Сёлетні год багаты на гістарычныя юбілеі. Спаўняецца 510 гадоў ад першай згадкі ў гістарычных крыніцах адразу некалькіх паселішчаў нашага рэгіёна. У 1514 годзе ў дакументах упершыню былі згаданыя Глыбокае, Верхняе, Казлоўшчына, Мосар, Лужкі. Пагаворым гэтым разам пра Лужкі, а найперш пра хрысціянскія святыні, якія існавалі ў гэтым паселішчы.
Канечне ж, першая згадка не азначае даты заснавання населенага пункта. Каля Лужак, у Гарадцы, у VII-VIII стагоддзях было ўмацаванае гарадзішча полацкіх крывічоў, якое з часам яны пакінулі. Дакументы са згадкай Лужак у 1514 годзе знайшоў у 1930-х гадах у віленскіх архівах гісторык Отан Гедэман, аўтар кнігі “Валерыянаўскія школы кс. піяраў у Лужках”. Паводле тых крыніц, у пачатку XVI ст. сяло Лужкі было ўласнасцю путных слугаў Полацкага замка. “Путныя слугі” – гэта катэгорыя сялянаў, якія мелі больш высокі статус, у некаторым сэнсе набліжаны да шляхты. У 1514 годзе путныя слугі прадалі Лужкі вялікаму пісару літоўскаму, выбітнаму дыпламату Івану Сямёнавічу Сапегу. Наступныя больш за дзвесце гадоў Лужкі належалі да ўладанняў Сапегаў з цэнтрам у Іказні. Адным з уладальнікаў гэтага абшару быў канцлер Леў Сапега, аўтар Трэцяга Статута ВКЛ.
Гісторыя Лужак вядомая толькі ўрыўкамі, многія “белыя плямы” яшчэ давядзецца закрыць даследчыкам. Зрэшты, даступных звестак з кожным годам становіцца ўсё болей. Напрыклад, незадоўга да напісання гэтага артыкула я натрапіў у лічбавых зборах бібліятэкі Акадэміі навук Літвы на дакумент з 1667 года, які датычыць Лужак. У гэты час ва ўладаннях Сапегаў кватаравала некалькі ротаў драгуноў (лёгкай кавалерыі) Рэчы Паспалітай, якія паводзілі сябе так нахабна, што 10 снежня 1666 года ўламаліся ў царкву ў Лужках і забралі збожжа, каторае жыхары спрабавалі схаваць ад рабунку ў сценах святыні. А ў лужэцкага святара марадзёры забралі карову. У гэтым жа дакуменце Лужкі называюцца мястэчкам, а іх жыхары – мяшчанамі. Царква ў Лужках была грэка-каталіцкая: там служылі набажэнствы на царкоўнаславянскай мове ва ўсходнім абрадзе, але прызнавалі ўладу Папы Рымскага.
У 1680 годзе як пробашч царквы згадваецца айцец Васіль Гінько. Паводле візітацыі 1703 года, царква была драўляная, “добра накрытая і агароджаная”, мела тытул святога Мікалая. Пробашчам быў айцец Ян Мачульскі. Святыня мела рукапіснае Евангелле ў бронзавай аправе, рукапісны Апостал, друкаваныя Псалтыр, Служэбнік і Трэбнік.
У 1734 годзе Аляксандр Сапега прадаў Лужкі полацкаму кашталяну Валерыяну Антонію Жабу. У адрозненне ад Сапегаў, якія не жылі тут, Жабы заклалі сваю галоўную сядзібу ў Гарадцы побач з Лужкамі. З гэтага моманту пачынаецца развіццё Лужак, у тым ліку заснаванне рымска-каталіцкай святыні.
Калі дата фундацыі лужэцкага касцёла вядомая, то дакладны год, калі скончылася будоўля, устанавіць не ўдалося. У многіх публікацыях годам пабудовы касцёла названы 1744 – сёлета мусіла б споўніцца 280 гадоў святыні. Аднак дакументы сведчаць, што будоўлю скончылі пазней. 24 жніўня 1741 года Валерыян Антоні Жаба піша тэстамэнт, у якім аддае фальварак Валерыянаў паміж Лужкамі і Гарадцом, а таксама маёнтак Весніцк (цяпер – Ушацкі раён) ордэну піяраў. Назва гэтага рымска-каталіцкага ордэна паходзіць ад лацінскага слова “pius”, што азначае “пабожны”. Ордэн піяраў, або “ордэн пабожных школаў” заснаваў святы Юзаф Каласанс, які ў 1597 годзе адкрыў у Рыме першую ў Еўропе бясплатную ўсеагульную школу.
У XVIII ст. піяры зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Рэчы Паспалітай, сталі вядомымі дзякуючы заснаванню ў 1740 годзе ў Варшаве Collegium Nobilium.
Заснаванне Жабам піярскай школы ў Лужках было вялікім унёскам у развіццё адукацыі ў нашым рэгіёне.
У тэстамэнце Валерыян Жаба абяцае яшчэ пры жыцці пабудаваць касцёл, кляштар і школу. Жаба збіраўся пачаць будаўніцтва касцёла ў 1742 годзе, а скончыць – у 1745-ым. Аднак будоўля пайшла не так хутка. У 1752 годзе Жаба наказвае жонцы, Яанне са Скарульскіх, каб скончыла будоўлю касцёла на працягу двух гадоў. Праўдападобна, гаворка ішла пра заканчэнне ўнутранага ўбранства святыні. Валерыян Жаба памёр у лютым 1753 года, але і яго ўдава не скончыла працы з касцёлам. Справу працягнуў сын Валяр’яна, шамбелян Ігнацы Ян Жаба.
Касцёл святога Арханёла Міхала ў Лужках збудаваны ў папулярным тады на землях Вялікага Княства Літоўскага стылі віленскага барока. Лужэцкая святыня вылучаецца ўнікальным фасадам: вежы касцёла выступаюць з яго наперад і павернутыя пад вуглом.
Доўгі час было невядомым імя архітэктара, які праектаваў і збудаваў лужэцкі касцёл. Толькі ў 2021 годзе польскі даследчык Войцех Бабэрскі апублікаваў знойдзены ў Нацыянальным архіве ў Кракаве дакумент, з якога вынікае, што аўтарам касцёла ў Лужках быў Абрагам Вюрцнэр. Гэты архітэктар нарадзіўся ў імперыі Габсбургаў, але большую частку жыцця правёў у Вялікім Княстве Літоўскім. Быў адным з пачынальнікаў віленскага барока, да яго творчай спадчыны належаць тры касцёлы ў Вільні, вежы касцёла кармелітаў босых (цяпер праваслаўнага сабора Раства Багародзіцы) ў Глыбокім, касцёлы ў Селішчы (цяпер Ушацкі раён) і Лужках. Касцёл у Лужках спачатку не быў парафіяльным. Лужкі належалі да Задарожскай, а з пачатку ХІХ ст. – да Германавіцкай парафіі.
Школа айцоў-піяраў пачала дзейнічаць ужо пры жыцці Валерыяна Жабы. Як дату яе заснавання звычайна пазначаюць 1745 год. Дакументы з 1747/48 навучальнага года сведчаць, што школа мела даволі насычаную праграму, там вывучалі граматыку, сінтаксіс, паэтыку і рыторыку. У спісах вучняў можна знайсці прозвішчы ўсіх вядомых шляхецкіх родаў, якія жылі ў гэты час у ваколіцы. Колькасць вучняў вагалася ад 110 да 180 чалавек. Навучанне было бясплатнае, але бацькі забяспечвалі харчаванне. Некаторыя вучні з бяднейшай шляхты мелі ўтрыманне за кошт кляштара. Сярод вучняў лужэцкай школы не было сялянаў, бо ў той час сярэдняя адукацыя яшчэ не была для іх даступная. Навучанне ў школе доўжылася шэсць гадоў. Праграма ўключала каталіцкую рэлігію, права, матэматыку, фізіку, хімію, рускую, польскую, французскую і лацінскую мовы. Школа мела бібліятэку, якая ў найлепшыя гады мела каля дзвюх тысяч тамоў і была адным з найбольшых кнігазбораў у рэгіёне. У фізічным кабінеце былі найноўшыя прыборы, такія як вольтаў слуп і мікраскоп. Побач са школай быў пасаджаны батанічны сад. Выпускнікі маглі працягваць навучанне ў Віленскім універсітэце. У кляштары было ад 7 да 10 законнікаў, большасць з якіх адначасова былі выкладчыкамі ў школе.

