Корань кахання – вернасць. Меркаванне

Хтосьці з паэтаў назваў вернасць падковай сумлення. З такім метафарычным азначэннем складана не пагадзіцца. Вернасць – якасць, якая ўзвышае асобу, бо яна паказвае на глыбіню характару і здольнасць быць стойкім у адносінах і перакананнях. Гэта робіць чалавека надзейным, дэманструе ўнутраную стойкасць, прыводзіць учынкі і словы да гармоніі.

Многія разумеюць вернасць выключна ў кантэксце сужэнства. Гэта маральная рыса з’яўляецца падмуркам шлюбу. Яна азначае стойкасць у пачуццях, адданасць партнёру і захаванне абяцанняў, дадзеных пры заключэнні сужэнства. Сюды ўваходзіць эмацыйная адданасць, калі партнёры падтрымліваюць адно аднаго ў радасці і цяжкасцях, фізічная, якая заклікае пазбягаць здрады, а таксама практычная, што заклікае добрасумленна выконваць сямейныя абавязкі, захоўваць агульныя планы і мэты. Увага да ўсіх трох аспектаў робіць сужэнства трывалым, дае бяспеку і ўпэўненасць.

Адным з самых вядомых каталіцкіх саюзаў дваццатага стагоддзя з’яўляецца сужэнства Луіджы Бельтрамэ Куатрокі і Марыі Карсіні, якое стала сімвалам сапраўднай вернасці і святасці. Пара ўзяла шлюб у 1905 годзе. Муж і жонка разам пражылі больш за сорак гадоў, выхоўваючы чацвярых дзяцей, трое з якіх абралі духоўны шлях. Іх сям’я была пабудаваная на штодзённай малітве, удзеле ў літургіі і актыўнай працы ў каталіцкіх арганізацыях. Падчас Другой сусветнай вайны пара адкрыла дом для ўцекачоў, які стаў прытулкам для многіх. Асаблівай рысай сямейнага жыцця стала вернасць адно аднаму і Богу. Праз 25 гадоў шлюбу пара вырашыла жыць у чысціні, каб яшчэ больш прысвяціць сябе Богу і духоўным справам. У 2001 годзе Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў мужа і жонку, якія сталі аўтарытэтным прыкладам для многіх сем’яў.

Быць верным… У штодзённым жыцці для многіх параў гэта задача з’яўляецца непад’ёмнай. І гаворка тут не толькі пра фізічную здраду. Нястрыманае абяцанне, адсутнасць падтрымкі ў складаны момант, адчужанасць ад сямейных спраў – усё гэта прыводзіць да непаразумення і крызісаў. У мастацкай літаратуры можна сустрэць прыгожыя прыклады, калі пэўная асоба на працягу ўсяго жыцця кахае аднаго чалавека, захоўвае вернасць, не бачачы аб’екта кахання дзясяткамі гадоў. Многія захапляюцца такім прыкладам вернасці і адданасці іншай асобе. Аднак вельмі проста любіць чалавека, які знаходзіцца далёка. І гаворка тут ідзе нават не пра чалавека, а пра ідэалізаваны вобраз. Куды складаней кахаць і захоўваць вернасць канкрэтнаму партнёру, бачачы яго хібы, заганы, адмоўныя бакі. Вернасць у сужэнстве – гэта не пра ідэалізацыю партнёра, не пра стварэнне ўяўнага вобраза без недахопаў. Яна нараджаецца тады, калі чалавек прымае іншага такім, як ён ёсць: са слабасцямі, памылкамі, складанымі рысамі характару і разам з тым – з яго сапраўднымі дарамі, талентамі і ўнутранай прыгажосцю. Вернасць – гэта здольнасць бачыць цэласнасць асобы, а не толькі яе ідэальны бок.

На сённяшні дзень многія блогеры і медыйныя асобы прапагандуюць іншыя каштоўнасці. Хуткая змена партнёраў стала сімвалам паспяховасці і запатрабаванасці, умення выбіраць сябе. На жаль, часцей за ўсё гэта гаворыць пра нясталасць, інфантыльнасць, няздольнасць стрымліваць дадзенае абяцанне. У такіх адносінах няма месца каханню, бо асновай кахання якраз і з’яўляецца вернасць.

Марта Венславовіч

для друку для друку