Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Калі адзін азначае тры

011__Trojcy_PrzenajswietszejУрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы заахвочвае нас задумацца над галоўнай таямніцай хрысціянскай веры — таямніцай Бога адзінага ў трох Асобах — Айца, Сына і Духа Святога. Нам часта спадарожнічае вера ў гэтую таямніцу, паколькі мы выяўляем яе тады, калі робім знак крыжа.

Калі ж мы пачынаем удзельнічаць у жыцці Святой Тройцы? Тады, калі атрымліваем хрост у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Наказ навучаць і хрысціць усе народы апосталы атрымалі ад Хрыста. Гэтая місія працягвае выконвацца ў хрысціянскіх супольнасцях да сённяшняга дня.

Якая ж гэта велічная таямніца Бога адзінага ў Тройцы? Яе ўзнёсласць мы можам убачыць на знакамітай іконе Андрэя Рублёва, якая адлюстроўвае галоўны дагмат хрысціянскай веры. На ёй Бог Айцец, Сын і Дух Святы прадстаўлены ў вобразе трох анёлаў.

Усё, што мы кажам пра Тройцу, можа падавацца нам далёкім ад нашага жыцця. Што мае супольнага гэтая праўда з маімі праблемамі? Не знаходзячы адказу на гэтае пытанне, мы пакідаем Бога Адзінага ў Тройцы толькі ў рэлігійнай сферы нашага існавання. Тады мы ўспамінаем пра Бога ў час механічнай малітвы, якой не хапае агню Духа Святога. Нічога дзіўнага, што ў такой сітуацыі мы не можам заўважыць Божую руку ў нашай штодзённасці.

Выпрошваць у Бога, каб Ён толькі выканаў нашыя планы, азначала б асмельвацца думаць, што мы лепш за нашага Нябеснага Айца ведаем, што нам патрэбна. Таму той жыццёвы выбар, які зроблены па-за Тройцай, заўсёды становіцца прычынай уласнай незадаволенасці. Можа, гэты выбар паўтараўся так часта, што мы прызвычаіліся да пачуцця неспакою, які з ім звязаны? Можа, такі чалавек забыў, якой прыгожай можа быць яго душа — душа, якая не мае граху?

Той, хто не можа знайсці сэнс свайго жыцця, няхай паглядзіць на Хрыстовы крыж. На крыжы Ён памёр не бяздумна, а свядома ахвяраваў сваё жыццё. Крыжовая ахвяра паўтараецца ў час Імшы (Эўхарыстыі). Нездарма ў цэнтры ўзгаданай ужо іконы Рублёва знаходзіцца келіх, які з’яўляецца сімвалам эўхарыстычнай ахвяры. Той, хто Сам стаў ахвярай, вучыць нас жыць не толькі для сябе і такім чынам вызваляцца з палону ўласнага эгаізму. “Я баяўся паміраць для іншых” — ці ж гэта не тыя словы, якія мы можам сказаць на кожнай споведзі?

кс. Кірыл Бардонаў, ng.sb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі