У публіцыстычных артыкулах і тэлеперадачах, прысвечаных гісторыі Заходняй Беларусі, нярэдка можна сустрэць сцвярджэнне, што польскія ўлады забралі ў праваслаўных каля 300 цэркваў (некаторыя аўтары называюць лічбу 1.300) і перарабілі іх на касцёлы. Калі чытач або глядач не ведае гістарычнага кантэксту і папярэдніх падзей, у яго можа скласціся ўражанне, што ўлады ўчынілі вялікую несправядлівасць супраць праваслаўных, а на карысць католікаў.
Каб зразумець, што ў абсалютнай большасці выпадкаў гэта было не так, варта прыгледзецца да гісторыі адной з тых святыняў, якая рашэннем польскіх уладаў у 1919 годзе з царквы стала касцёлам.
Дунілавічы – адно з самых старых мястэчак нашага рэгіёна і адзін з самых старых цэнтраў каталіцтва.
Каталіцкая парафія існавала там ужо ў канцы XV стагоддзя. У 1683 годзе ўладальнікі Дунілавічаў – харунжы вялікі літоўскі Кшыштаф Белазор і яго жонка Эльжбета з дому Долмат-Ісайкоўская – ахвяравалі частку свайго маёнтка ордэну дамініканаў. Манахам сталі належаць вёскі Хрыстова і Пераслега. Дамінікане пабудавалі ў Дунілавічах кляштар і новы касцёл, а ў 1685 годзе Эльжбета Белазор ахвяравала святыні абраз Маці Божай, які паходзіў з Фларэнцыі і быў падарункам віленскага біскупа Мікалая Паца. Гэты абраз у хуткім часе стаў вядомы як цудадзейны (да нашага часу ён захаваўся ў дунілавіцкім касцёле).
Першы дамініканскі касцёл у Дунілавічах быў драўляны. Гэтаксама драўляным быў і парафіяльны касцёл. Дзве святыні ў мястэчку былі, бо ў той час манахі, як правіла, не займаліся парафіяльным душпастырствам. У 1769 годзе дамінікане пабудавалі ў мястэчку новую мураваную святыню ў распаўсюджаным у той час стылі віленскага барока. У 1778 годзе яе асвяціў біскуп Фелікс Тавянскі. Дамінікане ў 1782 годзе праводзілі ў Дунілавічах парафіяльныя місіі, у 1796 годзе мелі школу, акрамя таго праводзілі ўрачыстыя набажэнствы ў гонар Маці Божай.
Пасля таго, як у 1793 годзе Дунілавічы трапілі ў склад Расійскай імперыі, Касцёл пачаў сутыкацца з абмежаваннямі. У 1830-х царскія ўлады абмяжоўваюць прыняцце новых кандыдатаў у манаскія ордэны. У 1839 годзе грэка-каталікоў прымусова пераводзяць у праваслаўе. У 1842 годзе у дунілавіцкага кляштара адбіраюць маёнтак. Духоўныя ўлады засноўваюць у Дунілавічах новую парафію, цэнтрам якой становіцца дамініканскі касцёл.
Пасля паразы паўстання 1863 года царскія ўлады пачынаюць новую хвалю рэпрэсій і абмежаванняў супраць каталіцтва. У 1866 годзе былы дамініканскі касцёл у Дунілавічах забіраюць і перадаюць праваслаўным. Новы праваслаўны прыход быў нешматлікі, але пры фінансавай дапамозе расійскіх уладаў касцёл перабудавалі: надбудавалі купалы-“цыбуліны” і ўсталявалі візантыйскія крыжы замест лацінскіх.
Тым часам у Дунілавічах працягваў дзейнічаць драўляны парафіяльны касцёл, асвечаны ў 1776 годзе. Ён стаяў насупраць дамініканскага, на месцы, дзе цяпер могілкі польскіх вайскоўцаў. Колькасць парафіянаў да канца ХІХ стагоддзя дасягнула 6.000. Калі ў 1890 годзе касцёл згарэў, царскія ўлады не дазволілі адбудаваць яго на тым самым месцы, матывуючы гэта тым, што ён знаходзіўся б насупраць царквы. Таму давялося будаваць касцёл на новым месцы, за мястэчкам.

Касцёл святога Міхала Арханёла ў Дунілавічах, пабудаваны ў 1894 годзе на ўскраіне мястэчка, які выконваў функцыю парафіяльнага. Фота каля 1902 года.
Неўзабаве пасля таго ўлады Расійскай імперыі зменшылі ціск на Касцёл.
З 1897 года стала значна лягчэй атрымаць дазвол на будаўніцтва або рэканструкцыю касцёлаў.
У 1905 годзе цар Мікалай ІІ выдаў указ, паводле якога падданыя маглі пераходзіць з праваслаўя ў іншыя канфесіі. У ваколіцах Дунілавіч перайшлі ў каталіцтва сотні праваслаўных, чые продкі да 1839 года былі грэка-католікамі. Напрыклад, перайшлі ў каталіцтва ўсе жыхары вёскі Завараты. Католікі з Дунілавічаў сталі нават спрабаваць дабіцца вяртання ім забранага касцёла. Царскія ўлады на гэта не згадзіліся. Але ў хуткім часе адбыўся шэраг войнаў і рэвалюцый, якія спынілі існаванне Расійскай імперыі. З кастрычніка 1915 да лютага 1918 года ў недалёкіх Паставах стаяў расійска-нямецкі фронт, потым у Дунілавічы прыйшлі немцы, у снежні 1918 года – бальшавікі, а ў жніўні 1919 года – польскія войскі. Праз некалькі месяцаў у Дунілавічах адбылася падзея, пра якую распавядае мясцовы аўтар на старонках тыднёвіка “Ziemia Wileńska” №4 за 1920 год. Працытуем гэты допіс: “Дунілавічы былі сведкам незвычайна шматлікага з’езда 14 снежня мінулага года. Каля 15.000 навакольных жыхароў з’ехаліся на даўно чаканы момант асвячэння падамініканскага касцёла ў Дунілавічах. Ад 1866 года заменены на праваслаўную царкву, у дзень 10 снежня зноў перайшоў у валоданне каталіцкага духавенства. Каталіцкае насельніцтва яшчэ перад вайной рабіла старанні ў расійскага ўрада аб вяртанні касцёла, а потым у немцаў, а таксама ў бальшавікоў. Найцяжэйшы перыяд прайшлі католікі ў бальшавіцкія часы, калі старанні пра вяртанне касцёла закончыліся сапраўдным бедствам. Бальшавіцкая “чрезвычайка”, хоць прызнала касцёл каталіцкім спецыяльным пратаколам, але замест таго, каб яго вярнуць, загадала арыштаваць усіх 12 сяброў касцельнага камітэта, а потым выдала прысуд, паводле якога ўсе мелі быць расстраляныя. Гераічныя сябры амаль цудам ацалелі, але хутчэй згадзіліся б памерці, чым здрадзіць справе даверанага сабе касцёла. У дзень 10 снежня 1919 года нарэшце польскі ўрад здзейсніў справядлівасць і праз 53 гады вярнуў касцёл законным уладальнікам, абапіраючыся на сур’ёзныя гістарычныя дакументы. Радасць была нечуваная. Незнаёмыя людзі паціскалі адно аднаму рукі, цалаваліся і чуваць быў плач радасці. На асвячэнні касцёла было прысутных 12 ксяндзоў, і толькі дзясятая частка вернікаў магла змясціцца ў касцёле.

Касцёл у Дунілавічах, перароблены на царкву. На даху святыні бачныя “цыбуліны” з візантыйскімі крыжамі. Фота каля 1902 года.
На працягу трох дзён быў зменены знешні і ўнутраны выгляд, і царква зноў стала былым дамініканскім касцёлам. Праваслаўнае насельніцтва прыняла з поўным спакоем рашэнне ўраду, бо ніхто тут не сумняецца ў каталіцкім паходжанні касцёла. Цяпер, здаецца, найбольш пажаданай рэччу было б, каб айцы-дамінікане, якіх вельмі добра ўспамінае насельніцтва, прынялі зноў у валоданне сваю старую святыню. Пасля ўрачыстасці асвячэння касцёла сабранае на рынку насельніцтва ўхваліла прапанову скіраваць да Кіраўніка Дзяржавы адозву з падзякай…”
Да 1930 года былы дамініканскі касцёл меў статус філіяльнага ў Дунілавіцкай парафіі. Потым ён зноў стаў цэнтрам парафіі. Драўлянаму касцёлу, які з 1894 года стаяў на ўскраіне мястэчка, вернікі знайшлі іншае прымяненне: яго разабралі і перанеслі ў Варапаева, дзе адчувалася патрэба заснавання каталіцкай святыні. 5 студзеня 1935 года касцёл у Варапаеве асвяціў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

Касцёл святога Міхала Арханёла ў Варапаеве, пабудаваны з матэрыяла з разабранага драўлянага касцёла ў Дунілавічах. Фота 30-х гадоў ХХ стагоддзя.
Праз некаторы час вернікі Дунілавічаў зноў страцілі святыню. У 1948 годзе пробашч кс. Чэслаў Кардэль быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі, а касцёл зачынілі і ператварылі ў калгасны склад. У 1989 годзе ў час гарбачоўскай “перабудовы” вернікі дабіліся ад савецкіх уладаў вяртання касцёла.
Першую Імшу адслужыў 12 жніўня 1989 года ксёндз Уладзіслаў Блін, пазнейшы біскуп.
Коштам вялікіх высілкаў і ахвяраванняў святыня была адрамантаваная. 1 лістапада 1992 года на фасадзе касцёла ўсталявалі шыльду з надпісам: “Удзячныя Богу і заступніцтву Марыі за свабоду рэлігіі і Касцёла, за тое, што мінулі часы бяспраўя, прыніжэння і руйнавання гэтай святыні 1945-1990, узносім гэты камень для нашчадкаў, каб, трываючы пры Богу, дбалі пра яе і баранілі яе нават да аддання свайго жыцця”.

Будынак зачыненага касцёла ў Дунілавічах у час савецкай камуністычнай улады, 60-я гады ХХ стагоддзя.
Гісторыя касцёла ў Дунілавічах паказвае тое, што і будынкі святыняў, і рэлігійная традыцыя, і Хрыстовае Евангелле больш трывалыя за ўлады, якія змагаюцца з Касцёлам. Бо Езус сказаў, што “брамы пякельныя не перамогуць Касцёл” (Мц, 16, 18).
Кастусь Шыталь