Вучань школы ў Лужках Юльян Мацкевіч з уласнаручна зробленым макетам касцёла, 1925 г. Фота: Мястэчка Лужкі/Ok.ru
Жабы развівалі і само мястэчка Лужкі. Яны стварылі новы план забудовы: у цэнтры заклалі прамавугольную рынкавую плошчу, на якой адбываліся кірмашы. Вакол плошчы роўнымі лініямі паставілі будынкі, а з кутоў плошчы ў розныя бакі разыходзіліся вуліцы. Уладальнікі запрасілі з розных далёкіх месцаў рамеснікаў розных спецыяльнасцяў, якія выраблялі вяроўкі, конскую вупраж, медны посуд, тканіны, колы, драўляныя вырабы. Гэтыя рамеснікі прадавалі свае вырабы на абшары да ста кіламетраў. На кірмашы ў Лужкі збіраліся людзі з усёй ваколіцы. У дакументах канца XVIII ст. Лужкі называлі ўжо не мястэчкам, а “местам”, то бок “горадам”. “Лужкі кашталяна Жабы вядомыя выдатнымі рамеснікамі і загранічным парадкам у месце”, – пісаў у 1784 годзе кс. Францішак Жаба, пробашч з Новага Пагоста.
На рацэ Мнюціцы Жабы пабудавалі два млыны, тартак (лесапілку) і фолюш (фабрыку сукна). У 1788 годзе Жабы пабудавалі мураваную грэка-каталіцкую царкву, якой быў нададзены тытул Раства Багародзіцы. Святыня захавалася да нашага часу (цяпер праваслаўная), і па выглядзе акон, пілястраў і карнізаў на яе бакавых сценах можна зразумець, што яна была збудаваная ў стылі барока. Першапачаткова царква мела над уваходам барочны франтон вышынёй каля васьмі метраў, знішчаны ў час перабудовы царквы ў 1885 годзе.
У 1793 годзе Лужкі былі далучаныя да Расійскай імперыі. У першыя гады гэта не асабліва паўплывала на жыццё мястэчка, касцёла, кляштара і школ. Але ўжо ў 1820-я гады расійскія школьныя ўлады сталі націскаць, патрабуючы весці перапіску на рускай мове. Калі 29 лістапада 1830 года ў Варшаве пачалося паўстанне за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, шляхта Дзісенскага павета яго падтрымала. 12 красавіка 1831 года шляхта з усёй Дзісеншчыны разам з узятымі са сваіх маёнткаў прыгоннымі сялянамі сабралася ў Лужках. Сярод паўстанцаў было не менш як сорак чалавек з ліку выпускнікоў лужэцкай школы. Прыёр кляштара піяраў айцец Адам Татур адслужыў у лужэцкім касцёле набажэнства за паўстанцаў. 1 мая паўстанцы вырушылі ў бок Дзісны, якую здабылі на кароткі час.
Потым за падтрымку паўстання былі асуджаныя чатыры манахі з лужэцкага кляштара піяраў.
Пасля разгрому паўстання ўлады Расійскай імперыі пачалі рэпрэсіі супраць каталіцтва, асабліва супраць манаскіх ордэнаў і навучальных установаў. Школа ў Лужках дзейнічала яшчэ год, а ў 1832 годзе яе зачынілі. Пакінутыя будынкі кляштара і школы стаялі руінамі аж да пачатку ХХ ст.
У 1839 годзе грэка-каталіцкая парафія і царква былі далучаныя да праваслаўя. У 1840 годзе ўтварылі рымска-каталіцкую парафію ў Лужках, цэнтрам якой стаў касцёл святога Арханёла Міхала. У некаторых публікацыях пішуць, што ў 1843 годзе лужэцкі касцёл перарабілі на царкву, аднак гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць гэтага.
У 1885 годзе мястэчка пацярпела ад пажару, які пашкодзіў праваслаўную, былую грэка-каталіцкую царкву. Падчас адбудовы праваслаўны настаяцель вырашыў знішчыць барочны франтон святыні, бо ўпрыгажэнне “придавало церкви видъ костёла”. Ён жа загадаў разбурыць уніяцкія элементы інтэр’еру – “всё это следовало уничтожить, чтобы сделать церковь чисто православною”.
У 1907 годзе лужэцкія парафіяне сутыкнуліся ў судзе з расійскімі ўладамі. Раней яны паставілі крыж пасярод рынкавай плошчы, на месцы, дзе крыж стаяў здаўна. У адказ расійскія ўлады выклікалі дзесяць чалавек у суд за “загромождение дороги”. Бараніць крыж стаў граф Віктар Зыберк-Плятар, які заявіў, што рынак з’яўляецца яго зямлёй і што крыж пастаўлены з яго згоды. У выніку крыж застаўся на месцы.
Па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года Лужкі апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Пробашчам парафіі ў тым жа годзе быў прызначаны кс. Язэп Германовіч – беларус, пісьменнік, вядомы пад псеўданімам Вінцук Адважны. Ён ужываў у казаннях і катэхізацыі беларускую мову. Супраць гэтага паўстала частка польскай інтэлігенцыі Лужак на чале з кіраўніком школы Баліньскім: яны збіралі подпісы, а таксама пісалі ў газеты лісты з паклёпамі на кс. Германовіча.
Вельмі цёпла пра гэтага святара адгукаўся Васіль Стома, аўтар надзвычай змястоўных успамінаў пра Лужкі, выдадзеных пад загалоўкам “Маё мястэчка”: “Будучы ўжо большымі хлопцамі, я і мае сябры часта наведвалі а. Язэпа, нібы “прыпадкова” зайшоўшы ў клябанію. Дзеля гэтага, ідучы са школы, мы “скарачалі” дарогу, а фактычна рабілі кіламетра паўтара кругу, абы толькі зайсці да а. Язэпа. Ён жа заўсёды спатыкаў нас з прыветнай усмешкай і зараз жа выносіў для кожнага вялікую лусту хлеба, насмараваную духмяным мёдам, і споры чырвоны яблык. Мы, ведама, не вельмі адмаўляліся ад пачастунку, а ў міжчасе а. Язэп жартаваў з намі, апавядаючы ўсякія смешныя гісторыі, дэкламуючы беларускія вершы або тлумачачы нам, хто мы такія і чым мы рознімся ад палякаў і расейцаў. Урэшце, як бы штосьці прыпомніўшы, ён ласкава ўсміхаўся і казаў: – А можа б вы зайшлі ў касцёл і памаліліся, малітва нікому не зашкодзіць”.
У 1924 годзе кс. Язэп Германовіч пакінуў парафію ў Лужках і ўступіў у кляштар марыянаў у Друі, спадзеючыся, што там зможа больш плённа паслужыць евангелізацыі беларускага народа, а таксама справе адраджэння Уніі. Усё жыццё кс. Германовіч пісаў па-беларуску мастацкія, духоўныя і публіцыстычныя творы. Прайшоў савецкія лагеры, пасля апынуўся на эміграцыі. Быў рэдактарам беларускага каталіцкага часопіса “Божым шляхам”. Памёр у Лондане ў 1978 годзе.
У жніўні 1939 года пробашчам быў прызначаны кс. Чэслаў Кулікоўскі. Калі 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, ён быў мабілізаваны як капелан і трапіў у палон да Саветаў. Замест яго пробашчам стаў кс. Адам Масюляніс. Ён запомніўся як старанны пробашч, у час нямецкай акупацыі арганізоўваў у Лужках рэкалекцыі для святароў Глыбоцкага дэканата. Быў арыштаваны немцамі ў час акцыі супраць польскай інтэлігенцыі і расстраляны 4 ліпеня 1942 ва ўрочышчы Барок каля Глыбокага. Разам з ім загінулі яшчэ чатыры святары і больш за дзясятак свецкіх асобаў.
Ад савецкай улады пацярпеў а. Антоні Зяралка, францішканін. Ён стаў пробашчам у 1948 годзе. Арыштаваны 6 студзеня 1950 года нібыта за “антысавецкую агітацыю”. Вызвалены пасля смерці Сталіна ў 1956 годзе. Калі вярнуўся ў Лужкі, улады не дазволілі яму служыць, і праз два гады святар быў вымушаны выехаць у Польшчу. Касцёл зачынілі і ператварылі ў склад збожжа і ўгнаенняў. Вярнулі святыню вернікам у час гарбачоўскай “перабудовы” ў 1988 годзе.
Акрамя парафіяльнага касцёла ў Лужках і ваколіцах ёсць яшчэ некалькі сакральных аб’ектаў. Па дарозе да маёнтка Гарадзец была цагляная атынкаваная калона. Васіль Стома ўспамінае, што на версе гэтай калоны знаходзілася напаўсатлелая драўляная фігура нейкага святога. Мясцовыя жыхары называлі гэтую калону “слуп”, а палеткі каля яе – Падслуп’е. У 30-я гады калону адрамантавалі, а на версе паставілі фігуру Езуса з крыжам. Калону знішчылі ў 60-я гады камуністычныя ўлады: зачапілі трос да трактара і павалілі.
Каля Гарадца на насыпе, які мясцовыя жыхары называлі “валатоўка”, стаіць каплічка з выявай Хрыста, Які нясе крыж. Гэта – копія каплічкі на прадмесці Сніпішкі ў Вільні, пабудаванай у 1720 годзе. Калісьці тая віленская каплічка была вельмі шанаванай святыняй, каля якой маліліся пілігрымы. Правадыр паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі ў час смерці меў на сабе медальён з выявай капліцы і надпісам “Пан Езус на Сніпішскай гары ў Вільні”. Капліцу ў Вільні разбурылі ў 1950 годзе камуністычныя ўлады дзеля пашырэння дарогі. Капліца ў Лужках шчасліва перастаяла савецкую ўладу.
Шматлікія гістарычныя крыніцы згадваюць рымска-каталіцкую капліцу, якая існавала ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. у двары Гарадзец. Верагодна, гэта прыватная капліца ўладальнікаў маёнтка: у той час магнаты часта мелі ў сваіх маёнтках капліцы, а часам утрымлівалі святара-капелана. Праўдападобна, што капліца месцілася ў тым будынку побач з палацам, дзе да нядаўняга часу знаходзіўся музей. На старых здымках бачна, што будынак меў барочны франтон.
Драўляная капліца святога Андрэя Баболі знаходзіцца на могілках каля вёскі Дворнава. Набажэнствы там служыліся ў вялікія святы. Беларускі мастак Язэп Драздовіч запісаў у дзённіку, як быў у гэтай капліцы на набажэнстве ў час велікодных святаў у 1935 годзе: “У капліцы з мастацка выразьбаваным укрыжаваннем над алтаром сабралася шмат акольных вялікоднікаў – кабеты і дзеці ўперадзе, а мужчыны ззаду, панаваў вялікодны радасны настрой. Адбывалася спатканне тутэйшым народам вялікага свята вясны, свята сымбалю вялікай пабеды аднаго чалавека над многімі, якія яго аклявяталі, прадалі, пагардзілі, абясчэсцілі, прынізілі, знікчэмнілі, абясправілі ў правах чалавечых і са здзекам умярцвілі, а ён – ён уваскрос! Як тая, знішчаная смяротнымі марозамі нашай паўночнай зімы, вясною прырода. І як тут не цешыцца і не пяяць “Алілуя!” І я ад самага найшчырэйшага сэрца пяяў”.
- Іван Сямёнавіч Сапега, уладальнік Лужак у 1514 г.
- Царква Раства Багародзіцы ў Лужках, збудаваная як грэка-каталіцкая ў 1788 г. Фота пач. ХХ ст.
- Касцёл у Лужках, 1916 г. Фота са збораў Нацыянальнага Музея ў Варшаве.
- Касцёл у Лужках, 1919 г. Фота са збораў Архіва Новых Актаў у Варшаве.
- Працэсія ў Лужках, міжваенны перыяд. Фота са збораў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
- Вучань школы ў Лужках Юльян Мацкевіч з уласнаручна зробленым макетам касцёла, 1925 г. Фота: Мястэчка Лужкі/Ok.ru
- Працэсія каля касцёла ў Лужках, лета 1941 г. Фота з калекцыі аўтара.
- А. Язэп Германовіч.
- Кс. Чэслаў Кулікоўскі ў час службы капеланам у польскай Арміі Андэрса.
- Кс. Адам Масюляніс.
- Дзяўчаты з Лужак каля капліцы-“слупа”. 50-я гг. ХХ ст. Фота: Мястэчка Лужкі/Ok.ru
- Капліца ў Гарадцы, 1936 г. Фота: Фэлікс Дангель, Нацыянальны Лічбавы Архіў, Польшча.
- Капліца на Сніпішках у Вільні. Фота: Ян Булгак.
- Будынак у двары Гарадзец, дзе, верагодна, была капліца, 1936 г. Фота: Фэлікс Дангель.
Кастусь Шыталь
Аўтар дзякуе Таццяне Заблоцкай і Дзянісу Лісейчыкаву за кансультацыі ў час напісання артыкула.
