Калядная размова пра футбол і не толькі са святаром-футбалістам Дзянісам Бразінскім

25 снежня католікі па ўсім свеце святкуюць свята Божага Нараджэння. І з гэтай нагоды мы прадстаўляем вам інтэрв’ю з ксяндзом Дзянісам Бразінскім, які з’яўляецца брамнікам футбольнай зборнай беларускіх каталіцкіх святароў, а таксама адданым прыхільнікам футболу.

— Адразу хачу павіншаваць усіх чытачоў pressball.by са святам Божага Наражэння і надыходзячым Новым Годам! Жадаю каб гэты святочны час стаў нагодай для радасці, засяроджання і роздуму над дабрыней і любоўю нашага Збавіцеля. Хрыстос нарадзіўся – славім Яго!

Ксёндз Дзяніс, адразу распавядзіце крушачку пра сябе. Дзе нарадзіліся, чаму вырашылі стаць святаром?

— Сам я нарадзіўся ў Гродне, але вырас і скончыў школу ў Смаргоні. У 17 год пайшоў вучыцца ў гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 2016-м яе скончыў і працаваў у Магілёве, потым тры гады ў лідзскім Фарным касцёле, пасля у гродзенскай катэдры, а пазней у Іўе. І вось зараз амаль месяц працую ў мінскім Архікафедральным касцёле. З дзяцінства мяне цягнула да касцёла, тым больш мае бацькі, бабулі і дзядулі — усе глыбока веруючыя католікі. Карані маёй веры вельмі моцныя.

Зараз католікі святкуюць свята Божага Нараджэння. Раскажыце, калі ласка, традыцыі вашай сям’і і рэгіёна на Каляды.

— Іх шмат. Але ж асноўная, гэта, вядома, вігілійная вячэра ў кругу сям’і, блізкіх. Таксама запрашаюцца суседзі і самотныя людзі. Пад абрус кладзецца сена, гатуецца 12 постных страў, і заўсёды ставіцца адна лішняя талерка, калі нехта зойдзе, каб таго чалавека прыняць. Пасля вячэры ўсе ідуць на св. Імшу. Яшчэ мне бабуля і дзед распавядалі старую традыцыю ў нашай вёсцы на Смаргоншчыне. На Каляды людзі здымалі вароты і недзе хавалі іх, каб іншы чалавек знайшоў. Я не ведаю, што гэта сымвалізуе, але такая традыцыя ёсць. Таксама дзеці, моладзь хадзілі калядаваць. Вучылі вершыкі, спявалі калядныя спевы, апраналіся ў цікавыя адзенні — зорачка, Юзаф, Марыя. І хадзілі віншаваць людзей.

Добра, пяройдзем ад справаў святочных да справаў футбольных. З якога ўзросту Вы захапляецеся спортам нумар адзін?

— Мае футбольныя прыгоды распачаліся пасля чэмпіянату свету 2002 года, калі я глядзеў па тэлебачанні і падтрымліваў зборную Бразіліі. Мне вельмі падабалася гульня бразільца Раналда. І пасля гэтага пачаў цікавіцца футболам, пайшоў у футбольную секцыю. Нас трэніраваў у 2002 годзе малады футбаліст ФК «Смаргонь» Андрэй Шаблінскі. Але хутка ён перайшоў у іншую каманду, і наша группа засталася без трэнера, яе расфарміравалі. Больш я ў спартыўнай школе не займаўся футболам, але пастаянна гуляў у футбол у двары. У нас нават былі спаборніцтвы — адзін двор супраць іншага. І мяне гэта заўсёды вельмі вабіла! Потым, гадоў у 13, я цвёрда вырашыў стаць святаром, але працягваў гуляць з сябрамі ў футбол, вядома ж. Адно другому не пярэчыць.

І з часам вы сталі, скажам так, ксяндзом-футбалістам! Раскажыце, як Вы трапілі ў зборную беларускіх каталіцкіх святароў.

— Яшчэ круцей, я стаў ксяндзом-брамнікам! (смяецца) Так сталася, што мне заўсёды падабалася гульня Ікера Касільяса, яшчэ ў дваровым футболе і школе я станавіўся ў вароты. Калі пайшоў вучыцца ў семінарыю, то там пачаў гуляць на спаборніцтвах паміж курсамі. На другім курсе мяне заўважылі і запрасілі ўжо ў сборную семінарыі. Мы гулялі з факультэтамі розных навучальных устаноў, таварыскія матчы з рознымі прадпрыемствамі.

Заўсёды ў нашай краіне была сборная Беларусі сярод святароў. Таму што праходзіць чэмпіянат Беларусі сярод святароў, калі кожная дыяцэзія выстаўляла сваю каманду. І заўсёды перамагала Гродзенская дыяцэзія, і яна прадстаўляла нашую краіну на чэмпіянаце Еўропы сярод святароў.

Такі чэмпіянат праходзіць кожны год у рознай краіне. І мяне, як і некаторых іншых семенарыстаў, пачалі запрашаць на трэніроўкі зборнай, бралі ў каманду. Але на чэмпіянаты мы тады не маглі ездзіць, бо былі яшчэ семенарыстамі, а не святарамі. Тут можна добрую аналёгію правесці з камандамі вышэйшай лігі і дублёрамі.

А калі я скончыў семінарыю, накіраваўся служыць у Магілёў. І тут я даведаўся, што наша зборная рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы-2017 сярод святароў у Харватыі. Звычайна трэніроўкі праходзілі па панядзелках у Лідзе, у спорткомплексе «Алімпія» пад кіраўніцтвам трэнера Андрэя Багдзевіча. І я амаль кожны панядзелак ездзіў на трэніроўкі з Магілёва ў Ліду, уяўляеце. Святары з маёй каманды могуць гэта пацвердзіць. Гэта было складана, але вельмі хацелася патрапіць на гэты турнір. І дзякуй Богу, мара здейснілася, хаця ў камандзе была вялікая канкурэнцыя сярод брамнікаў. На сённяшні дзень я адгуляў у складзе зборнай чатыры чэмпіянаты Еўропы. Найлепшы вынік быў у 2020-м на чэмпіянате ў Празе. Зборная Беларусі на тым Еўра заняла сёмае месца з 18 каманд.

Цікава…

— Так. Але яшчэ я гуляў і ў Лідскай міні-футбольнай лізе. У 2017 годзе я пераехаў у Гродзенскую дыяцезію і быў напраўлены ў лідскі Фарны касцёл. Я быў вельмі задаволены, што не трэба было ехаць далёка на трэніроўкі. Праз месяц, калі мы пачалі рыхтавацца да чарговага чэмпіянату Еўропы ў Італіі, наш трэнер Андрэй Багдзвіч патэлефанаваў і прапанаваў мне прыняць удзел у Лідскай міні-футбольнай лізе. Я, канешне, даў згоду, у мяне была добрая практыка і падрыхтоўка. У гэтай лізе гуляюць добрыя гульцы, шмат былых футбалістаў. І ліга сама арганізавана вельмі добра, ёй кіруе Яўгеній Арэхва. Есць суполкі ў сацыяльных сетках, дзе ёсць падрабязная інфармацыя пра гэтую лігу. Усё на файным узроўні.

І як вашыя «аднаклубнікі» ставіліся да таго, што з імі гуляе ксёндз?

— У Лідзе вельмі шмат католікоў, і сярод гульцоў было шмат парафіян. Спачатку хлопцы да мяне былі настаўлены пазітыўна, але адчувалася невялічкае аддаленне. Але пазней мы вельмі моцна здружыліся. Здружыліся і з гульцамі іншых каманд. Вядома, па-за футбольнай пляцоўкай, я для іх святар, і яны да мяне з пашанай ставяцца. За час гульні ў лідскай міні-футбольнай лізе, я пахрысціў шмат дзяцей гульцоў, па розных пытаннях яны да мяне звярталіся. Футбол для мяне — гэта камунікацыя з людзьмі, сяброўства. Я магу ім дапамагчы не толькі як святар, які распавядзе Божую навуку, але я магу паспрабаваць быць для гэтых людзей проста сябрам і добрым чалавекам, таварышчам па камандзе.

Яны ведаюць, што я ксёндз, але заўседы размаўляюць «на ты». У нейкіх гульнях, ці трэніроўках, калі я раблю памылку, яны мне могуць, як кажуць у футболе, і «напіхаць», могуць прыкрыкнуць ды праявіць эмоцыі. Гэта ўсё нармальна. Але па-за футболам мы разумеем хто ёсць хто, і ніякіх абразаў не можа быць, камунікуем з вялікай пашанай. Я за час у міні-футбольнай лізе вельмі палюбіў гэтую атмасферу, камандны дух. І калі ў тым годзе турнір адмянілі з-за кавіду, я вельмі сумаваў па футболе. А ў гэтым годзе, я да самага пераезду ў сталіцу, гуляў у міні-футбол у чэмпіянаце Ліды. І вось, спадзяюся, што хутка, і тут у Мінску, я знайду сабе аматарскую каманду…

Вернемся да Еўра сярод святароў. Які ўзровень гэтых спаборніцтваў? Ці ёсць сярод удзельнікаў былыя прафесійныя футбалісты?

— Цягам гадоў узровень расце. Там заўседы ёсць фаварыты — Партугалія, Боснія, Польшча. Ёсць яшчэ каманд дзесяць таксама файнага ўзроўню. Астатнія, каманд шэсць, такія, крыху слабейшыя. Але сутнасць гэтага чэмпіянату не толькі спаборніцтвы, але і сустрэчы. Уявіце сабе, якая атмасфера, калі ў вялікай Праскай катэдры адначасова моляцца 250 святароў з розных краін на лацінскай мове. Гэта аб’ядноўвае, адчуваеш адзінства і моц святарства. І потым пасля св.Імшы ўсе едзем на футбольныя спаборніцтвы.

Былыя прафесійныя футбалісты там ёсць. З тых, каго я асабіста ведаю назаву святара з Косава, які калісьці граў за міні-футбольную зборную сваёй краіны. Потым здарылася траўма, ён завяршыў кар’еру і пайшоў у святары. У камандзе Партугаліі былі былыя футбалісты. Брамнік зборнай Польшчы — былы гулец зборнай Польшчы па гандболе. Увогуле ў камандзе з Польшчы амаль кожны святар граё у аматарскай свецкай камандзе на іх «чэмпіянаце вобласці».

Футбол — гульня даволі небяспечная з пункту гледжання пашкоджанняў. Ці жорстка гуляюць у футбол святары?

— Футбол — гэта кантактны від спорта, і таму заўсёды ёсць эмоцыі і небяспечныя сітуацыі. І святары не выключенне. Усе ў стылі fair play, але мы змагаемся за перамогу! Бываюць і жоўтыя карткі, і чырвоныя, і па нагах могуць ударыць добра, і часам парушэнні правіл могуць быць сур’езныя.

Памятаю, на апошнім чэмпіянаце Еўропы ў матчы з харватамі мне вельмі балюча ўдарылі ў жывот і сіняк сыходзіў тры тыдні. А ў лідскай міні-футбольнай лізе ў мяне былі цікавыя моманты — мячом траплялі мне ў твар і пад вокам быў сіняк. Спачатку людзі думалі «Ой, ксяндза нашага пабілі» (смяеецца), але потым усе даведаліся, што я захапляюся футболам і гэта было на матчы.

Вернемся да беларускіх справаў. Сярод вашых парафіян у розных гарадах было шмат футбалістаў, якія зараз граюць у чэмпіянаце Беларусі?

— Так, канешне, ёсць. Іх шмат, асабліва маладых, і ў Лідзе, і ў маей роднай Смаргоні. У Магілёве быў у мяне такі парафіянін Дзмітрый Маркаў, які абслугоўвае матчы вышэйшай лігі, і не так даўно ў Мінску мы з ім бачыліся. Увогуле, у чэмпіянаце Беларусі гуляе шмат футбалістаў-католікаў.

За чэмпіянатам Беларусі сочыце?

— Так, канешне. Як бы не казалі адносна ўзроўню чэмпіяната, але гэта мой чэмпіянат, наш чэмпіянат. І мы павінны за ім сачыць. Праўда, мінулы год служыў у Іўе, і наведваць стадыён не атрымлівалася. А так і ў Лідзе, і ў Гродне, і ў Магілёве хадзіў на футбол. Мяне вельмі заварожвае атмасферы трыбун.

Каго з футбалістаў чэмпіянату вылучыце?

— Скажу так. Некаторыя футбалісты ў нашым чэмпіянаце прагрэсуюць і некалькі чалавек ужо заслугоўваюць перайсці на новы ўзровень. А з беларускіх футбалістаў, у цэлым, не толькі чэмпіянат, то я вылучу Іллю Шкурына, і думаю, у яго ўсё атрымаецца, жадаю яму ўсяго добрага ў знакамітым кіеўскім «Дынама».

Вы нарадзіліся ў Гордані, але выраслі ў Смаргоні. За якую каманду больш заўзееце: за «Неман» ці ФК «Смаргонь»?

— Цікаўлюся гульней і таго і таго клуба. Але, канешне, падтрымліваю ФК «Смаргонь». Памятаю тыя прыгожыя часы, калі клуб добра фінансаваўся і выступаў у вышэйшай лізе і меў добрыя вынікі. У гэтым сезоне таксама падтрымліваў смаргонскі клуб, але вядома, ім было цяжка. Таму мой родны клуб ФК «Смаргонь».

Але я не скажу, што ў нашым чэмпіянаце заўзею толькі за іх. Раней, мне падабаўся і барысаўскі БАТЭ, я наведваў яго матчы ў Лізе Чымпіёнаў на «Барысаў-Арэне». Таксама мне вельмі імпануюць «Крумкачы». Бачна, што яны жывуць ідэяй, нейкім такім захапленнем.

Па тэлебачанні глядзіце таксама футбол?

— Так. І беларускі футбол гляджу, але ў асноўным Лігу Чэмпіёнаў, чэмпіянаты Еўропы і свету.

Глядзіце дома, ці ў кампаніі сяброў у якім пабе?

— Не, дома. У пабе яшчэ ніколі не глядзеў (смяецца).

Напэўна, калі ваш любімы гулец гэта Ікер Касільяс, значыць, з сусветных клубаў вы заўзееце за мадрыдскі «Рэал»?

— У асноўным, так. Але калі гуляю ў PlayStation ў FIFA, то за «Рэал» ніколі не гуляю. (смяецца) Не люблю гуляць за моцныя каманды.

А чым Вы захапляецеся акрамя футбола?

— Першае маё захапленне — гэта мая святарская дзейнасць і служэнне Пану Богу і людзям. Я люблю вельмі размаўляць з людзьмі, з імі знаёміцца. Другое месца — гэта футбол. Футбол для мяне вельмі важны і я хачу працягваць ім займацца. Далей ідзе музыка. Я сам граю на гітары, люблю розныя стылі музыкі і рок, і рэп. Галоўнае, каб трэк быў якасны.

Люблю падарожжы, ездзіць на аўто на доўгія шляхі, наведваць розныя краіны. Дзякуючы футболу пабываў у чатырох розных краінах. Яшчэ ў семінарыі граў у музычным гурце “Ave”, нават альбом запісалі. Гралі такі лёгкі рок і, дзякуючы музычнай дзейнасці ў семінарным гурце, таксама паездзіў па іншых краінах. Я праўда ніколі не вучыўся ў музычнай школе і сам навучыўся граць на гітары і сінтэзатары.

Вось, Вы распавялі што шмат якія каталіцкія святары граюць у футбол, праводзяцца спаборніцтвы. А ці граюць манашкі ў жаночы футбол?

— Не, вось такога яшчэ не бачыў. Сярод сясцёр законных я не ведаў яшчэ ні адной футбалісткі.

А як увогуле вашае стаўленне да жаночага футболу?

— Вельмі пазітыўнае. Бог стварыў мужчыну і жанчыну і надаў адналькавыя правы адносна жыцця, развіцця сваіх здольнасцяў, талентаў. У мяне ёсць знаёмыя, таксама каталічкі, якія займаліся футболам і дасягалі поспехаў. Некаторыя з тых дзяўчын працуюць трэнерамі, або футбольнымі арбітрамі.

Апошняе пытанне. Навошта Пан Бог прыдумаў футбол?

— Я не сказаў бы, што Пан Бог наўпрост прыдумаў футбол. Пан Бог стварыў свет і чалавека, і даў чалавеку ўладу над усім стварэннем. Вядома, што пад уплывам Божай ласкі, чалавек дайшоў да таго, каб з’явілася такая прыгожая гульня, як футбол. Бог дазволіў гэта. Бог любіць чалавека і футбол гэта вельмі добрая рэч, у якой ёсць ўсё, і спартыўны момант, і спатканне, і адзінства. Бо футбол аб’ядновае людзей незалежна ад іх ўзросту, пола, веравызнання, нацыі і колера скуры. Усе любяць і захапляюцца футболам. Тым больш, вядома, што і Папа Францішак вельмі любіць футбол, яго любімая каманда аргентынскі «Сан-Ларэнса», і ўвогуле Каталіцкі Касцёл добра ставіцца да гэтай гульні.

Мікіта Пастухоў, pressball.by

для друку для друку