27 верасня 2025 года завяршылася пілігрымка марыянскіх парафій Беларусі ў Рым з нагоды Юбілейнага года. Каля 250 вернікаў з Мінска, Барысава, Оршы, Жодзіна і іншых гарадоў разам са сваімі пастырамі прайшлі праз Святыя Брамы папскіх базілік.
Пераадолеўшы каля трох тысяч кіламетраў і нягледзячы на лагістычныя цяжкасці, выкліканыя сітуацыяй на мяжы з Еўрасаюзам, першымі ў Рым прыбылі дзве групы пілігрымаў з мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на чале з айцамі Канстанцінам Анашкам і Вадзімам Мізерам.
Праз некалькі дзён Вечнага горада дасягнула пілігрымка з барысаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі на чале з айцом Паўлам Федаровічам. Затым візіт да парогаў апосталаў здзейснілі вернікі аршанскай парафіі святога Юзафа з айцом Міхаілам Цвячкоўскім і жодзінскай парафіі Маці Божай Фацімскай з айцамі Яўгенам Мельнікам і Віталіем Даніловічам.
Аўтобусы з пілігрымамі вырушылі з Беларусі ў розныя дні, але сувязь паміж імі не перарывалася на працягу ўсяго падарожжа – як тэлефонная, так і духоўная. Было бачна, як пастыры і вернікі з розных груп перажывалі адзін за аднаго, абменьваліся парадамі і каштоўнымі ўказаннямі.
Пілігрымка ўключала наведванне розных гарадоў, у тым ліку такіх важных для еўрапейскай каталіцкай цывілізацыі месцаў, як Чэнстахова, Вена, Падуя і Асізі. Аднак галоўнай мэтай быў Рым з яго велічнымі хрысціянскімі святынямі, што ў Юбілейны год запрашаюць прайсці праз Святыя Брамы.
Кульмінацыйным момантам для кожнай групы стаў візіт у Базіліку Святога Пятра ў Ватыкане. Шлях да Святой Брамы гэтага храма пілігрымы прайшлі з адмысловым Юбілейным крыжам – з малітвай і спевам на вуснах, з бачным у вачах жаданнем атрымаць ласку, якой Касцёл шчодра адорвае ў Святы год.
Уласцівая католікам з Беларусі пабожнасць выклікала відавочнае захапленне ў пілігрымаў і турыстаў з іншых краін: зладжаны спеў, шчырая супольная малітва, здольнасць з пакорай і ў маўчанні схіляць калені перад святынямі – такое сведчанне веры не пакідала раўнадушнымі многіх людзей, што было відаць па іх позірках і радасных вітаннях.
Наведванне ватыканскай базілікі для многіх пілігрымаў стала сапраўдным духоўным досведам: адны прыступілі да сакрамэнту споведзі, іншыя – прысвяцілі час малітве ля магіл святых. Важным момантам для вернікаў з марыянскіх парафій стала таксама знаёмства з мастацкай спадчынай, якая дапамагае яшчэ глыбей асэнсаваць ролю Багародзіцы ў гісторыі Збаўлення.
На заканчэнне пілігрымкі ўсе яе ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы за подпісам арцыбіскупа Рына Фізікелы, прапрэфекта Дыкастэрыі па евангелізацыі. Гэтыя пасведчанні ўдзелу ў Юбілеі 2025 года напэўна застануцца дарагой памяццю і будуць перадавацца ў сям’і з пакалення ў пакаленне.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
