Юбілейны конкурс каляднай песні прайшоў у Мёрах (+відэа)

Распачынаць новы год з праслаўлення Хрыста Нованароджанага на фестывалі “Зорка Бэтлеема” – добрая шматгадовая традыцыя. А 2025 год стаў асаблівым.  Трэцяга студзеня ўжо 20 раз мёрскі дом культуры збіраў гасцей з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі.

На пачатку конкурсу прысутных прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён нагадаў як анёлы першыя абвясцілі нараджэнне Езуса Хрыста радасным спевам, а сёння прысутныя маюць магчымасць праз свае таленты заспяваць “Хвала на вышынях Богу” і яшчэ  раз перажыць гэтую радасную падзею. Пасля біскуп Алег удзяліў пастырскае благаслаўленне.

Таксама прывітальнае слова да ўдзельнікаў фестывалю скіравала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мёрскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Васільеўна Ашурка.

Вядучыя запрасілі гледачоў успомніць гісторыю фестывалю “Зорка Бэтлеема”, паглядзеўшы кароткі відэаролік.

Удзельнікамі конкурса ў 2025 годзе сталі творчыя калектывы з Полацка і Наваполацка, Варапаева і Паставаў, Глыбокага і Мёраў.

Таленавітыя дзеці і моладзь спявалі калядкі на беларускай, рускай і польскай мовах, а таксама аздаблялі нумары самымі рознымі музычнымі інструментамі. Прысутныя пачулі гукі скрыпкі і цымбалаў, гітары і фартэпіяна, флейты, акардэона і нават трубы.

Сапраўдным упрыгожваннем нумароў сталі харэаграфічныя пастаноўкі ад прадстаўніц Глыбоцкай парафіі.

Пасля завяршэння конкурснай праграмы наступіў час напружанай працы для журы. Яны вызначалі пераможцаў у трох узроставых катэгорыях: малодшая (да 8 гадоў), сярэдняя (9-12 гадоў) і старэйшая (13-17 гадоў) па намінацыях: сола, гурт, інструментальная творчасць.

У гэты час удзельнікі фестывалю былі запрошаныя падмацавацца смачным печывам і кавай, якія гасцінна прапанавалі гаспадары мёрскай парафіі. А каб ніхто не сумаваў і не хваляваўся, моладзь з парафіі Святога Арханёла Міхала з Варапаева разам з с. Марыянай Гроць падрыхтавалі ўсім знаёмыя і новыя інтэграцыйныя танцы.

Святочны настрой цудоўнымі музыкальнымі творамі падтрымалі ўдзельнікі інструментальнага ансамбля выкладчыкаў Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў.

Настаў момант узнагароджвання. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом і падарунак ад спонсараў фестывалю: Нацыянальнага Дабрачыннага таварыства “Карытас” і Дабрачыннага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, а таксама парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах.

Дыпломы 3 ступені атрымалі

  • ў намінацыі «Гурт»: дзеці з парафіі Святой Тройцы, г. Глыбокае;
  • ў намінацыі «Сола»: Ермакова Валерыя з парафіі Святога Андрэя Баболі, г. Полацк;
  • ў намінацыі «Інструментальная творчасць»: Грынкевіч Вікторыя з парафіі Святога Андрэя Баболі, г. Полацк, Кунцэвіч Анастасія і Шокель Анастасія з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мёры.

Дыпломы 2 ступені атрымалі

  • ў намінацыі «Гурт»: Дашкевіч Назар і Дашкевіч Вераніка з парафіі Святога Андрэя Баболі, г. Полацк; гурт моладзі з парафіі Святой Тройцы, г. Глыбокае;
  • ў намінацыі «Сола»: Вольга Бондар з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мёры; Аляксандра Шырокая з парафіі Святога Антонія Падуанскага, г. Паставы; Казаровец Ульяна з парафіі Святога Арханёла Міхала, г. Варапаева;
  • ў намінацыі «Інструментальная творчасць»: Чарняўская Варвара і Мацур Вавара, Мёрская школа мастацтваў;

Пераможцамі конкурсу журы прызнала

ў намінацыі «Гурт»:

  • Паліна Сіняўская і Андрэй Петрашоў з парафіі Святой Тройцы, г. Глыбокае;
  • гурт «Зорачкі» з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г.Мёры;
  • гурт «Званочкі» з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г.Мёры;

ў намінацыі «Сола»:

  • Падзява Дана, з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г.Мёры;
  • Кунцэвіч Анастасія з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г.Мёры;
  • Дзіяна Раманчук, з парафіі Святой Тройцы, г. Глыбокае;
  • Мазынская Кацярына з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, г. Наваполацк

ў намінацыі «Інструментальная творчасць»:

  • Артур і Аркадзій Рабкоўскія з парафіі Святой Тройцы, г. Глыбокае;
  • Мазынская Кацярына з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, г. Наваполацк.

Напрыканцы да прысутных звярнуўся пробашч парафіі і галоўны арганізатар фестывалю ксёндз Андрэй Кулік. Ён падзякаваў усім за адкрытыя сэрцы і клопат аб падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю. Таксама ксёндз Андрэй запрасіў гасцей на смачны абед.

 

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, вялікі фотарэпартаж тут>>
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку