаванні. Знак веры, упісаны ў пейзаж. У Францыі, дзе на працягу дзесяцігоддзяў хрысціянскія сімвалы знікалі з грамадскай прасторы, узнікае ціхі, але выразны рух абнаўлення. «The Catholic Herald» апісвае працу арганізацыі SOS Calvaires, якая аднаўляе крыжы і святыні, якія стагоддзямі фармавалі духоўную ідэнтычнасць Францыі.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі святы Людовік Марыя Грыньён дэ Манфор заклікаў вернікаў упрыгожваць французскую вёску прыдарожнымі кальварыямі — выявамі ўкрыжаванага Хрыста. Дарэвалюцыйная Францыя з энтузіязмам адгукнулася на гэты заклік. Крыжы з’яўляліся на прыдарожных скрыжаваннях, на ўездах у вёскі і ўздоўж сцежак, стаўшы неад’емнай часткай ландшафту.

Французская рэвалюцыя прынесла жорсткі паварот. Падчас так званага «праўлення тэрору» касцёлы былі разбураны, зямля канфіскавана, а духавенства адпраўлена на гільяціну. Прыдарожныя крыжы часта падзялялі гэты лёс. Аднак вернікі, часта насуперак уладам, аднаўлялі іх у тых жа месцах.

Закон 1905 года аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы паклаў канец дзяржаўнаму фінансаванню догляду за рэлігійнымі сімваламі. Тысячы кальварый засталіся без фармальнай аховы, залежачы ад прыходаў і валанцёраў.

Нараджэнне SOS

Новая глава адкрылася ў 1987 годзе з заснаваннем SOS Calvaires у рэгіёне Пэі-дэ-ла-Луар. Як паведамляе «Catholic Herald», арганізацыя, якая першапачаткова займалася мясцовымі рэстаўрацыямі, з 2020 года — пад кіраўніцтвам Жульена Ле Пэйджа – паставіла перад сабой амбіцыйную мэту: штомесяц аднаўляць або будаваць новы крыж. Сёння яна дзейнічае па ўсёй Францыі, аб’ядноўваючы тысячы валанцёраў і рэалізуючы больш за 1800 праектаў.

Крыж становіцца бачным

Ва ўмовах росту антыхрысціянскага гвалту і актаў вандалізму місія асацыяцыі набывае новае значэнне. Як падкрэсліла Жанна Кумэт з SOS Calvaires у інтэрв’ю газеце «Catholic Herald»: «Калі мы не бачым крыжа, мы не думаем пра Бога». Ціхая праца валанцёраў гарантуе, што крыж застаецца прысутным — і становіцца выразным знакам у французскай грамадскай прасторы.

Паводле gosc.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку