Больш за дзвесце гадоў прайшло з таго часу, як была напісана мелодыя калядкі «Ціхая ноч» — адной з самых папулярных і любімых калядак усіх часоў.
23 снежня 1818 года айцец Ёзэф Мор, вікарый каталіцкай парафіі Святога Мікалая ў Оберндорфе (Аўстрыя), назіраў, як група акцёраў грае калядны спектакль. Гэты спектакль павінен быў адбыцца ў касцёле, але яго вымушана перанеслі ў дом аднаго з парафіянаў, бо ў касцёле не працаваў арган.
Пасля спектакля а. Мор пайшоў дадому, разважаючы над біблейскай гісторыяй аб нараджэнні Езуса. На гэты раз ён выбраў незвычайны шлях і выйшаў на вяршыню пагорка, адкуль адкрыўся цудоўны від: заснежаная вёска.
Гэтая спакойная і ўтульная карціна нагадала яму верш пра Дзіцятка Езуса, які ён напісаў два гады таму. Легенда абвяшчае, што гэта натхніла яго пакласці свой верш на музыку, паколькі ён вырашыў, што гэта можа быць добрай песняй для сустрэчы напярэдадні Каляд.
З гэтай думкай айцец Мор накіраваўся да арганіста сваёй парафіі Франца Ксаверыя Грубера. Паколькі арган не працаваў, ім давялося ўзяць у рукі гітару. Грубер прыдумаў мелодыю за некалькі гадзін, і ўпершыню яе выканалі 24 снежня 1818 года ў касцёле Святога Мікалая.
Пасля таго, як арган быў адрамантаваны, Карл Морахер, вядомы арганны майстар, папрасіў Грубера апрабаваць яго. Ён зайграў «Ціхую ноч», і Морахеру так спадабалася калядка, што ён узяў яе з сабой у родную вёску Капфінг.
Праз некаторы час гэту песню пачулі і закахаліся ў яе добра вядомая ў той час сям’я спевакоў Рэйнеры і Штраcсеры. Яны дадалі яе ў рэпертуар сваіх калядных выступленняў, і так яна пачала распаўсюджвацца па Еўропе.
У 1834 годзе сёстры Штрассер выканалі калядку перад каралём Прусіі Фрыдрыхам Вільгельмам IV, пасля чаго ён папрасіў свой саборны хор кожны год спяваць яе напярэдадні Калядаў. А праз дваццаць гадоў Райнеры прывезлі «Ціхую ноч» у ЗША, праспяваўшы яе каля помніка Гамільтану ў Нью-Ёрку.
У рэшце рэшт песня распаўсюдзілася па свеце, была перакладзена на многія мовы і стала адной з самых любімых калядак у гісторыі і вядомым сімвалам Божага Нараджэння.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач