Рымска-каталіцкая дыяцэзія швейцарскага Санкт-Галена рыхтуецца да незвычайнай працэдуры – да абрання новага біскупа. Удзел у гэтым традыцыйна бяруць і мясцовыя свецкія вернікі. Вядома, яны не могуць абраць простага чалавека з вуліцы, але ўсё ж іх голас у такім пытанні нельга назваць нязначным.
15 жніўня Папа Рымскі Францішак прыняў адстаўку біскупа Санкт-Галенскай дыяцэзіі Маркуса Бюхэля, якому 9 жніўня споўнілася 75 гадоў. Святы Айцец таксама ўхваліў пачатак пошуку новага кіраўніка дыяцэзіі, актыўны ўдзел у якім бяруць і свецкія вернікі. Пакуль жа біскуп Бюхэль працягне кіраваць дыяцэзіяй.
Самастойная дыяцэзія Санкт-Галена была вылучаная ў 1847 годзе з Хурскай дыяцэзіі і ахоплівае нямецкамоўныя землі на паўночным усходзе Швейцарыі. Апроч уласна кантону Санкт-Гален, яна таксама ўключае паўкантоны Апэнцэль-Інэродэн і Апэнцэль-Аўсэродэн. На тэрыторыі дыяцэзіі жыве каля 650 тысяч асобаў, з якіх каля 40% – католікі.
Санкт-Галенская дыяцэзія таксама вядомая дзейнасцю «Санкт-Галенскай групы», або «Санкт-Галенскай мафіі», як яе называлі крытыкі – нефармальнага кола высокапастаўленых ліберальных і рэфармісцкіх каталіцкіх іерархаў з розных краінаў, якія збіраліся для абмеркавання сітуацыі ў Касцёле. Яе запачаткаваў у 1996 годзе Іва Фюрэр – папярэднік Бюхэля на пасадзе біскупа Санкт-Галена. Паводле неафіцыйных звестак, у 2005 годзе яны намагаліся не дапусціць абрання Папам Рымскім нямецкага кардынала Ёзэфа Ратцынгера, які ўсё ж заняў пасад святога Пятра як Бэнэдыкт XVI. У 2006 годзе «Санкт-Галенская мафія» сабралася ў апошні раз.
Да рэфармістаў належыць і цяперашні біскуп Маркус Бюхэль. Напрыклад, у 2011 годзе ён заклікаў да жаночага святарства, а ў 2015-м прапаноўваў пераглядзець погляды на гомасексуальнасць.
Як абіраюць біскупаў
Згодна з умовамі канкардату паміж Апостальскай Сталіцай і кантонам Санкт-Гален ад 1845 году і папскай булы 1847 году «Instabilis rerum humanarum natura», біскуп Санкт-Галена прызначаецца пасля свабодных выбараў капітулам сабора на працягу трох месяцаў пасля таго, як біскупская кафедра становіцца вакантнай.
Кандыдаты ў біскупы павінны быць дыяцэзіяльнымі святарамі, старэйшымі за 35 гадоў, і мець стаж святарства больш як пяць гадоў.
Яны таксама павінны мець досвед адміністравання або душпастырства ў дыяцэзіі. На гэтым момант такім крытэрам адпавядае каля 60 святароў, у тым ліку 13 канонікаў катэдральнага капітула. У апошніх ёсць тры месяцы, каб падрыхтаваць абранне пераемніка Бюхэля.
Працэс пачаўся з трохтыднёвага апытання касцельных групаў, што праводзіць Швейцарскі інстытут душпастырскай сацыялогіі. Групам прапануюць вызначыць якасці, неабходныя новаму біскупу. На падставе гэтага капітул сабора створыць кароткі спіс з шасці святароў, які праз нунцыя будзе накіраваны ў Рым. Перш чым вярнуць яго, Ватыкан мае ўважліва вывучыць пералік, праверыўшы кожнага кандыдата.
Затым капітул разам з Каталіцкім калегіумам – свецкім парламентам кантону Санкт-Гален – прызначыць дату дня выбараў. Свецкі парламент з’яўляецца асаблівасцю швейцарскага каталіцтва, што дзейнічае ў так званай «падвойнай сістэме». У дадатак да звычайнай дыяцэзіяльнай структуры Каталіцкі Касцёл у Швейцарыі таксама мае дэмакратычна арганізаваныя рэгіянальныя арганізацыі, вядомыя як «кантанальныя касцёлы». Рэгіянальныя органы маюць свае сіноды, або парламенты, з выбарнымі чальцамі.
Касцёл Санкт-Галена складаецца не толькі з дыяцэзіі, але і з органа, які называецца «Каталіцкая канфесійная секцыя кантона Санкт-Гален». Арганізацыя, што мае ўласную канстытуцыю, сярод іншага адказвае за будаўніцтва і абслугоўванне будынкаў, выплату заробкаў касцельнаму персаналу і забеспячэнне таго, каб фінансава заможныя суполкі падтрымлівалі менш заможных. Менавіта яе заканадаўчым органам з’яўляецца свецкі парламент, што вызначае гадавы бюджэт мясцовага Касцёла і зацвярджае гадавыя справаздачы. Ён мае 180 выбарных чальцоў, якія збіраюцца два разы на год.
Падчас выбараў гэты парламент можа выключыць трох з шасці кандыдатаў у біскупы, вызначаных капітулам сабора і вывучаных Рымам, як «менш спрыяльных».
Затым капітул сабора правядзе галасаванне. Пасля таго, як ён абярэ новага біскупа, у кандыдата ёсць тыдзень, каб пагадзіцца з гэтым або адмовіцца. У выпадку згоды Папа Францішак афіцыйна прызначыць яго новым біскупам Санкт-Галена.
З 1863 па 1995 гг. імя абранага біскупа абвяшчалася адразу ж пасля галасавання і толькі затым фармальна запытвалася пацвярджэнне Апостальскай Сталіцы. Але Ян Павел II забараніў гэтую практыку ў 1995 годзе. «Усе чальцы [капітулу] усведамляюць вялікую адказнасць і сур’ёзна і з павагай працуюць на гэтым важным этапе, каб знайсці сапраўдных кандыдатаў на месца біскупа Маркуса Бюхэля», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Санкт-Галенскай дыяцэзіі.
Барацьба перадвыбарчых праграмаў і не толькі
Сайт дыяцэзіі ўжо пачаў публікаваць «перадвыбарныя праграмы» 13-і чальцоў мясцовага капітулу – тых, хто будзе абіраць новага біскупа і з большай верагоднасцю сам стане кандыдатам. У іх канонікі сярод іншага адказваюць і на пытанне неабходных дзеянняў, якія, на іх думку, мае як найхутчэй зрабіць Касцёл.
Напрыклад, адзін з іх падкрэслівае важнасць «выконваць строгую палітыку і працэдуры для прадухілення злоўжыванняў і падтрымкі пацярпелых», знайсці «творчыя і эфектыўныя спосабы распаўсюджвання Евангелля і прыцягнення людзей да веры» ва ўмовах усё больш секулярызаванага свету. А другі патрабуе змяніць «становішча жанчын, стаўленне да палітыкі, становішча гомасексуалістаў, спосабы барацьбы з абыходнымі шляхамі і няўдачамі ў жыццёвых планах, структурамі, якія развіліся, але даўно састарэлі». Трэці ж заклікае правесці «вартыя даверу рэформы», але падкрэслівае, што яны павінны быць прадуманымі і абгрунтаванымі. «Я не веру ў папулісцкія рашэнні», – дадае ён.
Якія з гэтых ідэяў і кандыдатаў прыйдуцца даспадобы мясцовым вернікам, канонікам і Ватыкану, спадзяемся пабачыць ужо неўзабаве. Праўда, працэдура абрання новага біскупа можа зацягнуцца, як гэта нядаўна адбылося ў суседняй і матчынай для Санкт-Галена Хурскай дыяцэзіі, каторая таксама мае прывілей на абранне біскупа.
Там у маі 2019 годзе сышоў у адстаўку 77-гадовы кансерватыўны біскуп Вітус Хуондэр. Але ягоны пераемнік быў прызначаны толькі ў сакавіку 2021-га, амаль праз два гады, бо мясцовы катэдральны капітул адрынуў усе тры кандыдатуры ў біскупы, якіх прапанаваў Ватыкан. У выніку Папа асабістым рашэннем прызначыў кіраваць Хурскай дыяцэзіяй Ёзэфа Марыю Бонэмайна, кандыдатуру каторага, як паведамлялася, адхілілі раней праз ягоны ўзрост – 72,5 гады на момант выбараў.
Мечыслаў Гапановіч
