
Таццяна паходзіць з в. Налібокі, парафіі Унебаўзяцця НПМ. Зараз жыве ў Мінску, належыць да парафіі св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ. Замужам, мае дзвюх дачок
Таццяна Мазун – дыпламаваная мастачка, якая ў мінулым годзе вырашыла змяніць напрамак сваёй творчасці і заняцца пісаннем абразоў. І не памылілася. Мы разважаем з ёй пра тое, наколькі папулярны і выгадны сёння іканапіс. А таксама, чаму сучаснага мастацтва цураюцца ў Касцёле і як гэта змяніць.
– Вашая майстэрня носіць цікавую назву – “Ярына”. Што яна азначае?
– Калі я разважала над назвай, хацелася, каб гэта было штосьці традыцыйнае, звязанае з беларускім народам, з нашай мовай. І тады я пачала ўзгадваць слоўнік блізкага да майго сэрца дзядулі Валянціна. “Ярыну” пачула менавіта ад яго. Праверыла дакладнае значэнне слова. Дык вось “ярына” – гэта маладыя ўсходы збожжа, якія сеюцца ранняй вясною. І для таго, каб яны пачалі прыносіць добры плён, неабавязкова сеяць іх ва ўрадлівую зямлю. Разам з тым яны ўмудраюцца вельмі хутка ўзрастаць і быць нароўні са збожжам з добрай зямлі. Вось так і з маёй справай. Шмат хто лічыў, што з гэтага нічога не выйдзе, што гэта не модна і не запатрабавана нават сярод сучасных вернікаў…
– То бок, Вы ўсведамлялі, што сёння пісанне абразоў можна аказацца бессэнсоўнай справай, але вырашылі рызыкнуць. І як з даходам? Ці магчыма ўтрымаць сябе?
– Пакуль я стартавала, была амаль на нулі. Тое, што пісала, раздавала як падарункі. Калі пачала прадаваць, то на старонцы майстэрні ў Instagram пад кожным абразом ставіла цэннікі, гэта нечакана выклікала агрэсію з боку людзей. Мне пісалі, што працы не вартыя “такіх грошай”. Я ўражлівая, таму цэннікі прыбрала. І стала прасцей. Да мяне пачалі звяртацца людзі, якія сапраўды разумелі, ці патрэбны ім абраз і для чаго. Колькасць тых, хто пісаў, каб паспрачацца і пры гэтым нічога не набыць, зменшылася. На сённяшні момант маю замову за замовай. Пішу адзін абраз, і заўсёды два чакаюць у чарзе. Нават дамовілася з дзвюма парафіямі, каб прадаваць пры касцёлах. Справа ўдаецца. Такога выніку я дасягнула хутка, усяго за год. Таму жаліцца няма на што.
Адзінае, час ад часу спалучаю гэтае рамяство з аказаннем цырульніцкіх паслуг. У мяне добра атрымліваецца, я мела пастаянных кліентаў, якіх да сёння не хачу пакідаць. Я маю пашкоджаную пасля аварыі спіну, і стрыгчы з кожным годам станавілася ўсё складаней. Пісанне абразоў стала для мяне выратавальным колам.
– Што паслужыла галоўным штуршком да абрання іканапісу ?
– Ведаеце, думкі пра тое, каб пісаць абразы, мяне наведвалі часта. І калі я была студэнткай мастацкага вучылішча, і калі падпрацоўвала катэхеткай і малявала дэкарацыі для заняткаў з дзецьмі. Аднак я гэтыя думкі адштурхоўвала, бо, па-першае, мне падавалася, што пісаннем абразоў могуць займацца толькі асабліва прысвечаныя Богу людзі. Па-другое, я не ведала, дзе гэтаму навучыцца: каталіцкіх устаноў іканапісу ў Беларусі няма.
У выніку я вырашыла патэлефанаваць у праваслаўную майстэрню. Мне адказалі, што калі я каталічка, то навучацца ў іх не магу. Я разгубілася і падумала, што гэта канец маёй мары. Праз нейкі час, працуючы катэхеткай у братоў-капуцынаў у Мінску, пазнаёмілася з манахам, які навучаўся пісанню абразоў менавіта ў праваслаўнай майстэрні, але іншай. Пры яго садзеянні туды трапіла і я. Паўгода ездзіла ў майстэрню кожныя выхадныя, усё яшчэ ўспрымаючы гэты занятак больш як хобі. Аднак Бог захацеў для мяне іншага.
У адзін месяц вакол мяне ўсё пачало рушыцца. Я страціла дзве працы, расчаравалася ў многіх блізкіх людзях, мне пачалі надакучваць дэпрэсіўныя станы. Я не разумела, што рабіць далей. Трапіла на Ігнацыянскія рэкалекцыі – патрывала ў маўчанні, памалілася. Яны і далі мне моц, адкрытасць, натхненне. Там я вырашыла, што займуся пісаннем абразоў прафесійна.
– У чым асаблівасць Вашага іканапісу?
– Звычайна абразы пішуць на іконных дошках або палотнах. Я люблю пісаць па дрэве. Выбіраю кавалак з трэшчынай, сукаватасцю. Крыху зачышчаю, але не прыбіраю цалкам гэтыя недасканаласці, не зашліфоўваю. Абраз, выява, фарба – яны і так лягуць на паверхню. А праз іх будзе праглядацца структура матэрыялу. Калі правесці пальцам, можна заўважыць валокны спілаванага дрэва. Разам з тым яно дае цеплыню і пах: такога не адчуеш, калі трымаеш абраз на дошцы ці палатне. І мяне зачароўвае гэтая прыродная натуральнасць, адсутнасць штучнасці.
Перад тым, як сесці за напісанне абраза, я таксама практыкую гадзінную медытацыю над Словам Божым, пішу абраз у поўнай цішы і засяроджанасці. Да кожнай замовы стаўлюся шчыра і аддана.
– А што звычайна замаўляюць кліенты?
– Часта Марыю са Святыя Духам – Маці Божую з голубам у руках. Нядаўна па просьбе спадарыні арганісткі з Івянца пісала св. Кацярыну Сіенскую: яна прэзентуе яе на юбілей сваёй сяброўцы Кацярыне.
– Як бы Вы апісалі стыль, у якім ствараеце абразы?
– Я працую ў кананічным стылі, тым, што мне далі ў праваслаўнай майстэрні. Аднак кананічны стыль – гэта не толькі пра Царкву. У Касцёле ён таксама выкарыстоўваецца. Толькі ў нас няма такой моцнай зваротнай перспектывы, а ў праваслаўным напісанні яна абавязковая: найбліжэйшая да гледача выява вузкая, а далейшая – шырокая. Могуць існаваць і іншыя нязначныя адрозненні. Памятаю, як у майстэрні пэўная дзяўчына пісала Марыю і прасіла настаўніка паправіць ёй вусны, якія атрымліваліся больш каталіцкімі, чым праваслаўнымі.
– Як Вы ўвогуле пачалі займацца мастацтвам?
– Я расла ў вёсцы, дзе мела толькі ўрок малявання ў 5-7 класах, але прагнула даведацца пра гэта больш. У 15 гадоў паступіла ў Мірскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае мастацкае вучылішча на профіль “Мастак роспісу па дрэву і інкрустатар саломы з элементамі саломапляцення”. На экзаменах я зразумела, што ў напрамку мастацтва мяне вядзе Божая рука. Паступаць я прыехала з адным алоўкам і ласцікам, што набыла ў вясковым кіёску. Вакол мяне сядзелі падлеткі з алоўкамі розных цвёрдасцей і мальбертамі, якія я ўбачыла ўпершыню. Я шчыра не ведала, для чаго яны. Назірала, што робяць з імі абітурыенты, і намагалася паўтарыць маніпуляцыі. Каб паступіць, трэба было здаць малюнак простым алоўкам. У пэўны момант да мяне падышоў настаўнік і ўпотай пачаў дапамагаць. А я малявала, як умела, і дзякавала Госпаду, што знайшоўся такі добры чалавек. Тады я не зразумела, чаму ён мне пасадзейнічаў. Толькі будучы студэнткай, у размове з аднакурснікам даведалася, што настаўнік павінен быў дапамагчы яму па “дамоўленасці”. Аднак з-за сугучнасці нашых прозвішчаў пераблытаў. Вось так я прайшла на адну з самых прэстыжных на той момант прафесій.
– Таццяна, звяртаючыся да сучаснага мастацтва, ці пагодзіцеся Вы, што сёння ў касцёлах яно амаль адсутнічае? Калі паўстае новая святыня, ва ўнутраным дэкоры святары аддаюць перавагу фігуратыўнасці, нават кітчу. Чаму так, як думаеце?
– Гэта даніна традыцыі. Часта ў Касцёле, калі ўзнікаюць нейкія дыскусійныя пытанні, нават не на мастацкую тэму, то іх вырашэнне разбіваецца аб просты адказ: не, бо традыцыя. Яе сапраўды трэба шанаваць, але я не згодная з тым, што яе трэба заўсёды захоўваць.
Разам з тым, калі вернікамі рухае толькі традыцыя, то і яны не будуць шукаць ані глыбейшых сэнсаў, ані новых формаў. Памятаю, мае продкі часам вымаўлялі завучаныя малітвы, не разумеючы іх сэнсу. А сваю бабулю я так і не змагла пераканаць, што Марыя была габрэйкай, а не полькай.
– Касцёл прапануе сэнс, а сучаснае мастацтва валодае адпаведнай мовай. Іх супрацоўніцтва магло б прыносіць добры плён: напрыклад, заваёўваць маладыя сэрцы. Як яго наладзіць?
– Гэта павінна пачынацца з творчых майстэрняў пры парафіі, якія праводзіў бы мастак. Сёння існуе шмат курсаў, калі прыходзіш, нават не ўмеючы маляваць, пад кіраўніцтвам настаўніка пішаш карціну і забіраеш яе з сабой. Мая мара – арганізаваць такія ж, толькі хрысціянскія. На жаль, на дадзены момант я сутыкнулася з тым, што ў нашай краіне гэта вельмі складана аформіць. У такіх майстэрнях можна было б ствараць розныя ўзроўні. Пісанне абразоў было б выкладаць для дзяцей, пасля – для падлеткаў. Калі б гэта адбывалася пры парафіях, прыходзілі б хлопцы і дзяўчаты – вернікі. Іх маладыя ідэі ішлі б у патрэбным напрамку. Такім чынам быў бы закладзены пачатак, затым можна было б атрымаць вышэйшую мастацкую адукацыю. Упэўненая, праз дзесяцігоддзе гэта дало б плён.
– Сучасны хрысціянскі мастак, ён які?
– Гэта чалавек, які глыбока верыць, які ў стане малітвы, які дазваляе Святому Духу весці сябе. І які адкрыты на новае.
Ангеліна Марцішэўская
