Як перажыць духоўны крызіс? Адказвае ксёндз Артур Ляшнеўскі

Сучасны чалавек штодня сутыкаецца з крызісамі, якія закранаюць сямейнае, працоўнае або духоўнае жыццё. У крызісныя моманты асоба адчувае выгаранне, бессэнсоўнасць сваёй дзейнасці. Хтосьці хутка выходзіць з гэтага стану, а для кагосьці патрэбны час, каб пераадолець цяжкія думкі і апатыю. Зразумела, што ў сямейным жыцці справіцца з наступствамі дапамагаюць родныя і блізкія людзі, на працы – калегі. А вось духоўны крызіс часам пакідае асобу сам-насам з перажываннямі і сумненнямі. Чаму ўзнікаюць духоўныя крызісы і як іх пераадолець? Гэтыя пытанні мы задалі ксяндзу Артуру Ляшнеўскаму, пробашчу парафіі святога Міхаіла Арханёла ў Смаргоні.

– Хвала Хрысту! Ксёндз Артур, якія ёсць “сімптомы” духоўнага крызісу? Як яго распазнаць?

– Хвала навекі! Я не псіхолаг. Аднак пастараюся выявіць гэтыя сімптомы, зыходзячы з вопыту духоўнага кіраўніцтва, споведзі і звычайных адносін з людзьмі. На маю думку, яны наступныя:

  1. Глыбокае пачуццё спустошанасці. Рэчы, якія некалі прыносілі радасць і задавальненне, больш не маюць той жа прывабнасці.
  2. Моцнае пачуццё трывогі. З’яўляецца мноства цяжкіх эмоцый: ад усёпаглынальнага страху і няўпэўненасці да глыбокага смутку, дэпрэсіі і гора.
  3. Страта веры ці духоўнай сувязі. Перакананні і малітоўныя практыкі, якія калісьці былі абгрунтаванымі, пачынаюць здавацца пустымі ці непатрэбнымі. Напачатку людзі перастаюць маліцца асабіста, пазней – спавядацца і нарэшце хадзіць у касцёл.
  4. Пачуццё глыбокай адзіноты ці ізаляцыі. Нават калі “крызісны” чалавек акружаны блізкімі людзьмі, ён можа адчуваць сябе зусім самотным у сваіх перажываннях.
  5. Патрэба ў адзіноце і самааналізе. Вернікі раптам пачынаюць адчуваць неабходнасць адысці ад знешняга свету, каб правесці час у адзіноце і самааналізе.
  6. Страта цікавасці да матэрыяльных рэчаў. Тое, што калісьці было важным (матэрыяльныя даброты, статус, хобі або кар’ера), можа страціць сваю прывабнасць.
  7. Глыбокае жаданне змен ці трансфармацыі. Узнікае імкненне адкінуць старое і прыняць новае, знайсці больш глыбокае пачуццё сэнсу і мэты.

– Што з’яўляецца прычынай духоўнага выгарання і крызісу?

– Прычыны духоўнага крызісу могуць быць самыя розныя, але іх можна аб’яднаць у некалькі груп:

  1. Разбурэнне ілюзій – пра сябе, свет, Бога, Касцёл, блізкіх. Чалавек нібы ўбачыў рэальнасць іншымі вачыма, і гэтая рэальнасць яго шакавала.
  2. Страты – блізкіх, сяброў, жылля, бяспекі, грошай.
  3. Фізічныя выпрабаванні – хвароба, няшчасны выпадак, празмерныя нагрузкі, сэксуальны гвалт. Сюды таксама я магу аднесці і розныя залежнасці, барацьба з якімі не прынесла плёну.

– Многія людзі, якія актыўна практыкавалі веру, часам зазначаюць, што ў крызісныя моманты не могуць маліцца. Гэта заганяе асобу ў яшчэ большую дэпрэсію і апатыю. Чалавек пачынае абвінавачваць сябе, бо разумее, што раней малітоўная практыка была для яго простай. Што рабіць у такім выпадку?

– Гэта адзін з сімптомаў крызісу веры. Галоўны вораг тут сатана – гэта яго стаадсоткавая зацікаўленасць знішчыць нас духоўна. Як мы ведаем з Бібліі, малітва – гэта самы надзейны спосаб перамагчы дэмана. Таму ўсё «не хочацца, не бачу сэнсу ў гэтым і г.д.» перамагаюцца толькі адным спосабам: рэгулярным пераадоленнем сябе і перакананнем у тым, што малітва не проста карысная ці патрэбная, а жыццёва неабходная. Праз яе мы вучымся знаходзіцца ў зносінах з Тым, у Кім для нас заключана ўсё – і жыццё, і паўната, і шчасце. Адзін з выкрутаў ворага (д’ябла) – пераканаць нас у тым, што малітва няўважлівая, у якую ўвесь час укліньваюцца думкі пра штосьці іншае, з’яўляецца несапраўднай, а значыць, сэнсу ў ёй ніякага. Тым больш, калі здзяйсняецца яна не ад усяго сэрца, а з прымусам сябе, з абавязку. Браты і сёстры! Гэта шэпт сатаны! Не слухайце яго! Без малітвы немагчыма выйсці з крызісу духа і веры, таму яе так атакуе зло. Я заўсёды раю пенітэнтам маліцца, нягледзячы на эмоцыі і пачуцці. Малітва, зрэшты, не на гэтым грунтуецца. Гэта як хворы на анкалогію адкідае лячэнне. Смерць у такім выпадку – пытанне часу…

– Часам духоўны крызіс выклікае нейкае здарэнне: смерць блізкай асобы або асабістая хвароба. Чалавек адчувае боль, расчараванне і дыстанцуецца ад Бога. Як вярнуцца да ранейшага балансу? Што для гэтага патрэбна?

– Тут патрэбныя тры рэчы: рэгулярнае сакрамантальнае жыццё, падтрымка сяброў і зносіны з імі, а таксама хобі.

– Некаторыя псіхолагі лічаць, што любыя крызісныя моманты сведчаць пра рост асобы. З іх дапамогай чалавек набывае новы вопыт, спасцігае невядомае. На Ваш погляд, духоўны крызіс прыводзіць да росту і развіцця або, наадварот, да дэградацыі?

– Безумоўна да развіцця! Многія святыя прайшлі праз духоўныя крызісы (“цёмныя ночы” душы). Гэты досвед зрабіў іх веру нязломнай. Духоўны крызіс уяўляе сабой стан унутранага разладу і пошуку, калі чалавек пачынае сумнявацца ў сваіх перакананнях, каштоўнасцях і жыццёвым шляху. Гэта перыяд, калі традыцыйныя ўстаноўкі пачынаюць рассыпацца, а раней выразная выява будучыні траціць сваю вызначанасць. Важна ўсвядоміць, што духоўны крызіс не з’яўляецца прыкметай слабасці ці няўдачы, а наадварот, можа служыць ключом да глыбокага пераўтварэння і росту. Гэта час, калі чалавек задае сабе пытанні, што сапраўды важна ў яго жыцці і што прыносіць яму сапраўднае задавальненне. Аднак гэта магчыма, калі асоба будзе займацца пошукам, а не аплакваннем сябе і свайго стану…

– Якія парады і рэкамендацыі Вы можаце даць асобам, каторыя ў гэты час перажываюць крызісныя моманты ў духоўным жыцці?

– Аналізуйце. Разбярыцеся ў сваіх пачуццях. Паспрабуйце ўсвядоміць, што менавіта выклікала духоўны крызіс. Памятайце, што ўсведамленне сваіх пачуццяў і думак – гэта першы крок да пераадолення духоўнага крызісу.

Знайдзіце суправаджэнне: звярніцеся да святара, папрасіце пра параду, пра духоўнае кіраўніцтва і бласлаўленне. Маліцеся і часта наведвайце касцёл.

Чытайце Біблію. Апостал Павел у пасланні да Эфесцаў кажа пра вельмі важную духоўную зброю – “меч духоўны, якім ёсць слова Божае”. І гэта фенаменальна! Людзі заўсёды шукаюць чагосьці надзвычайнага і духоўна эксклюзіўнага. Аднак нязменным ёсць меч – Біблія, якая не проста цікавая і класная, яна збаўляльная! Таму ўсім маім пенітэнтам я заўсёды выпісваю гэты духоўны лек, бо ведаю па сабе: ён дапамагае!

Служыце. Дапамагайце іншым людзям. Дапамога дасць магчымасць знайсці сэнс і мэту ў жыцці. Апостальскае служэнне вылечвае большасць сімптомаў духоўнага крызісу. Калі асоба кажа пра духоўную млявасць, я звычайна клічу яе ў араторый, бо ўпэўнены, што служэнне іншым аздараўляе!

– Дзякуй за размову!

Гутарыла Марта Венславовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі