Чаму розныя хрысціяне часам святкуюць святы ў розныя дні? Як узніклі «каталіцкія» і «праваслаўныя» Божае Нараджэнне ды Вялікдзень? Ці сапраўды гэта такія ўжо розныя даты? І наколькі гэта ўвогуле невырашальнае пытанне?
З часоў Рымскай імперыі хрысціянскія цэрквы карысталіся адзіным юліянскім календаром, каторы яшчэ да нашай эры ўвёў усім вядомы Гай Юлій Цэзар. Але ў ім была памылка, у выніку якой даты календара пачалі адставаць ад прыроды. У прыватнасці, пачала змяшчацца дата вясновага раўнадзенства, ад чаго залежыць вылічэнне Вялікадня. У XVI стагоддзі розніца паміж рэальным і каляндарным раўнадзенствамі складала ўжо дзесяць дзён.
Каб выправіць гэта, Папа Рымскі Грыгорый XIII у 1582 годзе ўвёў у дзеянне новы каляндар, які ў гонар яго атрымаў назву “грыгарыянскага”. Тады ў каталіцкім свеце пасля 4 кастрычніка наступіла 15 кастрычніка. Гэтым календаром увесь свет, акрамя шэрагу краін Азіі і Афрыкі, карыстаецца і да сёння. Але не ў каталіцкіх краінах яго ўвядзенню доўга супраціўляліся. Вялікая Брытанія, напрыклад, перайшла на яго ў 1752 годзе, а Расія – у 1918-м.
Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла і Беларусь, увяла грыгарыянскі каляндар яшчэ ў 1582 годзе.
Але вернікам праваслаўнай, уніяцкай (грэка-каталіцкай) і пратэстанцкіх цэркваў было дазволена захоўваць у богаслужэнні юліянскі каляндар. Апошні, дарэчы, зноў быў уведзены ў Беларусі як афіцыйны пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Тым часам юліянскі каляндар працягваў назапашваць памылку. У ХХ стагоддзі ён адставаў ад грыгарыянскага на трынаццаць дзён, а з ХХІI стагоддзя розніца складзе ўжо чатырнаццаць дзён.
Як гэта выглядае на практыцы? Даты галоўных святаў у хрысціянскіх цэрквах адзначаюцца ў адзін дзень, напрыклад, Божае Нараджэнне і ў католікаў, і ў праваслаўных – 25 снежня. Але з прычыны розніцы календароў 25 снежня паводле юліянскага календара прыпадае на 7 студзеня паводле грыгарыянскага. У штодзённым маўленні гэта называецца адпаведна «новы стыль» і «стары стыль». Праз 80 гадоў, калі памылка дадасць яшчэ адзін дзень, «юліянскае» Божае Нараджэнне перамесціцца яшчэ далей – на 8 студзеня ў грыгарыянскім календары.
Новаюліянскі каляндар
Каб вырашыць гэтую праблему, праваслаўныя цэрквы ўвялі свой новаюліянскі каляндар, у якім даты нерухомых святаў (як Божае Нараджэнне) супадаюць з грыгарыянскім календаром, а рухомых (як Вялікдзень) – з юліянскім. Сёння ім карыстаюцца Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Грэцкая, Канстанцінопальская, Кіпрская і Румынская праваслаўныя цэрквы. А вось Руская, Ерусалімская, Грузінская, Сербская і Польская праваслаўныя цэрквы прытрымліваюцца ўсё яшчэ юліянскага календара.
У РПЦ, часткай якой з’яўляецца і Беларуская праваслаўнай царква, новаюліянскі каляндар спрабавалі ўвесці ў 1923 годзе, але неўзабаве ад гэтай ідэі адмовіліся. Тым не менш, сярод замежных прыходаў РПЦ ёсць тыя, якія карыстаюцца абноўленым календаром.
Ёсць сярод праваслаўных цэркваў і тая, што цалкам перайшла на грыгарыянскі, – Фінляндская.
Але нават сярод каталіцкіх вернікаў ёсць тыя, хто дагэтуль карыстаецца юліянскім календаром. Гаворка перадусім ідзе пра ўкраінскіх грэка-католікаў, якія ў адрозненні ад сваіх беларускіх братоў у веры дагэтуль жывуць паводле «старога стылю». Але ўжо ў хуткім часе сітуацыя зменіцца і тут.
6 лютага 2023 года Сінод УГКЦ абвясціў рашэнне пра пераход на новаюліянскі каляндар. Адбудзецца гэта з 1 верасня, калі ва ўсходніх цэрквах пачынаецца літургічны год. З гэтай даты ўкраінскія грэка-католікі будуць святкаваць нерухомыя святы (Божае Нараджэнне, Хрост Пана, Звеставанне і іншыя) паводле «новага стылю», а Вялікдзень і прывязаныя да яго – паводле «старога». Тым парафіям, што не гатовыя да такой рэформы, дазволілі да верасня 2025 года захоўваць юліянскі каляндар. Дазволілі асобным парафіям змяняць каляндар і ў Праваслаўнай царкве Украіны.
Ці будзе ў хрысціянаў супольны Вялікдзень?
Тым часам Каталіцкі Касцёл і праваслаўныя цэрквы вядуць перамовы адносна супольнага святкавання Вялікадня, на дату якога вельмі моцна ўплывае розніца ў календарах. Пакуль амаль усе праваслаўныя (як тыя, што карыстаюцца юліянскім календаром, так і тыя, што прытрымліваюцца новаюліянскага) адзначаюць свята паводле асобнай ад католікаў пасхаліі.
Як у католікаў, гэтак і ў праваслаўных Вялікдзень святкуецца ў першую нядзелю пасля першай вясновай поўні, якая, у сваю чаргу, адлічваецца ад даты вясновага раўнадзенства – 21 сакавіка. Паколькі розніца паміж «каталіцкім» і «праваслаўным» раўнадзенствам складае 13 дзён, а фазы месяца кожны год розныя, то ў выніку дата Вялікадня ў розных календарах можа адрознівацца ажно на пяць тыдняў. Пры гэтым прыкладна ў 30% выпадкаў католікі і праваслаўныя ўсё ж святкуюць найгалоўнейшае свята ў адзін дзень. Сёлета розніца складзе адзін тыдзень – 9 і 16 красавіка.
Прапановы наконт сумеснай даты святкавання Вялікадня
Як распавёў два гады таму старшыня Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскай еднасці кардынал Курт Кох, праваслаўны Сусветны Патрыярхат перадаў у Ватыкан прапановы наконт сумеснай даты святкавання Вялікадня для ўсіх хрысціян. Паводле яго, гэтая прапанова вельмі спадабалася Папу Францішку і копцкаму Патрыярху-Папу Тавадрасу.
«Вялікдзень – самае вялікае свята хрысціянства. Таму было б цудоўным і важным знакам, калі б мы, хрысціяне, мелі сумесную дату гэтага свята», – распавёў кардынал.
Тады ж кіраўнік Пастаяннага прадстаўніцтва Сусветнага Патрыярхату пры Сусветнай радзе Цэркваў арцыбіскуп Тэльмескі Ёў (Геча) выказаўся за праваслаўную каляндарную рэформу. Чакаецца, што яна можа быць праведзеная з нагоды 1700-й гадавіны Першага экуменічнага Сабору ў Нікеі, што прыпадае на 2025 год. Паводле іерарха, «гэта добрая магчымасць нагадаць хрысціянам аб неабходнасці каляндарнай рэформы і ўсталявання агульнай даты Велікодных святаў, каб гэтак застацца сапраўды вернымі пастановам Экуменічнага Сабору».
Стымулам у гэтым кірунку можа стаць тое, што ў 2025 годзе Вялікдзень і ў католікаў, і ў праваслаўных прыпадае на адзін дзень – 20 красавіка.
Мечыслаў Гапановіч
для друку